Справа Алеся абурыла ўвесь свет і стала яшчэ адным з мноства прыкладаў таго, як беларускі рэжым падаўляе грамадзянскую супольнасць. Алесь на працягу многіх гадоў змагаўся за адмену смяротнага пакарання, дапамагаў ахвярам палітычных рэпрэсій і палітычным зняволеным абараняць свае правы, выступаў супраць законаў, якія забараняюць праваабарончую дзейнасць. У выніку ён сам стаў палітвязнем.

Алесь, які ўзначальвае праваабарончы цэнтр «Вясна», заўсёды быў адным з самых паслядоўных крытыкаў рэжыму Лукашэнкі. У сувязі з гэтым улады ў 2003 годзе зачынілі арганізацыю, якой з таго часу прыйшлося сысці ў падполле. Алесь з тых, хто змагаецца супраць несправядлівасці мірнымі спосабамі і спрабуе прынесці змены ў сістэму, якая зрабіла Беларусь самай ізаляванай дзяржавай Еўропы.

Гэтая ізаляцыя працягваецца. Сёлета адзін за адным з Мінска былі адпраўленыя дадому паслы Польшчы, ЕС і Швецыі. Адказ ЕС на пастаянныя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі – новыя санкцыі, накіраваныя менавіта супраць прадстаўнікоў палітыка-эканамічнай эліты краіны. У цяперашні час ужо больш за дзвесце высокапастаўленых асобаў, многія з якіх нясуць адказнасць за падаўленне грамадзянскіх свабод і пераслед змагароў за дэмакратыю, пазбаўленыя права ўезду ў краіны ЕС.

Парламенцкія выбары, якія прайшлі ў верасні ў Беларусі, паказалі, што няма ніякіх прыкмет паслаблення дыктатарскай хваткі Лукашэнкі. Набліжаныя Лукашэнкі будуць па-ранейшаму мець поўны кантроль над усімі заканадаўчымі і выканаўчымі органамі ўлады. Апазіцыя заклікала да байкоту выбараў і раіла выбаршчыкам ісці ў лес за грыбамі ў дзень выбараў замест таго, каб галасаваць.

Мяркуючы па ўсім, прыступы лютасці, а не рэформы з’яўляюцца адзінай рэакцыяй прэзідэнта на патрабаванні міжнароднай супольнасці выконваць правы чалавека. Пасля таго як сёлета ў ліпені двое шведскіх актывістаў падчас палёту на аднаматорным самалёце скінулі 876 плюшавых мішак-парашутыстаў над Беларуссю, а з імі і ўлёткі ў падтрымку свабоды слова і дэмакратыі, былі звольненыя кіраўнікі беларускіх ВПС і пагранічных войскаў. Пасольства Швецыі, якое акрамя ўсяго іншага актыўна падтрымлівала мясцовых праваабаронцаў, было закрытае. Беларускіх дыпламатаў у Швецыі адклікалі на радзіму.

Нягледзячы на ​​тое, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пагаршалася, Алесь знаходзіў сілы і энергію, каб прымаць актыўны ўдзел у абароне правоў чалавека і ў іншых краінах. Гэтая праца зрабіла яго шырокавядомым, Алесь быў уганараваны шматлікімі ўзнагародамі. Так, у 2006 годзе Алесь атрымаў прэмію Homo Homini («Чалавек чалавеку») з рук Вацлава Гавела, а таксама Прэмію свабоды імя Сахарава Нарвежскага Хельсінкскага камітэта; шведскі ўрад узнагародзіў яго прэміяй імя Пера Ангера, а ў 2011 годзе ён быў удастоены прэміі свабоды слова нарвежскага саюза пісьменнікаў. Многія захапляюцца яго мужнасцю. У тым ліку і яго праціўнікі.

Арышт Алеся і вынесены прысуд не сталі нечаканасцю ні для супольнасці праваабаронцаў, ні для яго самога. На працягу многіх гадоў беларускія ўлады спрабавалі яго зламаць, абылгаць і перашкодзіць Алесю і яго паплечнікам развіваць дэмакратыю і свабоду слова ў Беларусі. Калі мы сустрэлі Алеся ў Беларускім доме правоў чалавека ў выгнанні ў Вільні ў ліпені мінулага года, следства супраць яго ўжо было распачатае і Алесю пагражаў арышт. Мы сустракаліся, каб абдумаць план далейшых дзеянняў. Алесь, са сваёй звыклай лёгкай іскрынкай у вачах, сказаў нам: «Я шмат насіў футболак з фотаздымкамі палітвязняў. Магчыма, хутка і мая чарга будзе».

Беларускія праваабаронцы ганарацца Алесем і лічаць яго сваім годным прадстаўніком. Гэта шчодры чалавек з тонкім гумарам, мяккі ў абыходжанні, але рашучы ў сваёй справе. Менавіта дзякуючы гэтай рашучасці, гонару і ўпартасці Алесь не захацеў эміграваць. Ён хацеў жыць дома ў Мінску са сваёй жонкай і сынам, ён хацеў працаваць непасрэдна ў офісе «Вясны». Алесь не здзейсніў нічога крымінальнага або незаконнага. «Захочуць арыштаваць мяне за маё легітымнае права працаваць на карысць правоў чалавека – дык няхай. Мы ўсё роўна пераможам у рэшце рэшт», – казаў ён з непарушным спакоем.

Санкцыі з’яўляюцца эфектыўнай мерай, і міжнародная супольнасць павінна праводзіць жорсткую палітыку адносна Беларусі. Пасля паўтарагадовай падрыхтоўчай работы ААН прыняла рэзалюцыю, якая прадугледжвае прызначэнне спецдакладчыка па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Акрамя АБСЕ, ААН з’яўляецца адзіным міжнародным форумам, на якім прадстаўлена Беларусь, і перад спецдакладчыкам ААН стаіць вельмі важная, хоць і складаная задача. Дзяржавы, якія ўваходзяць у ААН, павінны запатрабаваць, каб спецдакладчык атрымаў дазвол наведаць Беларусь і даклаў ААН аб стане грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ і праваабаронцаў у краіне.

Наш падарунак Алесю на яго 50-годдзе – гэта паштоўка. Сумесна з праваабаронцамі з усяго свету мы на працягу апошняга тыдня дасылалі Алесю віншаванні ў калонію, дзе ён утрымліваецца. Такім чынам мы паказваем Алесю, што мы не забыліся пра яго і што барацьба за дэмакратычныя рэформы ў Беларусі працягваецца. Але гэтага недастаткова. Мы ведаем, што Алеся асабліва строга караюць у турме проста за тое, што ён – Алесь Бяляцкі. Абмежаванне правоў на медыцынскую дапамогу, харчаванне і зносіны спрычынілася да крытычнага стану здароўя Алеся. Міжнародная супольнасць павінна актыўна садзейнічаць таму, каб Беларусь стала прыярытэтным пытаннем на парадку дня і каб Алесь і астатнія 11 палітвязняў у Беларусі былі неадкладна вызваленыя.

Марыя Дале, выканаўчы дырэктар Фонду дамоў правоў чалавека

Артыкулы па тэме

Сетка Дамоў правоў чалавека заклікае беларускія ўлады вызваліць Алеся Бяляцкага

Сетка Дамоў правоў чалавека віншуе Алеся Бяляцкага з 50-годдзем!

4 жніўня – Міжнародны Дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю і праваабарончым рухам Беларусі