Менавіта 4 жніўня ў 2011 годзе пад арыштам апынуўся Алесь Бяляцкі, адзін з вядучых праваабаронцаў Беларусі, старшыня Праваабарончага цэнтра «Вясна» і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай Федэрацыі правоў чалавека.

Акцыі ў падтрымку Алеся Бяляцкага (на фота) і ўсіх палітвязняў у Беларусі прайшлі 4 жніўня ў шэрагу самых розных краін і гарадоў свету: Францыі, Германіі, Польшчы, Украіне, Расіі, Літве, Грузіі, Арменіі, Швецыі, Швейцарыі, Нарвегіі…

Выканаўчая дырэктарка арганізацыі «Index on Censorship» Кірста Х’юз выступіла з заклікам аб вызваленні Алеся Бяляцкага.

«Утрыманне ў турме Алеся Бяляцкага, намінаванага на Нобелеўскую прэмію міру, сведчыць аб спробе Лукашэнкі прымусіць замаўчаць незалежныя галасы і пазбавіцца ад любой крытыкі ў Беларусі. Бяляцкі з’яўляецца адным з выбітных беларускіх праваабаронцаў і павінен быць неадкладна вызвалены», — заявіла кіраўніца міжнароднай арганізацыі.

Міжнародная Амністыя нагадала Генпракуратуры Беларусі пра палітвязняў

З нагоды гадавіны арышту Алеся Бяляцкага Міжнародная Амністыя выступіла з адмысловай заявай пад назовам «Застаюцца за кратамі: стан доўгатэрміновых зняволеных у Беларусі».

У заяве гаворыцца пра справы Алеся Бяляцкага, Мікалая Статкевіча, Змітра Дашкевіча, Эдуарда Лобава, Паўла Севярынца, Сяргея Каваленкі, выказваецца заклапочанасць станам іх здароўя, а таксама пагрозамі ў іх адрас з боку адміністрацыяў калоніяў.

Таксама «Amnesty International» звярнулася ў Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь з лістом, у якім выказваецца заклапочанасць з нагоды становішча вязняў сумлення ў Беларусі, і заклікала расследаваць законнасць іх прысудаў, забяспечыць іх неадкладнае і безумоўнае вызваленне, а пакуль яны знаходзяцца пад вартай, гарантаваць фізічны і псіхалагічны спакой, адэкватнае лячэнне ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам і міжнароднымі абавязальніцтвамі па правах чалавека.

«Amnesty International» нагадала беларускім уладам, што ў адпаведнасці з міжнародным правам прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, у тым ліку апазіцыі, павінны мець магчымасць мірна збірацца і адкрыта выказваць сваё меркаванне, без пагрозаў або страху адвольных арыштаў і гвалту.

Кіраўніца FIDH зрабіла заяву ў падтрымку Алеся Бяляцкага і Міжнароднага дня салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі

Суэр Белхасэн (на фота), кіраўнік найстарэйшай праваабарончай арганізацыі свету – Міжнароднай Федэрацыі Правоў Чалавека (FIDH) – зрабіла заяву ў падтрымку Алеся Бяляцкага і кампаніі, звязанай з правядзеннем Міжнароднага дня салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі. Спадарыня Белхасэн з’яўляецца лідэрам адной з праваабарончых арганізацый Туніса і ўжо некалькі гадоў узначальвае Міжнародную Федэрацыю Правоў Чалавека, у якой Алесь Бяляцкі з’яўляецца віцэ-прэзідэнтам.

«Члены Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека (146 праваабарончых арганізацый з усяго свету) ужо год актыўна ўдзельнічаюць у кампаніі за вызваленне Алеся Бяляцкага, гадавіна арышту якога ў чарговы раз нагадвае нам пра крытычнае становішча грамадзянскай супольнасці Беларусі. Нягледзячы на ​​цяжкія часы, якія закранулі ўсіх неабыякавых людзей гэтай краіны – журналістаў, праваабаронцаў, адвакатаў, актывістаў апазіцыі – беларускія калегі дзівяць нас усіх устойлівасцю сваіх перакананняў, бесперапыннай барацьбой за свабоду і чалавечую годнасць, і асабістай мужнасцю. Ад імя ўсіх членаў Федэрацыі, я хацела б выказаць сваю падтрымку Кампаніі па Міжнароднаму дню салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі, а таксама падзяку яе арганізатарам і ўдзельнікам».

Артыкулы па тэме

Нават пасля прашэння аб памілаванні палітвязня Каваленку не вызваляюць з турмы

Няцацачныя жарсці вакол «цацачнага дэсанта»: затрыманні, допыты, экспертызы

Бяляцкі: ціск уладаў Беларусі і падтрымка міжнароднай супольнасці