23 жніўня праваабаронцы Зміцер Салаўёў, Марына Статкевіч, Алег Мацкевіч, Алена Лапцёнак і некалькі актывістаў зладзілі інфармацыйную акцыю на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску, дзе заклікалі падпісаць паручальніцтва за Алеся Бяляцкага.
Удзельнікі акцыі апранулі чорныя цішоткі з надпісам “Свабоду Алесю Бяляцкаму” і раздавалі мінакам улёткі з інфармацыяй пра дзейнасць старшыні праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага. Аднак акцыя доўжылася каля 10 хвілін, а пасля міліцыянты затрымалі ўсіх удзельнікаў акцыі і адвезлі іх у Цэнтральны РУУС. Усіх затрыманых адпусцілі толькі пасля складання пратаколу апытання, фатаграфавання і зняцця адбіткаў пальцаў. Пры гэтым было канфіскавана больш за 500 ўлётак.
23 жніўня акцыю ў падтрымку Бяляцкага зладзілі і гарадзенскія праваабаронцы. Грамадскія актывісты раздавалі адмысловыя бюлетэні, прысвечаныя арышту Алеся Бяляцкага. Напрыканцы акцыі трыма асобамі ў цывільным быў затрыманы мясцовы праваабаронца Віктар Сазонаў, які быў дастаўлены ў міліцэйскі пастарунак.
Праз некаторы час пасля гэтага ў грамадска-палітычным офісе па вуліцы Будзённага, а таксама ў кватэры Віктара Сазонава адбыўся так званы “агляд памяшкання”, санкцыянаваны пракурорам Ленінскага раёну Гародні. Былі канфіскаваныя 2 сістэмныя блокі, каля 7 маек “Свабоду Бяляцкаму!”, рэшты спецвыпуску бюлетэняў і улёткі ў падтрымку арыштаванага, праваабарончыя выданні.
Праз некаторы час Віктара Сазонава адпусцілі пасля складання пратаколу за незаконны выраб друкаванай прадукцыі.
23 жніўня у Магілёве адбылася акцыя праваабаронцаў у падтрымку Алеся Бяляцкага. Праваабаронцы і грамадскія актывісты распаўсюдзілі ў цэнтры Магілёва некалькі соцень буклетаў, прысвечаных праваабаронцу Алесю Бяляцкаму, які зараз знаходзіцца пад арыштам і якому пагражае вялікі тэрмін турэмнага зняволення. Падчас асвятлення акцыі былі затрыманыя грамадскі актывіст Павел Варашылаў, а таксама журналіст Аліна Скрыбунова і відэааператар Яўген Глушакоў. Цягам 2 гадзінаў усіх затрыманых апыталі і адпуцілі без складаньня пратаколаў.
Збор паручальніцтваў працягваецца
Нягледзячы на тое, што ў адказ на першыя паручальніцтвы следства адмовілася змяніць меру стрымання праваабаронцу нібыта з-за адсутнасці падставаў для гэтага, збор хадайніцтваў працягваецца. Некалькі сотняў іх плануецца перадаць у пракуратуру на гэтым тыдні. Паводле праваабаронцы Уладзіміра Лабковіча (на фота), падаваць паручальніцтвы ёсць сэнс.
“Безумоўна, чалавек незаконна ўзяты пад варту. Абсалютна, зыходзячы з юрыдычнага пункту гледжання, няма ніякіх падстаў, каб трымаць яго пад вартай. Гэтае рашэнне прымалася палітычна, і таму яно будзе адмяняцца палітычна. У нас спадар Бяляцкі — адзін з самых каштоўных закладнікаў, якога ўзяў сённяшні рэжым. І толькі ад гэтага будзе залежаць, калі ён будзе на волі. Бо з юрыдычным пунктам гледжання гэтая справа не мае нічога агульнага. Гэта выключна палітычная расправа, і ў следства няма ніякага доказу таго, што гэтыя грошы — прыбытак. Следству абсалютна вядома, што гэтыя грошы — дапамога палітвязням. Таму адбываецца палітычная расправа, якая планавалася вельмі даўно, адшуквалася любая нагода,” – заявіў Лабковіч.
Праваабаронцы заяўляюць, што працягваюць сваю дзейнасць, бо гэта было “самым галоўным яго патрабаваннем”.
Артыкулы па тэме
Вядомы беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі арыштаваны ў Мінску