Масавыя хваляванні і дэманстрацыі ў Тунісе, Лівіі, Егіпце, Мароку пачыналіся з адпаведнага закліку ў Інтэрнэце, арганізоўваліся і каардынаваліся праз сацыяльныя сеткі. Мабыць, праз гэта аўтарытарныя беларускія ўлады бачаць пагрозу ў сацыяльных сетках і стараюцца ліквідаваць суполкі, якія маглі б неяк пагражаць дзеючаму рэжыму.
3 чэрвеня да Сержука Паўлюкевіча (на фота), адміністратара суполкі “Мы за вялікую Беларусь” і арганізатара сустрэчы “Марш мільёнаў”, завіталі супрацоўнікі КДБ. У Сяргея канфіскавалі камп’ютар, а хлопца забралі ў КДБ, дзе запатрабавалі выдаліць суполку. Тады Паўлюкевіч папросту адключыў усе блокі суполкі, але ён абавязкова збіраецца аднаўляць «Мы за вялікую Беларусь».
Суполка рыхтавала «Марш мільёнаў» за адстаўку Лукашэнкі. Удзельнікі заклікалі распачаць яго 15 ліпеня на цэнтральнай плошчы Мінска. У суполцы «Мы за вялікую Беларусь!» было 120 000 удзельнікаў.
У КДБ хлопца папярэдзілі, каб больш не займаўся гэткай «лухтой», і што, калі ён не перастане запрашаць людзей выходзіць на Плошчу, яму пагражае артыкул 342 Крымінальнага кодэкса.
Каля апоўначы 3 чэрвеня супрацоўнікі КДБ прыйшлі таксама і на кватэру да Зміцера Няфёдава, аднаго з адміністратараў групы «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» Вконтакте. Суполка «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» была створаная дзеля прыцягнення ўвагі грамадзян да запланаванай на 15 ліпеня грамадзянскай акцыі на цэнтральнай плошчы ў Мінску. Там заклікаюць выходзіць, каб паказаць, колькі дакладна людзей жадае пераменаў. Ні аб якіх гвалтоўных дзеяннях гаворкі ў супольнасці не вядзецца.
Як паведаміў адзін з сяброў Няфёдава, ператрус праводзіўся павярхоўна. Галоўная мэта прыходу – забраць кампутар. Падчас вобшуку на Дзмітрыя склалі адміністрацыйны пратакол нібыта за лаянку.
Аднак падчас суда суддзя Мікалай Балаўнёў звярнуў увагу на тое, што ўказаны ў пратаколе час, калі Дзітрый Няфёдаў нібыта лаяўся, не супадае з часам правядзення вобшуку на яго кватэры і накіраваў справу на дапрацоўку. Грамадскага актывіста вызвалілі ў залі суда.
Выдаленне групы як рэклама
Спецыяліст па сацыяльных сетках Аляксей Лявончык сцвярджае, што татальны кантроль і забароны не вырашаць праблемы, бо знішчыць суполку не так проста.
“Па-першае, групу можна аднавіць. Па-другое, тое, што будзе выдалена адна група, — мне падаецца, гэта своеасаблівая рэклама, і людзі пачнуць аб’ядноўвацца ў іншыя групы …
У прынцыпе, я не бачу ў гэтым праблемы. Можна выдаліць адну групу, але такіх палітызаваных суполак vkontakte — хіба дзясятак, вядома, не такіх вялікіх. Таму народ проста пачне разыходзіцца па іншых”.
Паслухалі – і зрабілі наадварот
Важна адзначыць, што актывісты былі затрыманыя пасля таго, як прадстаўнік АБСЕ ў пытаннях свабоды СМІ Дуня Міятавіч (на фота) заявіла, што ў ХХI стагодздзі доступ да Інтэрнэту з’яўляецца асновай існавання плюралізму і дзяржаўнаму рэгуляванню, якое перашкаджае доступу да Інтэрнэту, не можа быць апраўдання.
“Інтэрнэт дае беспрэцэдэнтныя магчымасці для пашырэння свабоды выказвання меркаванняў і плюралізму. Ён з’яўляецца адным з найважнейшых элемэнтаў пабудовы і ўмацавання дэмакратыі”, – заявіла Міятавіч у Будапешце пасля падпісання Сумеснай дэкларацыі аб свабодзе выказванняў і доступу да Інтэрнэту.
Артыкулы па тэме
СМІ – "ахвярныя казлы" эканамічнага крызісу ў Беларусі
Пратэстоўцаў судзяць, журналістаў збіваюць, праваабаронцаў выганяюць