11 красавіка, калі адкрывалі помнік ахвярам выбуху ў мінскім метро, адна з пацярпелых ад выбуху Алена Лебядзінская трымала плакат «Дзяржава адмовіла ў дапамозе». Плакат адразу вырвалі супрацоўнікі спецслужбаў у цывільным.

«Тэракт — гэта злачынства супраць дзяржавы, а не супраць мяне асабіста як Алены Лебядзінскай, таму я ў дзяржавы прасіла хоць бы дапамогі на лекі і на адзенне, а атрымала яшчэ адны цялесныя пашкоджанні. За што? Мой плакат толькі канстатаваў, што я прасіла дапамогі ад дзяржавы, а мне ўсюды сказалі, што нічым не могуць дапамагчы», — кажа Лебядзінская.

Са словаў Лебядзінскай, падчас выбуху ў метро яна знаходзілася на эскалатары:

«Я была там, калі абрынулася столь. Адразу мяне павезлі ў лякарню, абследавалі, прапанавалі шпіталізацыю, але я напісала адмову, вырашыла ў хаце лячыцца. Раніцай 12-га патэлефанавалі з паліклінікі, сказалі тэрмінова прыехаць. У мяне быў кашаль, тэмпература, ванітавала некалькі дзён чымсьці чорным. Я напісала заяву ў камісію для выплаты матэрыяльнай дапамогі асобам, якія пацярпелі ад акту тэрарызму. Для дапамогі, як мне сказалі, трэба заключэнне судмедэкспертызы. Аднак экспертыза паказала, што ў мяне чамусьці бранхіт».

Алена Лебядзінская паведаміла, што ў якасці дапамогі з Мінгарвыканкама ёй прывезлі «адзін літр сланечнікавага алею, кілаграм цукру і некалькі апельсінаў».

«Мне было нават страшней, чым год таму падчас выбуху»

Са словаў Лебядзінскай, пасля інцыдэнту з плакатам яна ўсклала кветкі да помніка ды накіравалася дахаты на метро. «На выхадзе са станцыі метро „Спартыўная“ падляцелі двое невядомых і пачалі мяне цягнуць да мікрааўтобуса. Я закрычала: „Дапамажыце!“, тады яны ўдарылі мяне аб сам мікрааўтобус, і ў мяне былі разбітыя лоб і калені. Потым забралі тэлефон. Завезлі ў Цэнтральны РУУС, дзе мяне пыталіся, ці сапраўды я прыносіла плакат з фотаздымкам, ці сапраўды ў мяне яго забралі. Мне падалося, што самі супрацоўнікі міліцыі былі ў здзіўленні, навошта мяне прывезлі і што са мной рабіць», — заявіла Лебядзінская.

Яна кажа, што яе пратрымалі ў міліцыі некалькі гадзінаў: «У 22.30 я была ўжо дома і выклікала хуткую дапамогу. Урачы канстатавалі гіпертанічны крыз, удары галавы, прапанавалі паехаць у лякарню».

«Я не разумею: калі нават я неяк няправільна зрабіла, што прыйшла з плакатам, да мяне маглі б падысці, папрасіць прыбраць плакат, папярэдзіць. Але не так! Мне было нават страшней, чым год таму падчас выбуху. Самае жудаснае, што за хвіліну да затрымання я патэлефанавала дачцэ і сказала, што праз 10 хвілін буду дома. Уявіце, як адчувалі сябе мае сваякі: роўна праз год пасля тэракту яны не маглі да мяне датэлефанавацца 4 гадзіны», — гаворыць Алена Лебядзінская.

У міліцыі каментаваць сітуацыю адмовіліся. У прэсавай службе ГУУС Мінгарвыканкама адказалі, што кожны дзень паводле розных падставаў затрымліваецца некалькі дзясяткаў чалавек, таму «нічога не магу вам удакладніць па дадзеным канкрэтным чалавеку».

***
11 красавіка 2011 г. на станцыі метро «Кастрычніцкая» ў цэнтры Мінска адбыўся выбух, у выніку якога 15 чалавек загінулі, сотні людзей былі параненыя. 14 сакавіка 2012 г. стала вядома, што Аляксандр Лукашэнка адмовіўся памілаваць Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва, асуджаных на смерць за тэракт у мінскім метро, нягледзячы на пратэсты беларускай і міжнароднай грамадскасці. 16 сакавіка Канавалаў і Кавалёў былі расстраляныя.

Артыкулы па тэме

Уладзіслаў Кавалёў і Дзмітрый Канавалаў расстраляныя (абноўлена)

Урад Беларусі супраць разгляду скаргі аб парушэнні права на жыццё у ААН

Пасля тэракту ў Мінску прэзідэнт абяцае "зачыстку па ўсіх кірунках"