Прагляд фільма і дыскусія былі арганізаваныя Домам правоў чалавека ў Вільні разам з ByWatch і Літоўскім цэнтрам правоў чалавека у межах кінафестывалю “Нязручнае кіно”. Місія гэтай некамерцыйнай ініцыятывы заключаецца ў павышэнні дасведчанасці па пытаннях правоў чалавека ва ўсім свеце. Прадстаўляючы розныя дакументальныя фільмы па асноўных тэмах, звязаных з правамі чалавека, арганізатары спадзяюцца заахвочваць грамадскія дэбаты па пытаннях правоў чалавека.
Гледачам быў паказаны трыццаціхвілінны фільм «Пастаноўка рэвалюцыі” аб дзейнасці Свабоднага тэатра Беларусі. Людзі, зацікаўленыя ў тым, каб патрапіць на выступленне тэатра, накіроўваюцца па электроннай пошце і праз SMS-паведамленні ў пэўныя месцы на ўскраінах Мінска, адкуль іх затым асцярожна прыводзяць у невялікі дом. У “апошняй дыктатуры Еўропы”, як часта называюць рэжым Лукашэнкі, гэты маленькі будынак з невялікай імправізаванай глядзельнай залай і групай энтузіястаў ёсць унікальны востраў волі. Хоць акцёры добра ведаюць, што кожны спектакль, у якім яны крытыкуюць рэжым Лукашэнкі, цалкам можа стаць іх апошнім, яны ўсё яшчэ працягваюць працу.
Пасля паказу фільма была арганізаваня дыскусія з былым вязнем турмы КДБ Уладзімірам Кобецам, беларускім грамадскім дзеячом Алегам Мяцеліцам ды Аляксандрам Атрошчанкавым, прэсавым сакратаром кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава. Адказваючы на пытанні аўдыторыі, удзельнікі заявілі, што беларускую апазіцыю аб’ядноўвае жаданне звергнуць рэжым Лукашэнкі і той факт, што нягледзячы на прыналежнасць да розных арганізацый, усе яны сядзелі ў адной турме КДБ. Аляксандр Атрошчанкаў (на фота) пры гэтым падкрэсліў, што людзі не хочуць звяржэння ўраду сілай, а наадварот – чакаюць дэмакратычных пераменаў мірным шляхам.
Артыкулы па тэме
У Беларусі прымаюцца "антырэвалюцыйныя" папраўкі ў заканадаўства
Улады Беларусі прыдумалі, як пазбавіцца ад акцый маўклівага пратэсту