Даведку пра тое, што прысуд у дачыненні Уладзіслава Кавалёва (на фота) прыведзены ў выкананне, даслалі на хатні адрас Кавалёвых у Віцебску. Ліст з паштовай скрыні дастала маці, Любоў Кавалёва.

 «Во толькі што мама са скрыні дастала. Вярхоўны суд…ад 16.03 ліст… што прысуд прыведзены да выканання… Мама яго атрымала. Яны яго забілі, усё было дарэмна, усё дарэмна», — толькі і змагла сказаць скрозь слёзы Таццяна, сястра Уладзіслава Кавалёва.

Дзмітрый Канавалаў, таксама асуджаны на смяротнае пакаранне паводле абвінавачання ў тэрарызме па гэтай крымінальнай справе, прашэнне аб памілаванні падаваць адмовіўся. Яго блізкія ніяк не кантактуюць з прэсай,іх сям’я і кватэра знаходзіцца пад аховай, але стала вядома, што прысуд у  дачыненні Канавалава таксама прыведзены ў выкананне. 

З 14 сакавіка адвакату Станіславу Абразею не ўдавалася сустрэцца са сваім падабаронным Уладзіславам Кавалёвым. Кавалёва не было ні ў следчым ізалятары КДБ, дзе ён 11 сакавіка меў спатканне з маці і сястрой, ні ў СІЗА на Валадарскага.

Пасля паведамлення, што Канавалаву і Кавалёву адмоўлена ў памілаванні, у беларускіх электронных СМІ з’явіліся меркаванні, што вінаватыя нібыта праваабаронцы: маўляў, уцягнулі маці Кавалёва ў палітычныя гульні, накіроўвалі яе выступаць з трыбунаў уплывовых еўрапейскіх структураў, і гэта раздражняла ўладу.

Маці Уладзіслава Кавалёва не лічыць, што яе актыўная пазіцыя і дзеянні праваабаронцаў паўплывалі на рашэнне Аляксандра Лукашэнкі адмовіць у памілаванні асуджаных на смерць Канавалава і Кавалёва.

«Па-першае, мяне запрасіла Рада Еўропы. …Вы ведаеце, я ўжо думала пра гэта. Літаральна пазаўчора я пераглядала відэазапіс першага допыту Улада. Уладу ўжо тады яны тэрарызм паставілі. Дзіма маўчаў. Яны запалохалі Улада вышэйшай мерай. Яны разлічвалі на тое, што Улад спалохаецца і прамаўчыць. Я мяркую, маўчы — не маўчы, канец справы быў бы адзін і той жа. Адзіная розніца — тое, што паднеслі следчыя органы: так, яны вінаватыя. Але калі выйшла праўда з залі суду і людзі сталі ў гэтым сумнявацца — следства пайшло не па плане. Я думаю, гэта проста помста», – заявіла Любоў Кавалёва (на фота).

15 сакавіка адвакат Станіслаў Абразей падаў наглядную скаргу ў Вярхоўны суд. А маці Уладзіслава Кавалёва напісала прашэнне на імя Аляксандра Лукашэнкі: яна прасіла адкласці выкананне смяротнага прысуду, пакуль зварот яе сына не разгледзяць у ААН.

«Я прашу даць загад адпаведнай арганізацыі, якая займаецца выкананнем пакаранняў. Напісала так: „Калі ласка, дайце магчымасць майму сыну дачакацца вынікаў звароту ў ААН. Прашу прыпыніць смяротную кару хаця б на адзін год“. Адправіла гэты зварот заказным лістом і факсам», — паведаміла Любоў Кавалёва.

Палітыкі, праваабаронцы і грамадскія дзеячы з усяго свету асуджаюць смяротнае пакаранне
Старшыня Еўрапарламента Марцін Шульц (на фота) звярнуўся з заклікам да Аляксандра Лукашэнкі пакінуць Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава ў жывых.

