9 снежня прадстаўніца Amnesty International Хізэр Макгіл разам з беларускімі праваабаронцамі спрабавала перадаць у Адміністрацыю прэзідэнта 165 тысяч петыцый з 30 краін з патрабаваннем ўвесці ў Беларусі мараторый на смяротнае пакаранне. Аднак групу праваабаронцаў, што прынеслі ў адміністрацыю прэзідэнта 10 скрыняў з подпісамі пасля перамоваў супрацоўнікі прыёмнай Прэзідэнта не прынялі.
Старшыня БХК Алег Гулак (на фота) распавёў: «Кіраўнік прыёмнай спачатку адмовіўся прымаць подпісы ад імя праваабарончых арганізацый, сказаў аформіць перадачу ад імя прыватных асобаў. Але потым і гэтак прымаць адмовіўся, сказаў, каб дасылалі па пошце. Мы мусілі аднесці 10 скрыняў на пошту і даслаць на адрас адміністрацыі як пасылкі. Але не бачу сэнсу ў такіх дзеяннях супрацоўнікаў адміністрацыі: калі подпісы ўсё роўна туды патрапяць, то навошта праз пошту, калі мы самі прынеслі? Іншая рэч, ці патрапяць?»
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч (на фота) спадзяецца, што інфармацыю пра атрыманне подпісаў супрацоўнікі Адміністрацыі прэзідэнта перададуць кіраўніку дзяржавы: «Ён мае права сваім указам увесці мараторый на выкарыстанне смяротнага пакарання ў краіне. Каб адмяніць такое пакаранне цалкам, патрэбна правесці адпаведны закон праз Нацыянальны сход. А для мараторыя дастаткова ўказа».
Amnesty International патрабуе ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне ў Беларусі
Смяротнае пакаранне ў тым выглядзе, у якім яно рэалізуецца ў Беларусі, не толькі парушае права на жыццё, але і прызнана камітэтам па правах чалавека ААН катаваннямі для сваякоў асуджаных. “У прыватнасці, сваякам не выдаюць цела, не паведамляюць месца пахавання і вельмі позна паведамляюць аб прывядзенні прысуду ў выкананне”, – заявіла 9 снежня на адмысловай прэс-канферэнцыі прадстаўніца Amnesty International Хізэр Макгіл (на фота).
Паводле яе слоў, нідзе ў свеце не існуе судовай сістэмы, якая была б застрахаваная ад памылкі.
“Ёсць небяспека, што прысуджаныя да смерці Канавалаў і Кавалёў не з’яўляюцца сапраўды вінаватымі. Гэта мы бачылі і падчас судовага працэсу над імі, калі нават пацярпелыя сумняваліся ў іх віне. Таму мы просім Аляксандра Лукашэнкі памілаваць асуджаных і ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне ў Беларусі”, – заявіла прадстаўнік” Міжнароднай амністыі “.
На прэс канферэнцыі таксама выступілі старшыня БХК Алег Гулак, намеснік старшыні праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч, маці расстралянага Андрэя Жука Святлана, і маці асуджанага да смяротнага пакарання Уладзіслава Кавалёва Любоў.
Уладзіслаў Кавалёў напісаў прашэнне аб памілаванні
«Пазаўчора ў яго быў адвакат. Уладзіслаў напісаў, што не прызнае сваю віну. Ён напісаў, што невінаваты ва ўчыненні гэтых страшных злачынстваў і не ўчыняў іх», — сказала Кавалёва.
«На маім сыне крыві няма, віны няма, ён сумленны перад людзьмі і перад Богам. Я не ведаю, чаму майму сыну вынеслі такі вердыкт. Я таксама звярнулася да народа ва ўсім свеце сабраць подпісы за адмену смяротнай кары. На гэты момант пад нашай петыцыяй падпісаліся больш як 31 тысяча чалавек. Я ведаю, што гэта не толькі маці, не толькі ўпэўненыя праціўнікі смяротнай кары, але і звычайныя людзі», — заявіла Любоў Кавалёва.
***
30 лістапада Вярхоўны суд прыгаварыў Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва да смяротнай кары, прызнаўшы, што яны «ўяўляюць выключную небяспеку для грамадства».
На дадзены момант Беларусь – гэта адзіная краіна ў Еўропе, дзе дагэтуль існуе і прымяняецца смяротнае пакаранне. З гэтай жа прычыны Беларусь не можа стаць краінай-удзельніцай Рады Еўропы. Пры гэтым беларуская дзяржава ігнаруе не толькі заклікі міжнароднай супольнасці да адмены гэтай меры пакарання, але і ўласныя міжнародныя абавязацельствы па супрацоўніцтве з праваабарончымі структурамі ААН. У прыватнасці, пра гэта сведчаць смяротныя прысуды ў дачыненні да грамадзян Андрэя Жука, Васіля Юзэпчука (2010), Андрэя Бурдыка і Алега Грышкаўца (2011), прыведзеныя ў выкананне нягледзячы на тое, што па іх справах былі пачатыя адпаведныя працэдуры Камітэта па правах чалавека ААН і прыгаворы не павінны былі выконвацца.
Паводле міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International, з 1991 году ў Беларусі пакаралі смерцю каля 400 чалавек. У Беларусі афіцыйна не публікуюцца статыстычныя дадзеныя пра колькасць вынесеных і прыведзеных у выкананне смяротных прысудаў, хаця Беларусь, як чалец АБСЕ, абавязаная «прадстаўляць грамадзкасці інфармацыю адносна ўжывання смяротнага пакарання».
Артыкулы па тэме
Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь пастанавіў: расстраляць
Пасля тэракту ў Мінску прэзідэнт абяцае "зачыстку па ўсіх кірунках"
Уладам і жыхарам Беларусі нагадалі пра праблему смяротнага пакарання