17 чэрвеня на 17-й сесіі Рады ААН па правах чалавека была прынятая рэзалюцыя аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Рэзалюцыя, вылучаная дэлегацыяй Еўрапейскага Саюза, была падтрыманая Канадай, Нарвегіяй, ЗША, Швейцарыяй, Паўднёвай Карэяй, Японіяй, большасцю лацінаамерыканскіх краінаў – сябраў Рады, а таксама дэлегацыямі Габона, Замбіі, Іарданіі, Маўрыкія, Мальдываў і Уругвая. Супраць прыняцця мераў у дачыненні да Беларусі прагаласавалі ўсяго 5 краін: Кітай, Куба, Расія, Нігерыя і Эквадор.
Для падрыхтоўкі чэрвеньскай сэсіі Рады былі распачатыя дзеянні з мэтай прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасці да парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі.
Ганна Герасімава, дырэктар Беларускага Дому правоў чалавека, узяла ўдзел ў сумесным брыфінгу, арганізаваным ЕС для краін-“аднадумцаў”, і прысутнічала на сустрэчах з краінамі з розных рэгіёнаў, такіх як Бразілія, Нігерыя, Украіна і іншыя.
У рэзалюцыі асуджаюцца дзеянні ўладаў Беларусі па дэстабілізацыі сітуацыі з правамі чалавека, таксама ў рэзалюцыі прысутнічаюць заклікі спыніць палітычна матываваны пераслед лідэраў апазіцыі і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, выконваць міжнародныя стандарты ў галіне забеспячэння справядлівага і бесстаронняга правасуддзя, вызваліць усіх палітычных зняволеных, правесці дбайнае незалежнае расследаванне неабгрунтаванага і непрапарцыйнага прымянення сілы да ўдзельнікаў акцыі 19 снежня 2010 года, а таксама фактаў прымянення катаванняў. Акрамя таго, дакумент змяшчае патрабаванне паважаць свабоду выказвання меркавання, асацыяцый і мірных сходаў, выконваць міжнародныя абавязацельствы ў рамках АБСЕ і дапусціць прысутнасць АБСЕ на тэрыторыі Беларусі.
Рада ААН звярнулася з просьбай да вярхоўнай камісаркі ААН у пытаннях правоў чалавека Наві Пілэй сачыць за сітуацыяй у Беларусі і зрабіць ацэнку стану рэчаў на паседжанні рады ў верасні.
Афіцыйны Мінск аператыўна адгукнуўся на рэзалюцыю. МЗС Беларусі асудзіў яе, назваўшы “палітычна матываванай і неабгрунтаванай”, а таксама заявіў, што рэзалюцыя “будзе мець дэструктыўныя наступствы для Рады ў пытаннях правоў чалавека і праваабарончых структур ААН у цэлым”.
Міністры адзначылі памылкі Беларусі
20 чэрвеня ў Люксембургу адбылося паседжанне Рады па замежных справах, дзе былі абмеркаваныя праблемныя пытанні і прыняты шэраг рашэнняў у адносінах Беларусі. Найперш адзначаны палітычны пераслед, у тым ліку зняволенне экс-кандыдатаў у прэзідэнты. У тым ліку выказваецца “глыбокая заклапочанасць у сувязі з паведамленнямі аб катаваннях і іншых формах жорсткага абыходжання ў беларускіх турмах” і ўлады настойліва заклікаюцца “паважаць міжнародныя абавязацельствы, што ўзяла на сябе Беларусь, у прыватнасці, поўную забарону на прымяненне катаванняў і жорсткага, бесчалавечнага і зневажальнага абыходжання”.
Другое адзначанае пытанне – гэта парушэнні права на свабоду слова. ЕЗ згадвае іскі на закрыццё «Нашай Нівы» і «Народнай Волі», закрыццё «Аўтарадыё» і суд над Пачобутам.Таксама было сказана, што Беларусь мусіць «паважаць нормы дыпламатычнага імунітэту … і спыніць запалохванне і пераслед» дыпламатычнага персаналу краін ЕЗ у Беларусі.
Рада Міністраў ЕЗ заяўляе, што ў выпадку далейшага пагаршэння сітуацыі гатовы разглядаць пытанне «аб далейшых кропкавых мерах ва ўсіх галінах супрацоўніцтва па меры неабходнасці».
Санкцыі ў дачыненні “асабістага банкіра” Лукашэнкі
Міністры замежных справаў краінаў Еўразвязу на сустрэчы ў Люксембургу таксама прынялі рашэнне замарозіць рахункі «трох кампаній, звязаных з рэжымам».
Гэтае рашэнне прынятае з мэтай узмацнення фінансавага ціску на беларускія ўлады, каб вымусіць іх спыніць рэпрэсіі і нармалізаваць адносіны з ЕЗ. Вырашана таксама дадаць у спіс 188-мі неўязных у ЕЗ беларускіх службоўцаў яшчэ некалькі бізнесоўцаў.
Такім чынам, еўрапейскія санкцыі ўпершыню закрануць бізнэс: пад іх дзеянне падпадае набліжаны да Лукашэнкі бізнесовец Уладзімір Пефціеў (на фота) і ягоная фірма «Белтэхэкспарт» (гандаль зброяй), а таксама маркетынгавая фірма «Спорт-пары».
Па вэрсіі часопісу Forbes, у 2010 годзе Пефціеў стаў другім найбагацейшым чалавекам Беларусі пасля кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі. Ён вядомы як «асоба, звязаная з прэзідэнтам Лукашэнкам і яго сям’ёй». «Галоўны эканамічны дарадца прэзідэнта Лукашэнкі і ключавы фінансавы спонсар рэжыму Лукашэнкі. Старшыня савета акцыянераў „Белтэхэкспарта“, найбуйнейшай у Беларусі кампаніі імпарту-экспарту ўзбраенняў», — адзначаюць у ЕЗ.
Сузаснавальнікам «Спорт-пары» з’яўляецца Прэзідэнцкі спартовы клуб, які ўзначальвае Дзмітрый Лукашэнка, сын кіраўніка Беларусі.
Таксама пад санкцыі падпала і фірма «БТ Тэлекамунікацыі» — генеральны спонсар Прэзідэнцкага спартовага клуба.
Беларускі АМАП застанецца без амуніцыі?
Еўразвяз таксама ўвёў эмбарга на пастаўку ў Беларусь зброі і матэрыялаў, якія могуць выкарыстоўвацца для падаўлення грамадства.
Часопіс права ЕС апублікаваў доўгі спіс рэчаў, забароненых для продажу Беларусі. Апрача зброі і выбухоўкі, пералічваецца доўгі спіс іншых рэчаў.
Сярод іх — аўтазакі, вадамёты, абсталяванне для начнога бачання, амуніцыя, якая ўключае шлемы і шчыты. Забароненыя для продажу ваенныя і баявыя нажы ды штыкі з лязом, даўжэйшым за 10 см.
Артыкулы па тэме
СМІ – "ахвярныя казлы" эканамічнага крызісу ў Беларусі