«Я быў глыбока засмучаны, даведаўшыся, што прэзідэнт Лукашэнка адмовіўся памілаваць Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава, якія былі асуджаныя на смяротнае пакаранне за выбух ў мінскім метро. Іх асудзілі, нягледзячы на сур’ёзныя сумневы наконт іх ролі ў гэтай трагічнай падзеі. На думку праваабарончых арганізацый, суд над імі не адпавядаў міжнародным стандартам. Я заклікаю прэзідэнта Лукашэнку перагледзець сваё рашэнне. Смяротнае пакаранне зяўляецца незваротным, бесчалавечным і зняважлівым для годнасці», — сказаў Шульц у закліку.

Еўрапейскія палітыкі ды грамадскія дзеячы распаўсюдзілі зварот, у якім заклікаюць беларускія ўлады спыніць смяротнае пакаранне ў краіне.

“Уладзіславу Кавалёву і Дзмітрыю Канавалаву ставіцца ў віну здзяйсненне найцяжэйшага злачынства — тэракта ў мінскім метро 11 красавіка 2011 года, у выніку якога загінулі 15 чалавек і сотні былі параненыя. На гэтым працэсе найгрубейшым чынам былі растаптаныя ўсе прынцыпы прававой дзяржавы. Сведак абароны прымусілі маўчаць або не дапусцілі на паседжанне. Доказы былі відавочна сфабрыкаваныя. Адзін з тых, хто стаў ахвярай тэракта, адназначна заявіў, што, насуперак сцвярджэнням пракурора, ён не бачыў гэтых двух маладых людзей на месцы злачынства. Прызнанні асуджаных відавочна здабываліся праз катаванні» сказана ў заяве.

Аўтары звароту падкрэсліваюць, што «Уладзіслаў Кавалёў знайшоў у сабе мужнасць распавесці на працэсе аб перанесеных катаваннях і адмовіцца ад вымушанага прызнання. Нягледзячы на ўсе супярэчнасці, варта асцерагацца, што абодвух гэтых маладых людзей прынясуць у ахвяру выключна дзеля захавання ўлады рэжыму. Відавочна, аўтарытарны рэжым хоча з дапамогай гэтых смяротных прысудаў прадэманстраваць, што ён у стане правесці хуткае расследаванне тэракта і аднавіць бяспеку.

Мы настойліва заклікаем урад Беларусі, апошняй краіны ў Еўропе, якая яшчэ не ўвяла мараторый на смяротнае пакаранне, неадкладна ўвесці мараторый, а ў далейшым паўсюдна адмяніць гэтую нечалавечую форму пакарання. Уладзіслаў Кавалёў і Дзмітры Канавалаў не павінны быць пакараныя смерцю. Судовая справа павінна быць адноўлена».

Пад зваротам падпісаліся дзясяткі вядомых палітыкаў ды грамадскіх дзеячаў.

***
30 лістапада 2011 года Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь вынес смяротны прысуд па справе Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва, якіх абвінавачвалі ў здзяйсненні шэрагу выбухаў, у тым ліку падчас святкавання Дня незалежнасці ў 2008 г., а таксама тэрарыстычнага акта ў мінскім метро 11 красавіка 2011 г. У выніку тэракта ў метрапалітэне 15 чалавек загінулі, сотні людзей былі параненыя. Дзяржаўны абвінаваўца ў сваім выступе запатрабаваў для абодвух абвінавачаных выключнай меры пакарання — смяротнай кары. 7 снежня Уладзіслаў Кавалёў падаў прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі. Дзмітры Канавалаў, другі асуджаны на смяротнае пакаранне паводле абвінавачання ў тэрарызме ў гэтай крымінальнай справе, прашэнне аб памілаванні падаваць адмовіўся, паведаміў 27 студзеня журналістам генпракурор Беларусі Аляксандр Канюк.

Артыкулы па тэме

Маці асуджанага на смяротнае пакаранне: “У маім сэрцы зацеплілася надзея, што сына не расстраляюць”

Урад Беларусі супраць разгляду скаргі аб парушэнні права на жыццё у ААН

Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь пастанавіў: расстраляць

Пасля тэракту ў Мінску прэзідэнт абяцае “зачыстку па ўсіх кірунках”