24 лютага ў Віцебску суддзя Першамайскага райсуду Алена Жук пакарала віцебскага сябра КХП БНФ Сяргея Каваленку зняволеннем у калоніі агульнага рэжыму. Агульны тэрмін пакарання — 2 гады 1 месяц.
Галадоўку Сяргей Каваленка аб’явіў 20 снежня мінулага года. З таго часу ён згубіў 30 кг вагі. Актывіст галадуе на знак пратэсту супраць свайго затрымання і крымінальнага пераследу: супрацоўнікі крымінальна-выканаўчай інспекцыі ініцыявалі супраць яго справу за парушэнне рэжыму «хатняй хіміі» — умоўнага пакарання, прысуджанага за бел-чырвона-белы сцяг, вывешаны на гарадской навагодняй ёлцы ў 2010 годзе.
Сяргей Каваленка працягвае галадоўку, дамагаючыся пераводу ў цывільны шпіталь і скасавання прысуду.
2 сакавіка Алена Каваленка, жонка галадоўніка Сяргея Каваленкі, пазваніла ў офіс Міжнароднага Чырвонага Крыжа ў Жэневе з просьбай аб дапамозе:
«Хачу, каб яны дапамаглі, хаця б наведалі яго, паспрабавалі наведаць. Нават у часы вайны Чырвоны Крыж дапамагаў людзям, можа і зараз дапаможа».
На гэты момант Алена Каваленка не ведае, якая дапамога ёй будзе аказаная. Просьбу жанчыны запісала супрацоўніца, якая размаўляла па-руску і папрасіла перазваніць у другой палове дня, бо жэнеўскі час адрозніваецца ад мінскага на 2 гадзіны.
Алена Каваленка таксама напісала заяву ў пракуратуру з просьбай змясціць яе мужа ў цывільны шпіталь. На яе думку, там яму акажуць лепшую медычную дапамогу і там лепшыя ўмовы ўтрымання. Да таго ж, Сяргей не давярае турэмным лекарам і сістэме МУС агулам. Алене стала вядома, што Сяргей працягвае галадоўку. Яна кажа, што ягоны стан пагоршаў і яму цяжка рухацца.
«Яго наведаў адвакат. Сказаў, што ён па-ранейшаму галадуе, патрабуе пераводу ў цывільны шпіталь і змены меры стрымання. Адчувае сябе вельмі слабым, скардзіцца, што яму цяжка і ляжаць і сядзець», – распавяла Алена Каваленка.
27 лютага сям’я Каваленкі праінфармавала Спецдакладчыка Савета па правах чалавека ААН аб сітуацыі з палітвязнем, які пасля новага прысуду 24 лютага працягвае трымаць галадоўку. Дакумент быў падрыхтаваны з дапамогай віцебскіх праваабаронцаў.
Як паведаміла жонка палітвязня Алена Каваленка, інфармацыя была аператыўна, з уключэннем працэдуры тэрміновага характару, прынятая да рэагавання, пра што спецдакладчык паведаміў кампетэнтым органам Рэспублікі Беларусь.
Між тым, суддзя Першамайскага суду Віцебска Алена Жук, якая і выносіла прысуд Каваленку, дазволіла сваякам актывіста сустрэцца з ім у Мінскім рэспубліканскім турэмным шпіталі. 5 сакавіка пабачыцца з Сяргеем Каваленкам у Мінск прыехалі яго брат Віталь і сямігадовы сын Валянцін.
Артыкулы па тэме
Галадоўка як пратэст супраць пераследу
Ціск і пагрозы для жыцця і здароўя – навіны пра беларускіх палітвязняў
ПЦ “Вясна”: Дыялог з Лукашэнкам немагчымы, пакуль у краіне ёсць палітвязні