Папраўкі былі ініцыяваныя Міністэрствам унутраных спраў пасля серыі паспяховых летніх маўклівых акцыяў пратэсту грамадзянаў, не згодных з палітыкай кіраўніцтва краіны. Палата прадстаўнікоў прыняла адразу ў двух чытаннях законапраект, скіраваны якраз супраць такіх акцыяў. Важна адзначыць, што папраўкі разглядаліся ўпотай. 3 кастрычніка,  калі пачалася восеньская сесія, журналісты не атрымалі, як гэта было звычайна, парадак дня першага паседжання. Ім быў раздадзены толькі агульны спіс з 39 пытанняў, якія дэпутаты мяркуюць разгледзець цягам усёй восеньскай сесіі. У  першым чытанні быў разгледжаны  законапраект «Аб банкруцтве», а потым было аб’яўлена, што пазней будуць разглядацца кадравыя пытанні. Так быў абвешчаны перапынак для падрыхтоўкі бюлетэняў, а трансляцыя паседжання ў прэсавы цэнтр была адключана.Такім чынам, паседжанне, на якім абмяркоўваўся гэты дакумент, прайшло без журналістаў.

Караць за “бяздзеянне” пакуль не наважваюцца
Напачатку было прапанавана артыкул 2 абзац восьмы дапоўніць сказам наступнага зместу: “Да пікетавання прыраўноўваецца сумесная масавая прысутнасць грамадзян у загадзя вызначаным грамадскім месцы (у тым ліку пад адкрытым небам) і ўсталяваны час для здзяйснення загадзя вызначанага дзеяння ці бяздзеяння, арганізаванае (у тым ліку праз глабальную камп’ютэрную сетку Інтэрнэт або іншыя інфармацыйныя сеткі) для публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных настрояў або пратэсту”. Пазней дэпутаты замянілі словы «дзеянне альбо бяздзеянне» на слова «учынкі».

Сярод іншага законапраектам прадугледжваецца пашырэнне паўнамоцтваў супрацоўнікаў органаў унутраных справаў. Паводле законапраекту, яны маюць права агароджваць тэрыторыі месцаў правядзення масавых мерапрыемстваў, рабіць фота- і вэдэаздымкі, патрабаваць ад грамадзянаў пакінуць месца правядзення масавага мерапрыемства, калі яны парушаюць грамадскі парадак, спыняць допуск грамадзянаў у месца правядзення масавага мерапрыемства з улікам умяшчальнасці ўказанага месца.

5 верасня на прэсавай канфэрэнцыі намеснік старшыні камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Палаты прадстаўнікоў Анатоль Глаз (на фота) распавёў пра асноўныя змены ў дзейны закон. Дэпутаты ўдакладнілі паняцце «пікетаванне»:

«Туды аднесеная арганізацыя несанкцыянаваных збораў грамадзян, у тым ліку і з дапамогай сацыяльных сетак інтэрнэту. Дапоўнены таксама артыкул 8 палажэннем, якое прадугледжвае, што да атрымання дазволу на правядзенне масавых мерапрыемстваў яго арганізатар не мае права аб’яўляць, у тым ліку і праз глабальную сетку інтэрнэт, пра дату, месца і час яго правядзення. Унясенне такіх змяненняў у гэтыя артыкулы дазволіць аднесці рознага кшталту флэш-мобы і падобныя акцыі да пікетавання».

Прываабаронцы: “Гэта проста драконаўскі закон”.

Старшыня юрыдычнай камісіі БХК Гары Паганяйла (на фота) кажа, што галоўнае ў папраўках тое, што акцыі пратэсту прыраўнялі да пікетавання. А гэта азначае, што на іх правядзенне трэба атрымліваць дазвол уладаў:

«Адным словам, зроблена ўсё так, каб пра ніякія масавыя акцыі ўжо нельга было і ўспамінаць. І каб пра іх забыцца. Гэта проста драконаўскі закон, які цалкам пазбаўляе нашых грамадзянаў права на свабоду мірных акцый і сходаў».

Паводле праваабаронцы Валянціна Стэфановіча (на фота), улады такім чынам адказалі на маўклівыя пратэсты ў краіне і акцыі “Стоп-бензін”.

 “Фактычна, флэш-мобы падводзяцца пад дзеянне закону аб масавых мерапрыемствах. То бок калі прапануецца нейкі флэш-моб для выказвання свайго стаўлення да чагосьці, у тым ліку шляхам бяздзеяння — напрыклад, стаяць і маўчаць, — гэта ўжо будзе расцэньвацца як пікет. Будуць, відаць, афармляць тых, хто робіць флэш-мобы, не па артыкуле 17.1 (дробнае хуліганства), а вось ужо будуць афармляць як удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Раней ім даводзілася выдумляць пра розныя нецэнзурныя лаянкі. Гэта працяг абмежавання права на мірныя сходы на заканадаўчым узроўні”.

***
Наступны этап прыняцця паправак і зменаў у закон — зацвярджэнне іх у Савеце рэспублікі.  Яго найбліжэйшае паседжанне запланаванае на 21 кастрычніка.

Артыкулы па тэме

Беларусам нельга маўчаць і пляскаць у далоні

У Беларусі затрымліваюць і збіваюць за маўчанне

Праваабарончыя арганізацыі з 16 краін накіравалі ліст да ўладаў Беларусі