Алеся Бяляцкага вінавацяць ва ўхіленні ад сплаты падаткаў у асабліва буйных памерах з грошай, якія ішлі на праваабарончую дзейнасць. Банкаўскія звесткі Бяляцкага афіцыйнаму Менску перадалі Літва і Польшча. Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Бяляцкага вязнем сумлення, яму пагражае да 7 гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці.

Дзень першы
2 лістапада, у дзень пачатку суду, з самай раніцы каля будынку суда ўжываліся надзвычайныя меры бяспекі: прыехаў Спецназ і некалькі аўтамабіляў ДАІ, стаянкі для прыватнага транспарту былі ачэпленыя ахоўнымі стужкамі. У залю судовых паседжаньняў не пускалі журналістаў без рэдакцыйных пасведчанняў. У залі прысутнічалі лідары грамадскіх рухаў і партый, прадстаўнікі замежных дыпламатычных місій. Суддзя не задаволіў хадайніцтвы абароны аб вядзенні працэсу па-беларуску і змене меры стрымання Алесю Бяляцкаму.

Дзень другі
3 лістапада на працэсе выступалі сведкі. Паказанні Наталлі Пашкоўскай, кіраўніцы ўправы інспекцыі сістэмы для міжнародных разлікаў SWIFT Нацбанку Беларусі, сталіся сапраўднай сенсацыяй дня. Пашкоўская паглядзела на прысланыя з Літвы і Польшчы банкаўскія раздрукоўкі і заявіла, што яны збольшага па форме не адпавядаюць міжнародным стандартам, а толькі стандартам канкрэтнага банку. Пашкоўская таксама заявіла, што паводле існуючых нормаў, выпіскі з банкаўскіх рахункаў павінны быць афіцыйна завераныя. «Калі яны не завераныя пячаткай, то, на маю думку, такія дакументы не могуць лічыцца сапраўднымі», — заявіла Пашкоўская.

Праваабаронца Барыс Звоскаў (на фота) прынёс у суд даведку з польскага банку PKO, што ў яго там няма рахунку, у чым яго абвінавачвалі ў часе папярэдняга допыту.Пракурор са скрухай прызнаў, што ў дакументах адносна Звоскава ёсць памылкі і несупадзенні. На што Звоскаў заявіў: «Што гэта за доказы ў вас? А астатнія доказы ў вас такія самыя?»

 Агулам калегі Бяляцкага трымаліся салідарнай пазіцыі, прызнаваліся, што атрымлівалі ад Бяляцкага грошы «на праваабарончую дзейнасць». Але сумы, рахункі і іншыя дэталі называць адмаўляліся, спасылаючыся на артыкул 27 Канстытуцыі, які дазваляе не даваць суду інфармацыю, якая можа быць выкарыстаная супраць іх саміх.

Аляксандра Кулаева (на фота) з Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека, віцэ-прэзідэнтам якой зяўляецца Алесь Бяляцкі, сочыць за працэсам Першамайскага суду, і тое, што яна пабачыла, толькі пацвярджае яе перакананне, што гэты працэс палітычны, мае на мэце спыніць дзейнасць спадара Бяляцкага:

“Назіраліся спробы ўчыніць псіхалагічны ціск як на абвінавачанага, так і на сведкаў, апошнім задаваліся пытанні, якія хутчэй адносіліся да іх і іх дзейнасці, чым да разгляданай справы. Таксама мне падаецца, што адказы сведак прадэманстравалі, што следства было праведзенае вельмі кепска, былі памылкі, несупадзенні ў дакументах. І ў цэлым складаецца ўражанне дастаткова груба сфабрыкаванага, кепска падрыхтаванага нейкага палітычнага шоў, якое мае на мэце дыскрэдытацыю выбітнога праваабаронцы”.

Звесткі з банкаў Літвы не могуць быць выкарыстаныя як доказы
Перададзеныя Літвою звесткі пра рахункі Алеся Бяляцкага не могуць служыць доказам у судовым працэсе, – з такой заявай выступіла Міністэрства юстыцыі Літвы.

«Пару месяцаў таму мы афіцыйна праінфармавалі ўлады Беларусі, што анулюем звесткі, перададзеныя Міністэрствам юстыцыі Літвы на падставе дамовы аб прававой дапамозе, і што гэтыя звесткі не могуць быць выкарыстаныя ў якасці юрыдычнага доказу ў судзе», – гаворыцца ў заяве міністра юстыцыі Літвы Рэмігіюса Шымашуса.

«Прававыя дамовы і сістэма міжнароднага супрацоўніцтва служаць выкрыццю тэрарыстаў і адсочванню злачынцаў, а таксама забеспячэнню большае бяспекі і не могуць выкарыстоўвацца ў палітычных мэтах», – сцвярджаецца ў заяве.

 Літва і Польшча заявілі, што ўлады Беларусі ў гэтым выпадку дапусцілі злоўжыванне механізмам прававой дапамогі.

Amnesty International патрабуе вызвалення Бяляцкага
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International заявіла, што беларускія ўлады павінны вызваліць «вядомага праваабаронцу, арышт якога па абвінавачаньні ў сур’ёзным ухіленьні ад выплаты падаткаў, як мяркуюць, меў палітычную падаплёку».

 «Алесь Бяляцкі быў схоплены на хвалі жорсткага перасьледу абаронцаў правоў чалавека і актывістаў у Беларусі. Беларускія ўлады маюць права караць ухіленьні ад выплаты падаткаў як злачынства, але гэтыя абвінавачаньні зьяўляюцца відавочна палітычна матываванымі і былі выстаўленыя проста таму, каб спыніць яго праваабарончую дзейнасьць», – сказаў Джон Дальхойсэн, намеснік дырэктара Amnesty International па Эўропе і Сярэдняй Азіі.

«Адмаўляючы ў рэгістрацыі недзяржаўным арганізацыям і гэтым самым не дазваляючы ім дзейнічаць адкрыта, урад Беларусі прымушае актывістаў такіх, як Алесь Бяляцкі, выкарыстоўваць для фінансаваньня іх працы банкаўскія рахункі ў суседніх краінах. Ён павінен быць вызвалены неадкладна і безумоўна» – дадаў Дальхойсэн.

Артыкулы па тэме

Пачынаецца суд над Бяляцкім. Замежных праваабаронцаў у Беларусь не пусцілі

Фундацыя Дамоў правоў чалавека супраць пераследу Бяляцкага

Да арышту Бяляцкага датычны літоўскі бок