Старшыня Беларускага Хельсікнскага камітэту Алег Гулак і кіраўнік юрыдычнай камісіі аб’яднання Гары Паганяйла накіравалі хадайніцтвы аб вызваленні Алеся Бяляцкага пад асабістыя паручальніцтвы. Паручальніцтвы будуць збірацца ва ўсім свеце, і праваабаронцы перакананыя, што шмат хто з сусветна вядомых асобаў падпіша  гэтую заяву.

“Мы патрабуем вызвалення яго з-пад варты і прымянення іншай меры стрымання – асабістага паручальніцтва. Мы ўжо накіравалі такія паручальніцтвы ў аддзел папярэдняга расследавання дэпартаменту фінансавых расследаванняў па Мінскай вобласці і Мінску. Гэтыя хадайніцтвы следчы павінен разгледзець цягам трох дзён. Наша задача – выкарыстаць усе магчымыя прававыя спосабы, каб Бяляцкага выпусцілі з-пад варты. Падставаў утрымліваць яго пад вартай абсалютна няма. Калі ў дзяржавы ёсць прэтэнзіі, то няхай яна высвятляе. А Бяляцкі можа знаходзіцца на волі і даваць тлумачэнні. Але трымаць яго пад вартай за даўгі – гэта абсалютна нецывілізавана”, – сказаў Гары Паганяйла (на фота).

Такім чынам, на дадзены момант праваабаронцам ужо ўдалося сабраць Больш за 100 подпісаў па Беларусі пад паручальніцтвам за вызваленне з-пад варты кіраўніка “Вясны” Алеся Бяляцкага, арыштаванага 4 жніўня.

“Мы толькі ўчора абвясцілі збор подпісаў, а сёння ўжо маем больш за сто. Людзі ідуць самі. Вось нядаўна прыходзіў Уладзімір Някляеў з жонкай, падпісаліся Аляксандар Фядута, Жана Літвіна, Алег Гулак, Гары Паганяйла ды яшчэ шмат вядомых асобаў. Актыўна збіраем подпісы не толькі ў Мінску, а па ўсёй Беларусі. Разлічваем хутка аднесці ў пракуратуру не меней за тысячу подпісаў пад паручальніцтвам за Алеся Бяляцкага”, — паведаміў Уладзімір Лабковіч з “Вясны” (на фота).

***

Алесь Бяляцкі быў затрыманы каля плошчы Перамогі ў Мінску і дастаўлены ў офіс Праваабарончага цэнтру «Вясна» для правядзення вобшуку. У яго кватэры ў Мінску і на лецішчы пад Мінскам таксама былі праведзеныя ператрусы. Як праваабаронца паспеў паведаміць сваім калегам па тэлефоне, ён абвінавачваецца ва “ўхіленні ад выплаты падаткаў”.

Паводле Дэпартамэнту фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржкантролю, Алесь Бяляцкі мусіць сплаціць каля 150 мільёнаў рублёў, або 29 тысяч даляраў паводле курсу Нацбанку, з грошай, якія паступалі на ягоны рахунак у літоўскім банку. Калегі Бяляцкага кажуць, што гэтыя сродкі ішлі на дапамогу пацярпелым ад беларускага рэжыму — з 2003 году “Вясну” пазбавілі рэгістрацыі, і праваабаронцы мусілі шукаць розныя шляхі, каб працягваць сваю дзейнасць.

Артыкул 243,2 беларускага Крымінальнага кодэкса “Ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры» прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Артыкулы па тэме

Да арышту Бяляцкага датычны літоўскі бок

Вядомы беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі арыштаваны ў Мінску

Улады Беларусі пераблыталі праваабаронцаў з тэрарыстамі