Сталі вядомыя вынікі парламенцкіх выбараў, якія 23 верасня прайшлі ў Беларусі. «У першым туры абраныя 109 дэпутатаў. Не абраны дэпутат толькі па Навабеліцкай акрузе ў Гомелі», — распавяла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына (на фота).

Справа ў тым, што ў Навабеліцы нечакана зняўся перад выбарамі афіцыйны вылучэнец, памочнік прэзідэнта Пракапенка. У акрузе застаўся толькі адзін вылучэнец ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі. Па сцверджанні Ярмошынай, выбары па акрузе адбыліся, але людзі прагаласавалі супраць кандыдата.

«Будуць перавыбары. Найхутчэй, сумешчаныя з мясцовымі выбарамі», — адзначыла старшыня ЦВК. 

У іншых акругах кандыдаты былі абраныя ў першым туры. Стала вядома, што нікога з апазіцыі ў парламенце не будзе.

Аднак прадстаўнікі стваранай партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» лічаць, што выбары ў Палату прадстаўнікоў не адбыліся. У сваёй выніковай справаздачы па выбарах БХД заявіла, што яўка па краіне склала 44,7%, а ў Мінску — 39,4%.

«Такім чынам, у цэлым „выбары“ па краіне не адбыліся. Да таго ж факт, што амаль 18% выбаршчыкаў, па дадзеных незалежных назіральнікаў, былі загнаныя на ўчасткі прымусова падчас датэрміновага галасавання і самі б у выбарах, хутчэй за ўсё, не ўдзельнічалі», — адзначае БХД.

У той жа час, па дадзеных ЦВК, у цэлым па Беларусі яўка выбаршчыкаў склала 74,3%. Каментуючы інфармацыю незалежных назіральнікаў аб завышэнні яўкі выбаршчыкаў сябрамі камісій, Ярмошына адзначыла, што ЦВК давярае толькі пратаколам выбаркамаў.

Назіральнікі не давяраюць выбарам

Незалежныя назіральнікі заявілі пра шматлікія парушэнні ў часе датэрміновага галасавання, а таксама пра тое, што падліковыя камісіі праз розныя махінацыі падвышалі яўку на выбарчых участках. Актывісты кампаніі «За справядлівыя выбары» называюць сёлетнюю парламенцкую кампанію «самай нахабнай» у параўнанні з усімі папярэднімі, у першую чаргу маючы на ўвазе перашкоды, якія ствараюць дзяржаўныя органы дэмакратычным кандыдатам і назіральнікам ад апазіцыі.

Так, прадстаўнік партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Дзяніс Садоўскі паведаміў, што ўпершыню ў выбарчай гісторыі Беларусі зафіксаваная так званая «карусель», відавочна, запазычаная ў Расіі: спосаб фальсіфікацыі, калі людзі ходзяць па выбарчых участках, галасуюць па некалькі дзясяткаў разоў, ствараючы бачнасць высокай яўкі. Асобныя «хадакі» атрымліваюць за гэта харчовыя пайкі і талоны на бясплатнае харчаванне ў выбарчых кавярнях.

Кіраўнік партыі аб’яднаных левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін (на фота), у сваю чаргу, абвяргае лічбы, агучаныя старшынёй Цэнтрвыбаркаму Лідзіяй Ярмошынай, якая сказала, што паступілі толькі дзве афіцыйныя скаргі на хаду датэрміновага галасавання. Ён сцвярджае, што толькі праз кампанію «За справядлівыя выбары» сістэматызавана больш за сотню скаргаў, а агульная колькасць, як мінімум, удвая большая.

Паводле спадара Калякіна, на 239 участках незалежным назіральнікам увогуле не была прадстаўленая інфармацыя пра колькасць тых, хто прагаласаваў датэрмінова, а на 87 участках зафіксаваныя сур’ёзныя разыходжанні ў лічбах — колькасць выбарцаў у асобных выпадках зменшаная на тысячу чалавек і болей.

Зафіксаваныя таксама і масавыя факты прымусовага згону на датэрміновае галасаванне. Перадусім гэта тычыцца іншагародніх студэнтаў мінскіх ВНУ, якіх выправілі са сталіцы яшчэ ў пятніцу, зрабіўшы выходным нават панядзелак. У шэрагу навучальных установаў яўка склала 95%.

Не адстаюць і працоўныя буйных вытворчых аб’яднанняў. Пра прымусовасць галасавання сведчыць ужо тое, што многія працоўныя прасілі ў сябраў камісіяў даведкі, каб не было праблемаў са «справаздачай начальству».

Апазіцыя таксама выбарам не верыць

Пяць апазіцыйных партый і рухаў выступілі з супольнай заявай наконт выбараў у Палату прадстаўнікоў. Заяву падпісалі прадстаўнікі Партыі Беларускі Народны Фронт, Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), руху «За Свабоду» і грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду».

На іх думку, парламенцкія выбары ў Беларусі нельга назваць празрыстымі і дэмакратычнымі, бо ўлады ўмешваліся ў выбарчы працэс, а таксама ціснулі на кандыдатаў ад апазіцыі і іх прыхільнікаў.

Прадстаўнікі апазіцыі таксама заяўляюць, што падчас датэрміновага галасавання былі выяўленыя факты масавага ўціску на асобаў, залежных ад улады праз навучанне ў дзяржаўных адукацыйных установах або працу на дзяржаўных прадпрыемствах. Акрамя таго, апазіцыя звяртае ўвагу на ўжыванне цэнзуры, у тым ліку зняццё з эфіру ўжо запісаных выступаў зарэгістраваных кандыдатаў. Згадваецца і тое, што адбываліся арышты ўдзельнікаў пікетаў у дазволеных законам месцах.

Прывёўшы факты парушэнняў падчас кампаніі, лідары пяці партый і арганізацый зрабілі выснову, якую агучыў старшыня Беларускага Народнага Фронту Аляксей Янукевіч (на фота):

«Гэта дае нам права зараз, незалежна ад вынікаў галасавання, якія будуць абвешчаныя камісіямі, куды не ўключылі прадстаўнікоў апазіцыйных палітычных структураў, і да абвяшчэння гэтых вынікаў, не прызнаваць выбары ў Палату прадстаўнікоў 2012 года роўнымі, празрыстымі і дэмакратычнымі. Мы звяртаемся таксама да міжнародных арганізацыяў, чальцом якіх з’яўляецца Рэспубліка Беларусь, з заклікам узмацніць палітыку ўздзеяння на ўрад Беларусі з мэтай спыніць палітычныя рэпрэсіі, вызваліць усіх палітычных зняволеных».

Артыкулы па тэме

У першы дзень датэрміновага галасавання ў Мінску жорстка разагнаны пікет (абноўлена)

Беларускія ўлады супраць заклікаў да байкатавання выбараў

Перад выбарамі КДБ зацікавіўся сацыяльнымі сеткамі