1 лютага Любоў Кавалёва звярнулася ў Канстытуцыйны суд Беларусі з просьбай разгледзець на адпаведнасць Канстытуцыі Крымінальна-выканаўчы кодэкс, які не прадугледжвае прыпыненне смяротнага пакарання ў сувязі са зваротам асуджанага ў міжнародныя інстанцыі ў мэтах абароны сваіх правоў.

Кавалёва асцерагаецца, што прысуд у дачыненні да яе сына, абвінавачанага па справе аб тэракце ў мінскім метро, можа быць прыведзены ў выкананне да канчатковага разгляду ў Камітэце ААН па правах чалавека, куды звярнуліся яна і яе дачка.

У судзе жанчыне адказалі, што права на зварот у Канстытуцыйны суд маюць толькі адмыслова ўпаўнаважаныя Канстытуцыяй органы.

6 лютага Кавалёва разаслала лісты ў арганізацыі, якія маюць законнае права звяртацца ў Канстытуцыйны суд, — Савет міністраў, абедзве палаты Нацыянальнага сходу, Вярхоўны суд і кіраўніку дзяржавы. Яна прасіла іх накіраваць у суд заключэнне аб неадпаведнасці названага кодэкса Канстытуцыі краіны і факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Адказ паступіў пакуль толькі з аддзела па пытаннях грамадзянства і памілавання Адміністрацыі прэзідэнта — 18 лютага.

У ім сказана, што па прапанове Кавалёвай «мэтазгодны комплексны прававы аналіз заканадаўства з удзелам кампетэнтных дзяржаўных органаў», паведаміў праваабаронца РаманКісляк, які кансультуе Кавалёву па прававых пытаннях.

«У маім сэрцы зацеплілася надзея, што сына не расстраляюць, пакуль скарга ў дачыненні да яго не будзе разгледжаная ў Камітэце ААН па правах чалавека», — сказала Любоў Кавалёва, каментуючы адказ на свой зварот да Лукашэнкі

Рэзалюцыя Еўрапейскага парламента па смяротным пакаранні прынятая, але ці прыслухаюцца да яе ўлады?
16 лютага была прынятая Рэзалюцыя Еўрапейскага парламента па смяротным пакаранні ў Беларусі, у прыватнасці, па справах Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва.
У рэзалюцыі выказваецца шкадаванне з нагоды адмовы беларускіх уладаў ад прыняцця рэальных захадаў у кірунку адмены смяротнага пакарання або неадкладнага ўвядзення мараторыя на яго і асуджэнне смяротных прысудаў, вынесеных Кавалёву і Канавалаву. Рэзалюцыя заклікае Аляксандра Лукашэнку “памілаваць гэтых асобаў і абвясціць мараторый на смяротныя прысуды і пакаранне з мэтай адмены смяротнага пакарання з сістэмы пакаранняў шляхам ратыфікацыі Другога факультатыўнага пратакола да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі”.

“Вельмі важна, што пытанне смяротнага пакарання ў Беларусі абмяркоўваецца на такім высокім узроўні, што прадстаўнікоў еўрапейскіх краінаў гэтая праблема хвалюе. А з іншага боку, можна казаць аб тым, што беларускія ўлады, на жаль, не асабліва прыслухоўваюцца да рэзалюцый Еўрапарламента. І асаблівых спадзяванняў на тое, што гэтая рэзалюцыя зможа неяк паўплываць на сітуацыю, у нас застаецца ўсё менш і менш”,- адзначыў каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэй Палуда (на фота).

***
30 лістапада 2011 года Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь вынес смяротны прысуд па справе Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва, якіх абвінавачвалі ў здзяйсненні шэрагу выбухаў, у тым ліку падчас святкавання Дня незалежнасці ў 2008 г., а таксама тэрарыстычнага акту ў мінскім метро 11 красавіка 2011 г. Пасля тэракту ў метрапалітэне 15 чалавек загінулі, сотні людзей былі параненыя. Дзяржаўны абвінаваўца ў сваім выступе запатрабаваў для абодвух абвінавачаных выключнай меры пакараннясмяротнай кары. 7 снежня Уладзіслаў Кавалёў падаў прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі. Дзмітрый Канавалаў, другі асуджаны на смяротнае пакаранне паводле абвінавачання ў тэрарызме ў гэтай крымінальнай справе, прашэнне аб памілаванні падаваць адмовіўся, паведаміў 27 студзеня журналістам генпракурор Беларусі Аляксандр Канюк.

Артыкулы па тэме

Урад Беларусі супраць разгляду скаргі аб парушэнні права на жыццё у ААН

Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь пастанавіў: расстраляць

Пасля тэракту ў Мінску прэзідэнт абяцае "зачыстку па ўсіх кірунках"