Андрэй Юраў прыехаў у Беларусь 14 сакавіка ў якасці праваабаронцы па даручэнні Камітэту міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. Памежнага кантролю паміж Расіяй і Беларуссю няма, а падчас прахаджэння пашпартнага кантролю у аэрапорце ніякіх перашкодаў Андрэй Юраў не спаткаў.

Аднак 16 сакавіка праваабаронца быў затрыманы і дастаўлены ў Савецкі РУУС. Паводле Камітэту міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі, 17 сакавіка Андрэю Юраву былі ўручаныя Пастанова аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы і Апавяшчэнне аб уключэнні ў спіс асоб, уезд якiх у Беларусь забаронены або непажаданы. Дакументы падпісаныя начальнікам Савецкага РУУС г.Мінска падпалкоўнікам міліцыі А.В. Германовічам, аднак МЗС Беларусі адмаўляе наяўнасць спісаў неўязных у Беларусь. Прыязджаць у Беларусь Юраву забаронена да 2013 году "за ўмяшанне ва ўнутраныя справы суверэннай дзяржавы".

Назіральная місія
Андрэй Юраў – кіраўнік Міжнароднай назіральнай місіі Камітэту міжнароднага кантролю за сітуацыяй па правах чалавека ў Беларусі, што была створана 27 снежня 2010 году. Мэта місіі – назіранне за дзейнасцю беларускіх уладаў у дачыненні да правоў чалавека. Таксама місія займаецца маніторынгам агульнай сітуацыі з захаваннем фундаментальных правоў чалавека ў Беларусі і пытанняў забеспячэння дзейнасці праваабаронцаў. У склад місіі ўвайшлі прадстаўнікі праваабарончых арганізацый краін прасторы АБСЕ, для захавання аб’ектыўнасці ў склад місіі не была ўключаная ні адна беларуская арганізацыя.

Фундацыя Дамоў правоў чалавека аказвала і працягвае аказваць рознабаковую падтрымку місіі. Удзел у місіі таксама бяруць некаторыя з партнёрскіх арганізацый Сеткі Дамоў правоў чалавека з Расіі, Украіны, Польшчы і Арменіі.

Хто абароніць праваабаронцу?
Гэта ўжо другі выпадак, калі беларускія ўлады чыняць перашкоды праваабаронцам Міжнароднай назіральнай місіі. Папярэдне, 9 сакавіка на тэрыторыю Беларусі не змог уехаць грамадзянін Украіны дапаможца прадстаўніка Міжнароднай назіральнай місіі Максім Кіцюк (на фота), які таксама ехаў у Беларусь, каб выконваць праваабарончыя функцыі. Праваабаронцу паведамілі, што яго імя было ўнесена ў спіс людзей, якім забаронены ўезд у Беларусь. Кіцюк правёў ноч у камеры, а раніцай 10 сакавіка быў адпраўлены ва Ўкраіну цягніком "Санкт-Пецярбург – Кіеў" са штампам "дэпартаваны" на квітку.
Сваё затрыманне і забарону на ўезд на тэрыторыю Беларусі Андрэй Юраў збіраецца абскарджваць праз нацыянальнае заканадаўства Расеі, міністэрствы замежных спраў Расеі, Украіны і Беларусі, а таксама міжнародныя арганізацыі — ААН і АБСЕ.

"Гэтыя дзеянні перашкаджаюць законнай дзейнасці праваабаронацаў і парушаюць мноства міжнарожных пагадненняў, у тым ліку Дэкларацыю ААН аб дзейнасці праваабаронцаў", – сказаў Юраў.

 ***
У красавіку 2010 году Рада па правах чалавека прыняла рэзалюцыю, паводле якой дзяржава мусіць адыгрываць ключавую ролю ў аказанні ўсебаковай падтрымкі праваабаронцам і стварэнні бяспечных і спрыяльных умоў для іх працы. У рэзалюцыі таксама гаворыцца пра тое, што ў выпадку парушэння правоў праваабаронцаў дзяржавы абавязаны аператыўна і справядліва расследаваць гэтыя інцыдэнты і прыцягваць вінаватых да адказнасці.

Таксама ў 1999 годзе Генеральнай Асамблеяй ААН была прынятая Дэкларацыя аб праве і абавязку асобных асоб, груп і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды. У ёй адзначаецца, што дзейнасць праваабаронцаў у вялікай ступені спрыяе захаванню міжнародных стандартаў у галіне правоў чалавека і што самім праваабаронцам з-за характару іх працы часта патрабуецца дадатковая абарона.

Артыкулы па тэме

«Не пакідаць праваабаронцаў Беларусі сам-насам з рэжымам»
На канферэнцыі Сеткі ДПЧ агучаны патрэбы праваабаронцаў