Беларускі Дом правоў чалавека ў выгнанні ў Вільні ды шэраг праваабарончых і грамадскіх арганізацый, сярод якіх Belarus Watch (Літва), Праваабарончы цэнтр "Вясна" (Беларусь) , Беларускі Хельсінкскі камітэт, Цэнтр прававой трансфармацыі (Беларусь) накіравалі зварот Вярхоўнаму Прадстаўніку ЕЗ па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан, Міністру замежных спраў Літоўскай Рэспублікі, дзейнаму старшыні АБСЕ Аўдронюсу Ажубалісу, а таксама ў Бюро Вярхоўнага Камісара ААН па правах чалавека і ў Бюро Камісара па правах чалавека Рады Еўропы.
Арганізацыі-аўтары звароту сумесна з грамадскай кампаніяй "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання" выказваюць занепакоенасць ходам судовага разбору над абвінавачанымі ў датычнасці да тэрактаў у Рэспубліцы Беларусь Уладзіславам Кавалёвым і Дзмітрыем Канавалавым. Максімальнае пакаранне, прадугледжанае самым цяжкім з прад’яўленых ім артыкулам «Тэрарызм» – смяротнае пакаранне.
Аўтары звяртаюць асаблівую ўвагу на наступныя факты:
– У пацярпелых ад тэракту ў мінскім метро 11 красавіка застаецца нямала пытанняў з нагоды бесстароннасці і празрыстасці судовага працэсу і даступнасці матэрыялаў справы. Аляксандр Круты, прадстаўнік адной з пацярпелай ад выбуху 11 Красавік Інэсы Крутой, заявіў хадайніцтва аб адмене смяротнага пакарання смерцю і папрасіў суд адкласці разгляд справы. Некалькімі днямі пазней – 20 верасня – ён быў арыштаваны і адпраўлены ў цэнтр псіхічнага здароўя;
– Абвінавачаныя заявілі, што ў ходзе следства ў адносінах да іх ўжываліся катаванні ў мэтах атрымання прызнання ў здзяйсненні злачынства;
– Маці аднаго з абвінавачаных – Любоў Кавалёва, якая не верыць у віну сына, просіць падтрымаць хадайніцтва А. Крутога і прапануе стварыць ініцыятыўную групу па вынясенні пытання аб забароне на смяротнае пакаранне ў Беларусі на рэферэндум;
– У ходзе судовага працэсу незалежным журналістам забаранілі мець зносіны з пацярпелымі. Афіцыйныя ж СМІ, не чакаючы рашэння суда, ужо называюць В. Кавалёва і Д. Канавалава тэрарыстамі.
У сувязі с пералічанымі вышэй фактамі аўтары звароту просяць адрасатаў падтрымаць ініцыятывы пацярпелых і сваякоў абвінавачаных у тэрарызме па адмене смяротнага пакарання ў Беларусі; заклікаць беларускія ўлады ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне ды ўзяць сітуацыю вакол расследавання тэрактаў у Беларусі пад пільны кантроль у мэтах недапушчэння імітацыі правасуддзя і забойства дзяржавай уласных грамадзян, незалежна ад таго, прызнаныя яны вінаватымі ў цяжкіх злачынствах, ці прызнаюць сваю віну і сапраўды ці з’яўляюцца вінаватымі.
***
На дадзены момант Беларусь – гэта адзіная краіна ў Еўропе, дзе дагэтуль існуе і прымяняецца смяротнае пакаранне. З гэтай жа прычыны Беларусь не можа стаць краінай-удзельніцай Рады Еўропы. Пры гэтым беларуская дзяржава ігнаруе не толькі заклікі міжнароднай супольнасці да адмены гэтай варварскай меры пакарання, але і ўласныя міжнародныя абавязацельствы па супрацоўніцтве з праваабарончымі структурамі ААН. У прыватнасці, пра гэта сведчаць смяротныя прысуды ў дачыненні да грамадзян Андрэя Жука, Васіля Юзэпчука (2010), Андрэя Бурдыка і Алега Грышкаўца (2011), прыведзеныя ў выкананне нягледзячы на тое, што па іх справах былі пачатыя адпаведныя працэдуры Камітэта па правах чалавека ААН і прыгаворы не павінны былі выконвацца.
Артыкулы па тэме
Вызваленыя палітвязні распавялі пра ціск у турмах
Пасля тэракту ў Мінску прэзідэнт абяцае "зачыстку па ўсіх кірунках"