26 ліпеня яшчэ 2 адвакаты, якія абаранялі абвінавачаных па справе 19 снежня, не прайшлі пазачарговую атэстацыю, ініцыяваную Міністэрствам юстыцыі. Ганна Бахціна, адвакат Ірыны Халіп, і Дар’я Ліпкіна, якая абараняла Мікіту Ліхавіда, не былі атэставаныя.

Паседжанне атэстацыйнай камісіі адбылося 26 ліпеня, яго ўзначаліў начальнік галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінгарвыканкама Мікалай Зелянко. У якасці прычын неатэстацыі Ганне Бахціной былі прадстаўленыя  “парушэнне адвакацкай дзейнасці і правіл прафесійнай этыкі, а таксама вядзенне маленькай прававой прапаганды сярод насельніцтва”.

Ганна Бахціна ўжо зрабіла пісьмовую заяву ў атэстацыйную камісію, у якой аб’явіла пра свой намер абскардзіць яе рашэнне. Адвакат чакае палажэнне пра абскарджанне, якое ёй пакуль не прадстаўлена. “Ад сваіх планаў, ад сваіх жаданняў абараняць сябе саму я не адмаўляюся, і буду рабіць гэта ў поўнай меры”, — заявіла Бахціна

Дар’я Ліпкіна, якая абараняла фігуранта крымінальнай справы аб масавых беспарадках Мікіту Ліхавіда, заявіла, што не згодная з рашэннем атэстацыйнай камісіі.

“Атэстацыйная камісія не мае права што-небудзь вырашаць наконт спынення паўнамоцтваў або працягу дзейнасці”, — адзначыла адвакат.

Згодна з працэдурай, матэрыялы атэстацыйнай камісіі перадаюцца ў кваліфікацыйную камісію, якая і прымае рашэнні.

Гэтыя рашэнні можна абскардзіць у судовым парадку. “Якое рашэнне будзе наконт мяне, я не ведаю, але з адмоўным рашэннем, безумоўна, не пагаджуся”, — сказала Ліпкіна.

 

Праваабаронцы падтрымалі адвакатаў
Пяць праваабарончых арганізацый Беларусі звярнуліся да  спецдакладчыка ААН у пытаннях незалежнасці суддзяў і адвакатаў Габрыэлы Кнаўль у сувязі з пазбаўленнем ліцэнзій адвакатаў, якія абаранялі фігурантаў справы  19 снежня.

Зварот падпісалі Алена Танкачова (Фонд развіцця прававых тэхналогій), Вольга Смалянка (Цэнтр прававой трансфармацыі),  Раіса Міхайлоўская (Цэнтр па правах чалавека), Таццяна Равяка (Беларускі дом правоў чалавека), Алег Гулак (Беларускі Хэльсінкскі камітэт) і юрыст, палітолаг, Юры Чавусаў.У звароце праваабаронцы інфармуюць спецдакладчыка аб пазбаўленні адвакацкіх ліцэнзій Ганны Бахцінай, Дар’і Ліпкінай, Зарыны Агеевай, а таксама аб пачатку крымінальнай справы адносна Тацяны Агеевай.

Праваабаронцы выказваюць занепакоенасць сітуацыяй, якая склалася, а менавіта няспынным ціскам на адвакацкую супольнасць Беларусі, а таксама фактамі запалохвання і пазбаўлення адвакацкіх ліцэнзій, што ставіць пад пагрозу незалежнасць адвакацкай супольнасці Беларусі.

“Просім Вас адрэагаваць на гэтае паведамленне ў самыя кароткія тэрміны і распачаць усе магчымыя дзеянні ў рамках вашага мандата”, – сказана ў звароце.

***
У лютым Мінюст пазбавіў ліцэнзій чатырох адвакатаў Мінскай гарадской калегіі адвакатаў – Алега Агеева, Таццяну Агееву, Уладзіміра Тоўсціка і Тамару Гараеву, якія абаранялі фігурантаў справы аб масавых беспарадках у Мінску пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 году. 6 сакавіка з складу калегіі быў выключаны адвакат Павал Сапелка.

Артыкулы па тэме

Рэпрэсаваны беларускі адвакат: “Я буду далей бараніць правы чалавека”

Еўрапейскія адвакаты накіравалі ліст міністру юстыцыі Беларусі

Абсурд: у адвакатаў забралі ліцэнзію, бо яны паддаліся на ціск КДБ (абноўлена)