9 кастрычніка суддзя Мінскага гаспадарчага суда Алег Клюйко пастанавіў задаволіць пазоў падатковай інспекцыі да «Платформы» і закрыць арганізацыю. Праваабаронцам паставілі ў віну парушэнне парадку справаздачнасці і тое, што іхні офіс нібыта не знаходзіўся на пазначаным у дакументах юрыдычным адрасе. Менш як за дзве гадзіны разбору суд пастанавіў «Платформу» ліквідаваць. Андрэй Бандарэнка, кіраўнік арганізацыі і былы палітвязень, заявіў, што для яго такое рашэнне суда было чаканым:
«Мы на сваім прыкладзе гатовыя зараз прадставіць свету тое, што адбываецца ў Беларусі і якім чынам адбываецца ціск на праваабарончыя арганізацыі. Каб пазбавіць прадстаўнікоў Беларусі ў ААН, у АБСЕ і гэтак далей магчымасці казаць, што ў Беларусі цалкам выконваюцца правы як грамадскіх арганізацый, гэтак і правы пэўнага чалавека».
Праваабаронцы назвалі гэтае рашэнне выкананнем загаду на ліквідацыю арганізацыі, якая абараняла правы вязняў. Так, кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Беларускі Хельсінкскі камітэт» Алег Гулак заявіў, што закрыццё з’яўляецца спробай ціску на грамадзянскую супольнасць Беларусі:
«Як звычайна, для пераследу структур грамадзянскай супольнасці выкарыстоўваюцца фармальныя парушэнні, да прыкладу, падатковага заканадаўства. На маю думку, у здаровы сэнс не ўпісваецца ліквідацыя арганізацыі за падобныя парушэнні. Тым больш іх дастаткова ў іншых арганізацыях, і відавочна, што ва ўладаў няроўны падыход да гэтых арганізацый. Відавочна, што галоўнай матывацыяй была актыўнасць „Платформы“, і гэта яшчэ адзін факт ціску на структуры грамадзянскай супольнасці».
Праваабаронцы, між тым, не збіраюцца здавацца і пішуць скаргі . «Мы падалі ў адпаведны тэрмін скаргу ў апеляцыйную інстанцыю Мінскага гаспадарчага суда. Спадзяемся на разгляд скаргі ў вызначаны законам тэрмін, але адзначаем, што ўжо атрымалі і паведамленне пра стварэнне ліквідацыйнай камісіі, якая зоймецца ліквідацыяй „Платформы“. Вось гэтак — рашэнне суда яшчэ не ўступіла ў сілу, а ліквідацыйная камісія ўжо пачынае дзейнічаць», — пракаментавала сітуацыю актывістка «Платформы» Алена Красоўская-Каспяровіч.
Пра закрыццё «Платформы» былі праінфармаваныя таксама і еўрапейскія структуры і ААН. Так, інфармацыйна-асветніцкая ўстанова накіравала зварот спецдакладчыку ААН па праваабаронцах Маргарэт Секагія. У лісце арганізацыя заявіла пра факты ціску і пераследу праваабаронцаў у Беларусі, у прыватнасці — у дачыненні да «Платформы» і яе кіраўніка Андрэя Бандарэнкі. Гаворка ідзе перш за ўсё пра судовае рашэнне аб закрыцці арганізацыі і пра ціск з боку праваахоўных органаў на Андрэя Бандарэнку. «Платформа» таксама заклікала спецпрадстаўніка ААН звярнуць увагу на ціск у дачыненні да беларускіх праваабаронцаў, уступіць у камунікацыю з урадам Беларусі дзеля прадухілення падобнага пераследу, а таксама заклікала прыехаць у Беларусь з візітам, каб дэталёва азнаёміцца з сітуацыяй.
Артыкулы па тэме
Выканаўчы дырэктар Фонду Дамоў правоў чалавека Марыя Дале пра Алеся Бяляцкага: «Чалавек волі»
Сетка Дамоў правоў чалавека заклікае беларускія ўлады вызваліць Алеся Бяляцкага
4 жніўня – Міжнародны Дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю і праваабарончым рухам Беларусі