Эканоміка Беларусі перажывае цяжкія часы: набыць валюту практычна немагчыма, ля абменнікаў вялізныя чэргі, кошты на некаторыя спажывецкія тавары выраслі амаль удвая, але людзі працягваюць разбіраць цукар, алей і крупы і скупляць бытавую тэхніку і золата, каб куды-небудзь укласці беларускія грошы, якія з кожным днём усе больш абясцэньваюцца.
Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка (на фота) вырашыў, што вінаватыя ў тым, што ў краіне склалася такая сітуацыя, “замежныя СМІ” – найперш расейскія, якія ўсё яшчэ карыстаюцца немалой папулярнасцю ў Беларусі. Так, 27 мая на нарадзе па бягучай сітуацыі на спажывецкім і валютным рынку Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў спыніць працу ў Беларусі расейскіх СМІ за тое, што яны “нагнятаюць абстаноўку“.
“Найбольшая істэрыя ў расійскіх сродках масавай інфармацыі. Я назіраю і за нашымі, <...> і за замежнымі. На другім месцы — нашы, якія выдаюцца тут. Я іх не называю, каб не ствараць ім рэйтынгу, але зрабіце ўсё, каб гэтыя СМІ больш не прысутнічалі на нашай тэрыторыі», — сказаў Лукашэнка.
Юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец (на фота) заявіў, што “можна пералічыць з дзесятак артыкулаў Канстытуцыі, якія фактычна перакрэсленыя гэтымі словамі кіраўніка дзяржавы”.
Старшыня БАЖ Жанна Літвіна (на фота) пракаментавала сітуацыю так: “Настроі людзей выходзяць з-пад кантролю. Патрабаванне закрыцця сродкаў масавай інфармацыі — знак таго, што, нягледзячы на ўсю сваю актыўнасць і агрэсіўнасць, афіцыйная прапагандысцкая машына не спрацоўвае. Таму ўлада спрабуе такім абсалютна нецывілізаваным чынам прыбраць тых, хто стварае „канкурэнцыю“ гэтай прапагандзе. Гэта свайго роду адказ на запатрабаванасць у грамадстве інфармацыі без цэнзуры. Людзі хочуць ведаць, што адбываецца насамрэч”.
Тым не менш, З0 мая з Беларусі ўжо быў высланы першы расійскі журналіст. Радзівон Марынічаў (на фота), карэспандэнт расійскага тэлеканала «Дождь», быў затрыманы ў Мінску пасля інтэрв’ю з журналісткай Ірынай Халіп, жонкай экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава. На вуліцы журналіста спынілі міліцыянты, якія зацікавіліся змесцівам сумкі і дакументамі. Праверыўшы пашпарт, яны ўбачылі пасведчанне тэлеканала «Дождь» і запыталіся пра акрэдытацыю. Тлумачэнне наконт працы ў «прыватным парадку» міліцыянтаў не задаволіла, і яны прапанавалі Марынічаву прайсці ў аддзяленне міліцыі.
Журналіста выпусцілі праз 3 гадзіны, але папярэдне забралі карту памяці з усімі відэазапісамі. Цяпер Радзівон Марынічаў дэпартаваны, і ўезд на тэрыторыю краіны яму забаронены на 5 гадоў.
Вінавацяць і ў парнаграфіі…
Між тым улады Беларусі не забываюцца і на беларускіх журналістаў, якіх таксама знаходзяць у чым абвінаваціць. Так, гарадзенскі журналіст Аляксей Салей (на фота), супрацоўнік часопісу «Magazyn Polski na uchodzstwie», абвешчаны ў вышук.
16 мая стала вядома, што сайце Гарадзенскага абласнога УУС з’явілася інфармацыя: “Аддзелам унутраных справаў адміністрацыі Ленінскага раёну Горадні расшукваецца Аляксей Салей, які абвінавачваецца ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага часткай 2 артыкула 343 Крымінальнага кодэксу РБ «Выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў альбо прадмэтаў парнаграфічнага характару з выявай непаўнагадовых”.
19 снежня 2010 Салей быў на Плошчы, дзе выконваў свае прафесійныя абавязкі разам з яшчэ адным гарадзенскім журналістам Андрэем Пачобутам. Пасля гэтага Салея выклікалі ў КДБ з нагоды яго знаходжання на Плошчы і правялі ператрус у яго дома.
