Напярэдадні афіцыйнага святкавання Дня Перамогі супрацоўнікі УУС Цэнтральнага раёна Мінска праводзілі абход кватэр у дамах, размешчаных у раёне плошчы Перамогі. У адным з такіх будынкаў размешчаны офіс «Радыё Рацыя». На званок міліцыі дзверы адчыніў дзяжурны журналіст Генадзь Барбарыч. Убачыўшы лагатып радыёстанцыі і аргтэхніку, міліцыянеры выклікалі падмацаванне, абшукалі офіс, забралі сістэмны блок і ноўтбук.
«Сказалі, што нібыта з боку суседзяў ёсць нейкія прэтэнзіі. Хаця гэта няпраўда, бо ў нас тут заўжды ціха і спакойна. Яны пачалі глядзець газеты, кнігі, якія ёсць на офісе. Іх увагу зачапілі кнігі, якія выдала “Вясна” пра Плошчу-2010. І тады яны пачалі ўсё пільна аглядаць. І патэлефанавалі свайму кіраўніцтву з Цэнтральнага РУУС, якое неўзабаве прыехала на чале з намеснікам начальніка Анатолем Шахлаем. Іх тут было чалавек восем-дзевяць. Вынеслі камп’ютары нашы — ноўтбук і сістэмны блок стацыянарнага камп’ютара. Тады я ім сказаў, што я журналіст. Яны неяк змянілі сваё стаўленне да мяне. Таму што спачатку ставіліся досыць агрэсіўна. Пратакол на выняццё тэхнікі складаўся. Я яго падпісаў. Сказалі, што бяруць на праверку. Тут адбыўся сапраўдны ператрус, хаця і без санкцыі пракурора. Супрацоўнік міліцыі на маю заўвагу сказаў, што, маўляў, яго цікавіць, што тут ёсць у нас, і гэта, маўляў, не ператрус. Пераглядзелі ўсе паперы, нататнікі, праўда, мае асабістыя рэчы не кранулі», — кажа журналіст «Рацыі» Генадзь Барбарыч.
Каментуючы сітуацыю, намеснік старшыні грамадскай арганізацыі «Беларуская асацыяцыя журналістаў» юрыст Андрэй Бастунец назваў вобыск у офісе незалежнай радыёстанцыі «непрыемным падарункам да Сусветнага дня свабоды прэсы, які адзначаецца 3 мая».
«Супадзенне дастаткова красамоўнае. Такі падарунак атрымаў калектыў “Радыё Рацыя” ды і наогул усе незалежныя журналісты ў Беларусі. У мяне ўражанне, што ўсё-такі сам агляд памяшкання быў выпадковы, але наступныя дзеянні міліцыі, з канфіскацыяй тэхнікі і вобыскам, дастаткова традыцыйныя. Я не бачу падстаў для таго, каб канфіскоўваць тэхніку», — заявіў Бастунец.
Прадстаўнікі радыёстанцыі маюць намер абскардзіць дзеянні супрацоўнікаў міліцыі ва ўсіх магчымых інстанцыях, найперш у пракуратуры.
Freedom House: Беларусь у ліку 5 найгоршых ворагаў свабоды прэсы
У дакладзе «Свабода прэсы 2012: Глабальны агляд незалежнасці СМІ» адзначаецца, што з ліку 197 краінаў і тэрыторый, у якіх вывучалася свабода выказванняў, 66 належаць да катэгорыі «свабодных», 72 да катэгорыі «часткова свабодных» і 59 да катэгорыі «несвабодных».
Беларусь у гэтым рэйтынгу традыцыйна фігуруе сярод краінаў, дзе стан свабоды СМІ найгоршы — яна класіфікаваная на 193-м месцы з агульнага ліку 197 краінаў і тэрыторый. Горай са свабодай прэсы, чым у Беларусі, толькі ў Эрытрэі, Узбекістане, Туркменістане і Паўночнай Карэі.
Пра гэтыя краіны, названыя ў дакладзе «найгоршымі з найгоршых», аналітыкі Freedom House адзначылі: «У гэтых дзяржавах незалежныя СМІ альбо не існуюць, альбо ледзь могуць дзейнічаць, прэса з’яўляецца рупарам рэжыму, доступ грамадзян да аб’ектыўнай інфармацыі строга абмежаваны, а іншадумства здушанае пры дапамозе турмаў, катаванняў і іншых формаў рэпрэсій».
Артыкулы па тэме
Пацярпелая ад тэракту: «Мяне выкралі невядомыя»
У Беларусі з 6 студзеня будуць штрафаваць за парушэнне патрабаванняў інтэрнэт-фільтрацыі