У адносінах з афіцыйным Мінскам Еўрасаюз вырашыў захаваць статус-кво, падоўжыўшы яшчэ на год ранейшыя візавыя і эканамічныя санкцыі, ніяк не аслабіўшы і не ўзмацніўшы іх. Міністры замежных спраў краін Еўрасаюза на супольным пасяджэнні аргументавалі сваё рашэнне тым, што не ўсе беларускія палітвязні вызваленыя і ніводзін з вызваленых не быў рэабілітаваны, а таксама адсутнасцю паляпшэння ў плане павагі да правоў чалавека, законнасці і дэмакратычных прынцыпаў. Рада Еўрасаюза вырашыла падоўжыць цяперашнія абмежавальныя захады да 31 кастрычніка 2013 года, пакінуўшы магчымасць іх далейшага перагляду.
На гэты момант санкцыі дзейнічаюць у дачыненні да 243 асобаў, у тым ліку Аляксандра Лукашэнкі і ягоных старэйшых сыноў, а таксама 32 кампаній, якія належаць набліжаным да Аляксандра Лукашэнкі бізнесоўцам Юрыю Чыжу, Уладзіміру Пефціеву і Анатолю Тарнаўскаму. Ім забаронена выдаваць еўрапейскія візы, і іх актывы на тэрыторыі Еўрасаюза павіны быць замарожаныя.
Рада Еўрасаюза звярнула ўвагу на тое, што мінулыя выбары ў Палату прадстаўнікоў прайшлі на фоне рэпрэсіяў і сталіся для Беларусі яшчэ адной страчанай магчымасцю правесці кампанію адпаведна стандартам АБСЕ. Рада Еўрасаюза назвала пазітыўным сігналам вызваленне Сяргея Каваленкі і зноў заклікала ўлады Беларусі вызваліць і рэабілітаваць усіх палітвязняў, спыніць уціск грамадзянскай супольнасці, апазіцыі і незалежных СМІ, а таксама дазволіць аднавіць працу офіса АБСЕ ў Мінску ды супрацоўнічаць з новым спецдакладчыкам ААН па праблеме правоў чалавека ў Беларусі.
Апрача таго, Рада Еўрасаюза выказала гатоўнасць працягваць падтрымку грамадзянскай супольнасці Беларусі і заявіла пра гатоўнасць пачаць дыялог наконт аблягчэння візавага рэжыму з Беларуссю, хоць Мінск дагэтуль не адрэагаваў на адпаведныя прапановы, якія прагучалі ў чэрвені мінулага года.
Высокая прадстаўніца Еўрасаюза ў пытаннях знешняй палітыкі і палітыкі бяспекі Кэтрын Эштан (на фота) сказала журналістам пасля заканчэння пасяджэння Рады Еўрасаюза, на якім Брусель падоўжыў санкцыі супраць Мінска:
«Мы хочам бачыць, і пра гэта гаварылі ўсе, вызваленне і рэабілітацыю ўсіх палітычных вязняў, перш чым перагледзець нашу палітыку ў станоўчы бок. Мы хочам бачыць дэмакратычную, паўнавартасную Беларусь, і мы гатовыя падтрымліваць любыя станоўчыя зрухі, але мы таксама будзем рэагаваць на далейшае пагаршэнне сітуацыі. Мы яшчэ раз паўтараем, што выбар застаецца за Беларуссю».
Афіцыйны Мінск: «Палітыка ЕС несумяшчальная з добрасуседскімі ўзаемаадносінамі»
«Беларускі бок не будзе паддавацца ціску. Мы лічым, што такая палітыка ЕС несумяшчальная з добрасуседскімі ўзаемаадносінамі. Пераадоленне існуючых рознагалоссяў магчымае толькі на аснове руху бакоў насустрач адзін аднаму», – заявіў прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных.
Беларусь заклікае ЕС адмовіцца ад «санкцыйнага мыслення і ў сваю чаргу зрабіць захады па аднаўленні атмасферы ўзаемнага даверу».
«Беларускі бок заяўляе пра сваю прынцыповую зацікаўленасць у канструктыўным і паважлівым дыялогу з ЕС і гатовы да сумеснай працы ў гэтым напрамку», – падкрэсліў прэсавы сакратар МЗС Беларусі.
Артыкулы па тэме
Выканаўчы дырэктар Фонду Дамоў правоў чалавека Марыя Дале пра Алеся Бяляцкага: «Чалавек волі»
У новым беларускім парламенце не будзе ніводнага прадстаўніка апазіцыі
Чым бліжэй выбары, тым большы ціск на грамадзянскую супольнасць Беларусі