Сяргея Каваленку пачалі прымусова выводзіць з галадоўкі. 17 сакавіка Алена Каваленка заявіла, што збіраецца абскарджваць такія дзеянні адміністрацыі мінскага ізалятара.

«Гэта не лячэнне, а катаванні», — кажа Алена Каваленка пра тое, што ў выніку гвалтоўных дзеянняў Сяргею Каваленку паставілі кропельніцу, пасля чаго ў яго ўтварылася гематома на руцэ.

Таксама Алена Каваленка будзе абскарджваць рашэнне аб прымусовым абследаванні мужа ў псіхіятрычнай лякарні. Жонка вязня працытавала ліст, які атрымала з Дэпартамента выканання пакаранняў:

«”14.03.2012 года Каваленка С. А. агледжаны дацэнтам кафедры псіхіятрыі і наркалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Выстаўлены дыягназ — расстройства адаптацыі. Рэкамендавана псіхіятрычнае абследаванне на прадмет удакладнення дыягназу і магчымага лячэння з мэтай прадухілення наступстваў, якія небяспечныя для здароўя. На падставе рэкамендацый зараз вырашаецца пытанне аб далейшым лячэнні Каваленкі С. А. у псіхіятрычнай лячэбнай установе з мэтай спынення адмовы ад прыёму ежы”. Атрымліваецца, што ў звычайны шпіталь яго не кладуць, а збіраюцца пакласці ў псіхушку і зрабіць з яго вар’ята. Гэта я лічу працягам катаванняў і здзекам».

Каваленку прымусова робяць ін’екцыі
19 сакавіка з палітвязнем Сяргеем Каваленкам у турме на вуліцы Валадарскага сустрэўся ягоны брат Віталь Каваленка і сямігадовы сын Валянцін. Пасля спаткання Віталь Каваленка паведаміў, што Сяргей амаль цалкам ляжачы і з цяжкасцю прыйшоў у пакой для спаткання.

«Яго пакуль гвалтоўна не кормяць, а проста абколваюць лекамі. Гэта робяць у камеры ў прысутнасці васьмі міліцыянераў. Гэта супраць ягонай волі, ён увогуле адмаўляецца, каб яму штосьці калолі, ці што. Я запытаўся, чым абколваюць, а ён кажа — мне зусім невядома, што мне колюць. Ён стаў пачувацца яшчэ горш пасля таго, як яго пачалі выводзіць з галадоўкі. Каля ягонай камеры дзяжураць двое, а ў камеры — яшчэ адзін, як лічыць Сяргей, адмыслова падсаджаны зняволены. Як паведаміў Сяргей, сёння ранкам была такая сітуацыя, што ён праз сон пачуў, як да іх у камеру зайшоў міліцыянт і сказаў гэтаму зэку, што, маўляў, на судзе скажы, што Каваленка з табой еў».

Сям’я Сяргея Каваленкі занепакоеная ягоным прымусовым вывадам з галадоўкі. Родныя дамагаюцца ад турэмнага кіраўніцтва пераводу Сяргея ў цывільны шпіталь. Сёння гэта не робіцца адмыслова, перакананая маці Сяргея — Лідзія Каваленка:

«Калі яны ўзяліся яго ратаваць, то няхай ратуюць пісьменна і як мае быць. Яго належыць зараз у рэанімацыю змяшчаць, але ім сорам паказаць у шпіталі, у якім стане знаходзіцца мой сын. Таму яго і ізалююць ад грамадства і ад людзей».

“Каб перакінуць нагу праз лаўку, дапамагаў сабе рукамі”
21 сакавіка на спатканне з Сяргеем Каваленкам хадзіла яго жонка Алена Каваленка. Яна згадала, што Сяргей прыйшоў на спатканне больш як на 5 хвілін пазней, чым усе астатнія вязні, якія адначасова з ім сустракаліся са сваякамі:

 «Нават сам міліцыянт сказаў, што пачакайце, зараз ён дойдзе, бо яму цяжка. Я была з дачкой. Прыйшоў вельмі худы, вельмі слабы і знясілены. Відавочна, што цяжка яму рабіць рухі, нага амаль не рэагуе. Каб перакінуць нагу праз лаўку, дапамагаў сабе рукамі. Колер скуры жоўты. Тэмпература вагаецца паміж 35,1–35,2. Вага тры дні таму была 50 кілаграмаў, больш не ўзважвалі. Аддзялення сліны ўжо няма. Кропельніцы яму ставяць па-ранейшаму прымусова, як прывязваюць да ложка. 8 чалавек пры гэтым прысутнічае. Каля камеры, дзе яго трымаюць, трывала дзяжураць два супрацоўнікі, усю ноч гучна размаўляюць. Кажа — можа, гэта наўмысна робяць, каб пазбавіць яго адпачынку?»

 Алена Каваленка сказала, што муж па-ранейшаму не збіраецца спыняць галадоўку і заяўляе, што будзе працягваць змаганне за справядлівасць.

***
Галадоўку Сяргей Каваленка аб’явіў 20 снежня мінулага года. З таго часу ён згубіў 30 кг вагі. Актывіст галадуе на знак пратэсту супраць свайго затрымання і крымінальнага пераследу: супрацоўнікі крымінальна-выканаўчай інспекцыі ініцыявалі супраць яго справу за парушэнне рэжыму «хатняй хіміі» — умоўнага пакарання, прысуджанага за бел-чырвона-белы сцяг, вывешаны на гарадской навагодняй ёлцы ў 2010 годзе.

Сяргей Каваленка працягвае галадоўку, дамагаючыся пераводу ў цывільны шпіталь і скасавання прысуду.

Артыкулы па тэме

Беларус працягвае галадаваць за сцяг

Галадоўка як пратэст супраць пераследу

Ціск і пагрозы для жыцця і здароўя – навіны пра беларускіх палітвязняў