У рэзалюцыі па Беларусі, прынятай 5 ліпеня на сесіі Рады па правах чалавека ААН у Жэневе, утрымліваецца заклік да беларускіх уладаў «неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітвязняў», правесці «поўнае і празрыстае расследаванне ўсіх паведамленняў аб прымяненні катаванняў і негуманным абыходжанні з палітзняволенымі», «неадкладна спыніць практыку адміністрацыйных затрыманняў прадстаўнікоў апазіцыі, грамадзянскай супольнасці, журналістаў і праваабаронцаў і не перашкаджаць іх свабоднаму перамяшчэнню, у тым ліку выездам за межы краіны».

Рада па правах чалавека ААН таксама прагаласавала за прызначэнне спецдакладчыка па Беларусі. Беларускі палітолаг Алесь Лагвінец наступным чынам пракаментаваў прызначэнне спецдакладчыка: «Зразумела, што прапаганда будзе казаць, што ААН памылілася, апынулася пад уплывам заходніх краінаў. Сам факт таго, што адбылося ў ААН, сведчыць пра выпадзенне Беларусі з агульнаеўрапейскіх працэсаў. Беларусь — адзіная краіна на кантыненце, супраць якой Еўразвяз і ЗША ўвялі санкцыі, адзіная краіна, па сітуацыі ў якой ёсць спецыяльны дакладчык ААН. Зважаючы на тое, што ў беларускай грамадскай думцы да ААН традыцыйна даволі пазітыўнае стаўленне — вядома, для прапаганды рэжыму гэта даволі адчувальны ўдар».

Варта адзначыць, што статус спецыяльнага дакладчыка па правах чалавека ў Беларусі ўжо існаваў. Ён быў прыняты ў 2004 годзе,і тады на гэтую пасаду быў прызначаны былы міністр замежных справаў Румыніі Адрыян Сэвэрын. Улады Беларусі ад пачатку адмовіліся супрацоўнічаць з ім, яму было адмоўлена ў візе для ўезду ў Беларусь.

Гаворачы пра прызначэнне новага спецдакладчыка, Адрыян Сэвэрын адзначыў важнасць і неабходнасць дыялогу паміж дакладчыкам і ўладамі Беларусі: «Палітычная сітуацыя ў Беларусі — гэта не проста ўнутраныя справы дзяржавы. Гэтыя праблемы павінны абмяркоўвацца разам. Будзе нашмат лепш, калі беларускія ўлады прымуць гэтага дакладчыка і пачнуць дыялог з ім. Пабачым, як гэта будзе. Але я веру, што вельмі важна мець дыялог, калі людзі да гэтага гатовыя, калі ў іх ёсць настрой да супрацы. Такі настрой неабходны для кожнага боку, у тым ліку для Беларусі».

5 ліпеня была прынятая рэзалюцыя Еўрапарламента па Беларусі

Таксама 5 ліпеня ўсе буйныя палітычныя фракцыі Еўрапарламента прынялі падобную рэзалюцыю з асуджэннем парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. У прыватнасці, яны асудзілі нядаўні арышт у Беларусі старшыні Саюзу палякаў у Беларусі і журналіста польскай «Газеты Выборчай» Андрэя Пачобута. У рэзалюцыі выказваецца «шкадаванне ў сувязі з тым, што беларускія ўлады робяць немагчымай працу журналістаў, прымаючы рэпрэсіўныя законы, накіраваныя на замоўчванне грамадскай актыўнасці».

МЗС Беларусі даў жорсткую ацэнку гэтай рэзалюцыі, назваўшы яе «аднабаковай і тэндэнцыйнай». «З’яўленне рэзалюцыі Еўрапарламента напярэдадні важнай унутрыпалітычнай падзеі — парламенцкіх выбараў у Беларусі — нельга расцэньваць інакш, як адкрыты палітычны заказ тых сіл у Еўропе, якія не зацікаўленыя ў выбудоўванні добрасуседскіх стасункаў з Беларуссю», — гаворыцца ў каментары прэс-службы Міністэрства замежных спраў Беларусі адносна рэзалюцыі Еўрапарламента ад 5 ліпеня.

«Чарговыя заклікі да ўвядзення санкцыяў супраць нашай краіны, пры тым, што санкцыйная палітыка даўно прадэманстравала сваю неэфектыўнасьць і тупіковасць, толькі ўскладняюць узаемны пошук шляхоў нармалізацыі беларуска-еўрапейскага дыялога».

7 ліпеня  рэзалюцыю па Беларусі прыняла Парламенцкая асамблея АБСЕ
Праз два дні Парламенцкая асамблея АБСЕ заклікала ўлады Беларусі неадкладна і без папярэдніх умоваў вызваліць і апраўдаць усіх палітычных зняволеных. Адпаведная рэзалюцыя прынятая 7 ліпеня падчас паседжання чарговай сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў Манака. У дакуменце пералічваюцца палітзняволеныя Ігар Аліневіч, Мікалай Статкевіч, Павел Севярынец, Алесь Бяляцкі, Сяргей Каваленка, Дзмітры Дашкевіч, Мікалай Аўтуховіч, Эдуард Лобаў, Мікалай Дзядок, Аляксандар Францкевіч, Павел Сырамолатаў, Арцём Пракапенка, Яўген Васьковіч, а таксама ўтрымліваецца патрабаванне да беларускіх уладаў гарантаваць поўнае аднаўленне іх у грамадзянскіх і палітычных правах.

Артыкулы па тэме

Жорстка збітаму міліцыянтамі актывісту прысудзілі штраф

Л.Ульяшына: Парушэнні ў беларускай адвакатуры вядуць да сістэмных парушэнняў абароны правоў чалавека

Арыштаваны беларускі журналіст Андрэй Пачобут