Як заявілі на прэс-канферэнцыі ў Беларускім Доме правоў чалавека ў Вільні калегі Бяляцкага, падставай для арышту праваабаронцы і ператрусаў у яго кватэры і офісе праваабарончага цэнтру “Вясна” стала інфармацыя аб банкаўскіх рахунках, якую беларускаму боку прадаставіла Міністэрства юстыцыі Літвы.

Намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч (на фота)  заявіў, што беларускія праваабаронцы, безумоўна, цэняць тую дапамогу, якую цягам доўгіх год Літва аказвала Беларусі, сведчанне якой – наяўнасць Дому правоў чалавека, які дзейнічае ў Вільні. Тым не менш, праваабаронцы глыбока абураныя тым, што менавіта з дапамогай Літвы адбыўся арышт Алеся Бяляцкага.

Паводле слоў Стэфановіча, інфармацыя аб рахунках была перададзеная ў сакавіку гэтага года. У пачатку ліпеня В. Стэфановіч і А. Бяляцкі былі выкліканыя ў Падатковую інспекцыю, якая прад’явіла праваабаронцам акт і раздрукоўкі банкаўскіх рахункаў у банках “SEB” і «DnB NORD».

«Сродкі, якія пералічваліся на рахункі ў Літве, накіроўваліся не на прыватныя патрэбы асобаў, на якіх тыя рахункі былі аформленыя, а на праваабарончую дзейнасць, у прыватнасьці – на падтрымку палітычных зняволеных у Беларусі”, – падкрэсліў Стэфановіч.

На прэс-канферэнцыі з нагоды арышту Бяляцкага Намеснік міністра юстыцыі Літвы Томас Вайткявічус паведаміў, што міністэрства перадало беларускім уладам інфармацыю пра банкаўскія рахункі ў Літве 400 грамадзян Беларусі.

Вайткявічус сказаў, што паміж Беларуссю і Літвой існуе дамова, паводле якой такая інфармацыя павінна прадастаўляецца паводле запыту кожнай з краінаў. Паводле віцэ-міністра, сёлета Літва перадала для Беларусі інфармацыю пра 400 чалавек.

Сярод іншага, Беларусі была перададзеная і інфармацыя аб прыватных рахунках, адкрытых на імя правабаронцы Алеся Бяляцкага і некаторых іншых беларускіх праваабаронцаў у літоўскіх банках «DnB NORD» і «SEB». Банкі мелі права адмовіцца выдаць гэтую інфармацыю, заявіў віцэ-міністр. Паводле яго, міністэрства накіравала ў банкі рэкамэндацыю перадаць гэтую інфармацыю, але гэта не было загадам.

Каментуючы дзеянні Міністэрства юстыцыі Літвы, Валянцін Стэфановіч адзначыў: “Я ведаю, як шмат Літва робіць для падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі. Я расцэньваю гэтую сітуацыю як пэўнае непаразуменне, але гэтае непаразуменне будзе дорага нам каштаваць”.

Праваабаронцы пратэстуюць супраць затрымання Бяляцкага
Затрыманне Алеся Бяляцкага выклікала абурэнне ў яго калегаў. Так, праваабарончы цэнтр “Вясна” крымінальную справу ў дачыненні да Алеся Бяляцкага “адназначна ўспрымае як расправу і помсту за ягоную шматгадовую праваабарончую дзейнасць, а таксама як імкненне знішчыць праваабарончы цэнтр “Вясна” і запалохаць увесь праваабарончы рух у Беларусі”.

“Вясна” патрабуе неадкладнага вызвалення Алеся Бяляцкага і спынення крымінальнага пераследу ў адносінах да яго, заяўляе пра намер працягваць сваю працу, выказвае жаль, што дзяржаўныя органы Літоўскай Рэспублікі стварылі спрыяльныя ўмовы для з’яўлення гэтай крымінальнай справы.

Міжнародная федэрацыя правоў чалавека таксама выказала сваю глыбокую занепакоенасць арыштам Алеся Бяляцкага, віцэ-прэзыдэнта гэтай арганізацыі.

У заяве, якую распазсюдзіла арганізацыя, сказана, што арышт з’яўляецца працягам хвалі рэпрэсій, якія пачаліся пасля прэзідэнцкіх выбараў.

 “З красавіка 2011 года Алесь Бяляцкі быў прадметам паклёпніцкай кампаніі ў дзяржаўных каналах радыё і тэлебачаньня, у ходзе якой ён быў прадстаўлены як “вораг народа нумар 1″. МФПЧ заклікае да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня яе віцэ-прэзідэнта Алеся Бяляцкага”, – зазначаецца ў заяве.

Фундацыя Дамоў правоў чалавека распаўсюдзіла заклік да неадкладнага і безумоўнага вызвалення Алеся Бяляцкага.

“Арышт Алеся Бяляцкага з’яўляецца новым крокам, скіраваным на падаўленне грамадзянскай супольнасці і дэлегітымізацыю праваабарончай дзейнасці ў Беларусі – беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі адбываліся ў краіне з 19 снежня 2010 года, і наступам на гэтага выбітнага праваабаронца ўлады паказваюць сваю гатоўнасць да падаўлення крытычных галасоў, ” – гаворыцца ў закліку.

Аўтары таксама заклікалі міжнародную супольнасць “выкарыстоўваць сваю палітычную волю, уладу й сілу, каб патрабаваць гарантавання праваабаронцам Беларусі магчымасці ажыццяўляць сваю законную і мірную дзейнасць у галіне правоў чалавека без страху рэпрэсій і свабодна ад усіх абмежаванняў, уключаючы судовы пераслед”.

***

Алесь Бяляцкі быў затрыманы каля плошчы Перамогі ў Мінску і дастаўлены ў офіс Праваабарончага цэнтру «Вясна» для правядзення вобшуку. У яго кватэры ў Мінску і на лецішчы пад Мінскам таксама былі праведзеныя ператрусы. Як праваабаронца паспеў паведаміць сваім калегам па тэлефоне, ён абвінавачваецца ва “ўхіленні ад выплаты падаткаў”.

Артыкул 243,2 беларускага Крымінальнага кодэкса “Ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры» прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Бяляцкі з’яўляецца старшынём Праваабарончага цэнтра “Вясна” з 1998 года. Арганізацыя была афіцыйна зачыненая рашэннем суда ў 2003 годзе пасля актыўнага ўдзелу ў назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі.

Праваабаронцы  неаднаразова спрабавалі зарэгістраваць арганізацыю, але беспаспяхова. Міжнародная супольнасць лічыць рэпрэсіі супраць “Вясны” і кіраўніцтва Праваабарончага цэнтру палітычна матываванымі. Праваабарончы цэнтр “Вясна” з’яўляецца членам Міжнароднай асацыяцыі па правах чалавека (FIDH). Сотні ахвяр рэжыму атрымалі прававую ды іншыя віды дапамогі дзякуючы “Вясне”.

Артыкулы па тэме

Вядомы беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі арыштаваны ў Мінску

"Няправільных" беларускіх адвакатаў пазбаўляюць ліцэнзій

Улады Беларусі пераблыталі праваабаронцаў з тэрарыстамі