Супрацоўніцтва з Домам правоў чалавека для вядомага беларускага адваката – не навіна: яшчэ ў 2006 г. ён стаў удзельнікам праграмы “Прымяненне міжнароднага права ў праваабарончай дзейнасці”. Праз сваю актыўнасць у галіне абароны правоў грамадзян, у тым ліку палітвязняў, ды вострыя інтэрв’ю беларускім СМІ Павел Сапелка і страціў працу – 4 сакавіка 2011 г. пад ціскам Міністэрства юстыцыі Беларусі рашэннем прэзідыуму Мінскай гарадской калегіі адвакатаў было прынятае рашэнне аб скасаванні яго адвакацкай ліцэнзіі.
Цяпер ён ужо ў якасці эксперта прыехаў на чарговы семінар праграмы ў Вільні, чым ясна засведчыў – зламаць яго ўладам не ўдалося. Хутчэй наадварот.
– Чаму Вы вырашылі не абскарджваць рашэнне калегіі адвакатаў пазбавіць Вас адвакацкай ліцэнзіі?
– Я не хацеў аспрэчваць рашэнне сваіх калегаў. Каб тое было вырашана нейкім адміністрацыйным актам, кшталту рашэннем Міністэрства юстыцыі – я, вядома ж, звяртаўся б ў суд. Калі ж рашэнне было прынятае калегійна – прэзідыумам калегіі адвакатаў, маіх калегаў – вырашыў не абскарджваць.
– Думаеце, гэта была свабодная воля калегаў – прыняць такое рашэнне?
– Не лічу, што гэта была свабодная воля калегаў, але ж у сваім рашэнні яны былі вольныя. Я сваёй будучыні у такой калегіі адвакатаў не бачу.
– Дзе вы бачыце сваю будучыню?
– Пакуль я да канца не вызначыўся. Дарогу ў прафесію мне як мінімум на 5 гадоў зачынілі. Калі захаваецца гэты рэжым праз 5 гадоў, я таксама не маю ілюзій наконт вяртання. Таму відавочна, што мая дзейнасць будзе ляжаць па-за рамкамі калегіі. Хутчэй за ўсё гэта будзе дзейнасць у галіне праваабароны – правоў асуджаных, правоў затрыманых, арыштаваных.
– Ці ўжо ўдаецца знайсці агульную мову з праваабаронцамі на гэтую тэму?
– Я заўсёды меркаваў, што ў мяне даволі нядрэнны кантакт з праваабарончымі структурамі – з найболей уплывовымі праваабарончымі структурамі я досыць шчыльна кантактаваў і дагэтуль. Маё цяперашняе рашэнне не азначае, што я змяняю стратэгію дзеянняў. Проста змяняецца форма дзеянняў, не болей за тое.
– То бок, адняўшы ліцэнзію, рэжым проста падштурхнуў Вас да таго, чым Вы і раней займаліся – больш актыўна займацца менавіта праваабарончай дзейнасцю?
– Калі раней я займаўся праваабарончай дзейнасцю ў рамках калегіі адвакатаў, то цяпер мне нішто не перашкаджае займацца праваабарончай дзейнасцю на грамадскай аснове.
– Ці на гэтым семінары Вы ўжо пачалі нейкае ўзаемадзеянне з іншымі ўдзельнікамі?
– Гэты семінар, як і кожны іншы – гэта штуршок да далейшых дзеянняў. Я ўжо пагутарыў з некаторымі праваабаронцамі, ім патрэбныя парады юрыста. Я не супраць ім у гэтым дапамагаць.
– Што яшчэ Вы можаце сказаць чытачам Інтэрнет-старонкі Дома правоў чалавека – нашым партнёрам, праваабаронцам, актывістам і проста неабыякавым людзям ва ўсім свеце?
– Найперш, дзякуй усім, хто ў цяжкі перыяд падтрымліваў беларускіх адвакатаў і мяне ў тым ліку у нашай барацьбе, хто адгукнуўся на заклік Дома правоў чалавека і заявіў аб сваёй пазіцыі адносна дзеянняў беларускіх уладаў. Шчыры дзякуй Дому правоў чалавека за тыя магчымасці, што ён прадстаўляе як адвакатам, так і праваабаронцам у галіне авалодвання ведамі, камунікацыі, у галіне ўвасаблення ў жыццё карысных праектаў.
– Дзякуй вялікі за гутарку.
***
Падчас семінару ў Доме правоў чалавека ўдзельнікі прэзентавалі свае ідэі па ажыццяўленні праваабарончых праектаў у рэгіёнах, вырошчванні маладых лідараў, абароне правоў жанчын, асабліва ў правінцыі, і інш.
Важнай часткай навучальнага працэсу стане таксама сімуляцыя працэсу падачы звароту ў Камітэт па правах чалавека ААН з дапамогай экспертаў і мэнэджэраў праекту.
Праваабаронцы падкрэслілі, што яны самі, асабліва ў рэгіёнах, маюць патрэбу ў пастаяннай падтрымцы, пры тым далёка не заўсёды матэрыяльнаяй – часцяком важнейшая падтрымка інстытуцыйная, маральная, візавая і інш. характару.
Артыкулы па тэме
Палітычным вязням пагражаюць доўгія гады за кратамі
Еўрапейскія адвакаты накіравалі ліст міністру юстыцыі Беларусі
Абсурд: у адвакатаў забралі ліцэнзію, бо яны паддаліся на ціск КДБ (абноўлена)
Сорам Мін’юста: адвакаты баяцца абараняць палітвязняў