28 сакавіка стала вядома, што 18 сакавіка 2011 году на знакамітага гарадзенскага журналіста Андрэя Пачобута (на фота) была заведзеная крымінальная справа “за абразу прэзідэнта Беларусі”.
Паводле пракуратуры, абразы Лукашэнку Пачобут наносіў на старонках польскай “Gazety Wyborczej”, сайта «Белорусский партизан», і свайго блога poczobut.livejournal.com на працягу 2010—2011 гг.
Маці Аляксея Салея Ірына лічыць, што распачатая супраць яе сына крымінальная справа – гэта палітычная расправа: “Майго сына пераследуюць найперш за тое, што ён адмовіўся сведчыць супраць журналіста Андрэя Пачобута. Калі яго выклікалі ў КДБ, ён, вярнуўшыся дахаты, расказаў мне, што яму прапанавалі агаварыць Андрэя Пачобута, а ён адмовіўся. Яму пагражалі, што ён пашкадуе пра такое сваё рашэнне. Потым, калі міліцыя прыходзіла да мяне, мне таксама казалі так: “Глядзіце, каб яму не было горш, хай прыйдзе да нас і раскажа ўсё, як трэба”. <...> Я перакананая, што ён ні ў чым не вінаваты і збіраюся патрабаваць у следчых органаў спынення крымінальнай справы”.
Заступаюцца за калегаў
Кіраўнік бюро Еўропы і краін былога Савецкага Саюзу арганізацыі «Рэпарцёры без межаў» Ёхан Бір выказаўся пра парушэнні права на свабоду слова ў Беларусі.
“Усё больш і больш мы бачым пашырэнне ўжывання палітычных рэпрэсіяў у Беларусі ў дачыненні да журналістаў. Ідуць судовыя працэсы без усялякіх на тое падставаў, журналістаў садзяць у турмы, штрафуюць” , — сказаў Ёхан Бір.
Бір заявіў , што «Рэпарцёры без межаў” вельмі занепакоеныя развіццём сітуацыі і запэўніў, што ўсе выпадкі парушэння свабоды слова ў Беларусі фіксуюцца.
Сітуацыю са свабодай слова ў Беларусі абмеркавалі і на пасяджэнні выканаўчага камітэту Асацыяцыі еўрапейскіх журналістаў, дзе была прынятая адмысловая заява.
«АЕЖ заклікае прэзідэнта і ўрад Беларусі ануляваць прысуды і зняць усе абвінавачванні са Зміцера Бандарэнкі, Аляксандра Фядуты, Ірыны Халіп, Наталлі Радзінай, Паўла Севярынца і Сяргея Вазняка», — сказана ў заяве, што падпісалі генеральны сакратар Асацыяцыі еўрапейскіх журналістаў Пітэр Крамер і прадстаўнік арганізацыі па свабодзе медыяў Уільям Хорслі.
Еўрапейская арганізацыя таксама асудзіла вылучэнне крымінальных абвінавачванняў супраць сябра БАЖ Андрэя Пачобута.
Міжнародная назіральная місія Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі таксама распрацавала і распаўсюдзіла заяву “Аб перашкодзе дзейнасці замежных сродкаў масавай інфармацыі у Рэспубліцы Беларусь” , у якой выказала глыбокую занепакоенасць у сувязі з тым, што практыка апошніх месяцаў прадэманстравала негатыўныя наступствы дзеяння Закона Рэспублікі Беларусь” Аб сродках масавай інфармацыі “ў частцы рэгулявання прафесійнай дзейнасці замежных СМІ.
У заяве Міжнародная назіральная місія патрабуе:
прывядзення Закона “Аб сродках масавай інфармацыі” ў адпаведнасць з рэкамендацыямі Бюро Прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ ад 2008 года;
спынення практыкі выправаджэння і беспадстаўнага пазбаўлення акрэдытацыі журналістаў замежных СМІ;
захавання ўладамі Рэспублікі Беларусь ўзятых на сябе міжнародных абавязацельстваў у сферы забеспячэння свабоды СМІ, якія тычацца, у прыватнасці, садзейнічання ўезду і атрымання акрэдытацыі замежных журналістаў;
гарантый недапушчэння ўладамі Рэспублікі Беларусь падобных выпадкаў ціску на журналістаў у будучыні.
Артыкулы па тэме
Пратэстоўцаў судзяць, журналістаў збіваюць, праваабаронцаў выганяюць