У заяве гаворыцца пра тое, што становішча з правамі чалавека ў Беларусі з часу прыняцця рэзалюцыі Радай па правах чалавека на сваёй 17-ай сесіі (травень-чэрвень 2011 года) пагоршылася, а ўрад працягвае палітыку пераследу праваабаронцаў, юрыстаў, журналістаў і любых асоб, якія крытычна выказваюцца аб становішчы з правамі чалавека ў Беларусі.

Аўтары заявы паведамляюць, што, нягледзячы на заклік Рады па Правах Чалавека  паважаць свабоду мірных сходаў і прывесці заканадаўства ў адпаведнасць з міжнароднымі абавязкамі ў галіне правоў чалавека, улады Беларусі прынялі яшчэ больш абмежавальныя меры ў гэтым кірунку. Так, цяпер маўклівыя пратэсты і простае плясканне ў далоні на вуліцах караюцца законам.

Згодна з новым заканадаўствам, прынятым у лістападзе 2011 года, зладзіць дэманстрацыю ці проста сход без папярэдняй згоды ўладаў з’яўляецца крымінальным злачынствам.

На практыцы заявы на правядзенне мірных сходаў пастаянна адхіляюцца, а арганізатары рызыкуюць быць прыцягнутымі да крымінальнай адказнасці за правядзенне несанкцыянаваных сходаў і/або распаўсюд любых звестак аб іх.

Аўтары заяўляюць, што ўлады Беларусі паступова павялічваюць адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацый. Апошнія папраўкі да Закона аб грамадскіх аб’яднаннях забараняюць НДА мець рахункі ў замежных банках. Акрамя таго, узгаданыя папраўкі ўводзяць крымінальную адказнасць за замежную дапамогу.  

У той жа час, праваабарончым НДА ў Беларусі пастаянна адмаўляецца ў рэгістрацыі, якая з’яўляецца перадумовай адкрытай і законнай дзейнасці ў краіне. Так, Беларускі Хельсінкскі камітэт (БХК) быў афіцыйна папярэджаны аб магчымым пазбаўленні рэгістрацыі ў сувязі з ягоным паведамленнем, накіраваным спецыяльнаму дакладчыку Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па незалежнасці юрыстаў і суддзяў 12 студзеня 2011 г. А ў снежні 2011 года Беларускай рэспубліканскай ЛГБТ-арганізацыі было адмоўлена ў рэгістрацыі на падставе ўказання няправільнай даты нараджэння аднаго заснавальніка і скажэння імёнаў 2 з 61 заснавальнікаў арганізацыі, у выніку чаго ўрад палічыў несапраўднымі звесткі, пададзеныя для рэгістрацыі.

Таксама аўтары закранулі пытанне ціску на адвакатаў. Так, у 2011 годзе юрысты, якія актыўна ўдзельнічалі ў абароне правоў чалавека і праваабаронцаў, былі пазбаўленыя звання адваката, атрымлівалі пагрозы ды пазбаўляліся доступу да сваіх кліентаў у Рэспубліцы Беларусь. Са снежня 2010 года сем беларускіх юрыстаў, якія выступалі адвакатамі ў палітычна абумоўленых справах, былі пазбаўленыя звання адваката.

Фундацыя Дамоў правоў чалавека заклікала беларускія ўлады да наступных дзеянняў:

 • неадкладна і безумоўна вызваліць і рэабілітаваць усіх палітвязняў;

 • адмяніць нядаўнія абмежавальныя папраўкі да заканадаўства Рэспублікі Беларусь, якія яшчэ больш абмяжоўваюць правы на свабоду мірных сходаў і аб’яднанняў, а таксама іншыя палажэнні заканадаўства, якія абмяжоўваюць правы грамадзян на свабоду аб’яднанняў і мірных сходаў;

• перарэгістраваць Праваабарончы цэнтр “Вясна” паводле ўказання Камітэта па правах чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і надалей дазваляць праваабарончым ды іншым грамадскім арганізацыям выконваць сваю працу, не асцерагаючыся помсты, а таксама адмяніць заканадаўства, якое ўводзіць крымінальную адказнасць за праваабарончую дзейнасць, уключаючы артыкул 193.1 Крымінальнага Кодэкса;

 • забяспечыць бесперашкодную дзейнасць праваабаронцаў, журналістаў, грамадскіх дзеячаў і арганізацый і прымаць меры для абароны правоў грамадзян на свабоду аб’яднанняў і мірных сходаў;

 • паважаць незалежнасць судовай улады і правесці дбайнае расследаванне і перагляд прысудаў у дачыненні да юрыстаў, пазбаўленых звання адваката з часу прэзідэнцкіх выбараў у снежні 2010 года.

***

Рада па правах чалавека – міжнародны праваабарончы орган у сістэме ААН, які замяніў Камісію па правах чалавека. З’яўляецца дапаможным органам Генеральнай Асамблеі ААН. Першае паседжанне Рады прайшло 19 чэрвеня 2006 г. Рада па правах чалавека, як раней і Камісія, можа засноўваць і ануляваць так званыя спецыяльныя працэдуры – пасады дакладчыкаў, экспертаў або рабочых групаў па асобных праблемах правоў чалавека ці па правах чалавека на пэўнай тэрыторыі. У ліпені 2004 г. спецыяльным дакладчыкам ААН па пытанні становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі быў прызначаны Адрыян Севярын. Беларускія ўлады адмовіліся з ім супрацоўнічаць. 

Артыкулы па тэме

Урад Беларусі супраць разгляду скаргі аб парушэнні права на жыццё у ААН

У Камітэт ААН па правах чалавека накіраваная першая скарга з Беларусі на прымусовую дактыласкапію

Фундацыя Дамоў правоў чалавека супраць пераследу Бяляцкага