На педагагічнай нарадзе ў Мінску 29 жніўня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запрасіў прадстаўнікоў Еўрасаюза, Расіі  і беларускай апазіцыі абмеркаваць сітуацыю, што склалася ў краіне, за “круглым сталом”. Па словах кіраўніка дзяржавы, “наша сіла ў адзінстве”, а праблемы Беларусі “трэба вырашаць не на плошчах і барыкадах, а шляхам дыялогу, нармальнай чалавечай размовы”.

Замест “тупання і крычання на плошчах” Лукашэнка прапанаваў сесці за стол, “паглядзець адзін аднаму ў вочы і рэальна ацаніць, хто чаго варты і што могуць зрабіць для эфектыўнага паляпшэння сітуацыі ў краіне”.

“Хочаце ваяваць і змагацца – калі ласка: змагайцеся ў адкрытай дыскусіі, даказвайце сваю правату, адстойвайце свой пункт гледжання. Але не праз пагромы і не са зброяй у руках. Падобныя дзеянні будуць спыняцца неадкладна, як гэта было нядаўна ў апірышчах дэмакратыі”, – папярэдзіў прэзідэнт Беларусі (на фота).

“Я прапанаваў і Еўрапейскаму саюзу, хацеў бы прапанаваць і Расіі, іншым еўрапейскім і міжнародным структурам накіраваць сваіх прадстаўнікоў для ўдзелу ў гэтым круглым стале. Няхай яны заадно паглядзяць, хто ў нас чаго варты, якія ідэі вылучае і якія мэты перад сабой ставіць”, – сказаў Аляксандр Лукашэнка і ў чарговы раз назваў санкцый і ціск бесперспектыўнымі захадамі.

Дыялогу быць не можа, пакуль у краіне ёсць палітвязні
У сувязі з распачатай дыскусіяй, датычнай умоваў, фармату, удзельнікаў такога перамоўнага працэсу і патрабаванняў, якія могуць быць вынесены на ягоную павестку дня, Праваабрончы цэнтр “Вясна” публічна выказаў сваю пазіцыю праз адмысловую заяву.

“Вясна” лічыць, што “пачынаць перамовы немагчыма без неадкладнага і безумоўнага вызвалення і поўнай рэабілітацыі ўсіх палітзняволеных, у тым ліку — асуджаных да пазбаўлення волі ўмоўна ці з адтэрміноўкай выканання прысуду, а таксама аднаўлення на працы рэпрэсаваных адвакатаў”.

“Вясна” адзначае, што дадзеныя патрабаванні — “не ўмова дыялогу, а ўмова для пачатку дыялогу, без выканання якой ён проста немагчымы”.

“Кульмінацыяй рэпрэсіяў сталі падзеі 19 снежня 2010 года, калі за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту было арыштавана больш за 700 чалавек, абвінавачанне ў арганізацыі і ўдзеле ў “масавых беспарадках” ці “арганізацыі групавых дзеянняў, груба парушаючых грамадскі парадак” было прад’яўлена 43 асобам, сярод якіх – шэсць кандыдатаў у Прэзідэнты, 13 асобаў з’яўляліся падазраванымі, з якіх – яшчэ адзін кандыдат у Прэзідэнты. У дачыненні да большасці ўзятых пад варту парушаліся асноўныя працэсуальныя правы, а менавіта права на абарону, некаторыя з абвінавачаных заявілі, што ў дачыненні да іх выкарыстоўваліся катаванні.

Арганізаванаму ціску з боку ўладаў падвяргаліся адвакаты, якія ажыцяўлялі абарону абвінавачаных па дадзеных палітычна матываваных справах, вынікам чаго стала пазбаўленне адвакацкіх ліцэнзіяў і выключэнне з калегіяў цэлага шэрагу вядомых адвакатаў краіны.

На сённяшні дзень у турмах Беларусі знаходзяцца 20 палітычных зняволеных, сярод якіх тры кандыдаты ў прэзідэнты – Андрэй Саннікаў, Мікалай Статкевіч і Дзмітрый Ус, а таксама кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі; 11 чалавек адбываюць крымінальныя пакаранні, не звязаныя з пазбаўленнем волі, з якіх двое кандыдатаў у прэзідэнты – Уладзімір Някляеў і Віталь Рымашэўскі”, – сказана ў заяве.

Аўтары заявы настойваюць, каб умовамі магчымага дыялогу былі пытанні сістэмных зменаў, якія б зрабілі немагчымым з’яўленне новых палітычных закладнікаў, і перакананыя, што дыялёг нельга пачынаць, пакуль ня будзе свабоды мірных сходаў, асацыяцый, свабоды слова і выказваньня меркаваньняў, а таксама зьмены выбарчага заканадаўства.

“Толькі рэальныя крокі, скіраваныя на дэмакратызацыю краіны і правядзенне свабодных выбараў, з’яўляюцца падцверджаннем сістэмных, незваротных зменаў, гарантыяй таго, што ў краіне зноўку не з’явяцца чарговыя палітычныя вязні”, – гаворыцца ў заяве ПЦ “Вясна”.

Артыкулы па тэме

Палітвязняў вызваляюць, але адвакатам працаваць не даюць

Алесь Бяляцкі застанецца пад вартай яшчэ на 2 месяцы

"Няправільных" беларускіх адвакатаў пазбаўляюць ліцэнзій