2 сакавіка 2011 году ў беларускіх СМІ з’явілася інфамацыя пра так званы “чорны спіс”, у якім пералічаныя вядомыя спевакі, гурты, акторы, паэты і мастакі. Туды трапілі драматург Уладзімір Халіп (бацька Ірыны Халіп, журналісткі, жонкі экс-кандыдата ў прэзідэнты А. Саннікава), кінарэжысёр Юры Хашчавацкі (рэжысёр дакументальных фільмаў пра Аляксандра Лукашэнку і жорсткі разгон дэманстрантаў пасля выбараў 2006 году), ўвесь калектыў напаўпадпольнага “Свабоднага тэатра” ды іншыя.
Праз свой удзел у “Глабальнай артыстычнай кампаніі салідарнасці з Беларуссю”, ініцыяванай “Свабодным тэатрам”, у чорны спіс патрапілі Джуд Лоў, Кевін Клайн, Кевін Спэйсі, гурты “Pet Shop Boys” (злева), “Tru Thoughts”, “Wah Wah 45” ды іншыя.
Таксама ў спісе згаданыя расейскія гурты, што падпісалі зварот да ўладаў Беларусі з заклікам адпусціць усіх затрыманых падчас акцыі пратэсту 19 снежня, і пісьменнікі, што звярнуліся да ўладаў з патрабаваннем вызваліць экс-кандыдата ў прэзідэнты, паэта Уладзіміра Някляева.
Кара за грамадзянскую пазіцыю
Дзеячы, што рапілі ў спіс, вядомыя ў Беларусі і шырока ў свеце не толькі сваёй творчай дзейнасцю, але і актыўнай грамадзянскай пазіцыяй.
У той час, як міністр інфармацыі Беларусі Алег Праляскоўскі адмаўляе існаванне такога спісу, з эфіру радыёстанцый ужо зніклі песні “няправільных” выканаўцаў, а ў некалькіх гарадах Беларусі ўжо былі адмененыя канцэрты гурта “Ляпіс Трубецкой”, які таксама трапіў у пералік забароненых. “Ляпіс Трубецкой” вядомыя сваімі смелымі тэкстамі і відэакліпамі. Адна з папулярных песень гэтага гурта называецца “Belarus Freedom”, і ў ёй ўдзельнікі калектыву выразна паказваюць сваё стаўленне да сучаснай сітуацыі ў Беларусі:
Залаты гадзіннік у чорнай вароны
Хлопец дурны, як малпа з каронай
Дзіўны алмаз, еўрапейскія мэты
Жабы ды чэрці па кабінетах
Сэрца пылае, далонь не дрыжыць
Дзе паляўнічы, там воўк бяжыць
Пагоня побач – будзем жыць!
Бораў шалёны, напіўшыся сэму
Ich bin актывіст БРСМу
Воцат на вочы льецца з нябёс
Гуляць у хакей – наш казачны лёс
Сэрца пылае, далонь не дрыжыць
Дзе паляўнічы, там воўк бяжыць
Пагоня побач – будзем жыць!
Belarus! Freedom!
Belarus! Freedom!
Belarus! Freedom!
Belorussia Liberta!
Важна адзначыць, што падобныя спісы з’яўляліся ў Беларусі і раней. Так, паводле “Вясны”, з 2004 па 2007 гг. існавалі неафіцыйныя спісы, у якія ўваходзілі фактычна тыя ж самыя беларускія гурты і выканаўцы.
“Вясна” супраць “чорных” спісаў
Праваабарончы цэнтр “Вясна” лічыць, што артысты былі ўнесеныя ў спіс менавіта праз грамадзянскую пазіцыю, адрозную ад афіцыйнай дзяржаўнай ідэалогіі, і заяўляе пра сваю гатоўнасць аказаць дапамогу творцам у адстойванні канстытуцыйных правоў.
Праваабаронцы заяўляюць:
Культурны плюралізм, разнастайнасць меркаванняў і ідэалогіяў з’яўляюцца адным з падмуркаў дэмакратыі, павінны шанавацца і ахоўвацца дзяржавай як безумоўныя каштоўнасці.
Наяўнасць падобных “чорных спісаў”, практыка забароны выступаў, радыё- і тэлетрансляцыі музычных і іншых твораў мастацтва з’яўляецца нічым іншым як праявай цемрашальства, якая вяртае Беларусь у часы камуністычнага мінулага.
Дадзеныя спісы яскрава сведчаць аб наяўнасці ў краіне цэнзуры, якая наўпрост забаронена Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, аб недапушчальным абмежаванні свабоды выказвання свайго меркавання, мастацкага самавыяўлення і творчасці.
Праваабарончы цэнр “Вясна” лічыць такую практыку недапушчальнай і заклікае ўлады Беларусі да яе неадкладнага спынення.