У сумесным звароце да спецдакладчыцы ААН па пытанні аб незалежнасці суддзяў і адвакатаў Габрыэлі Кнаўль (гл. ў дадатку, секцыя на правым баку старонкі) беларуская праваабарончая супольнасць просіць звярнуць увагу на факты ціску на адвакатаў з боку выканаўчай улады Беларусі.

На думку аўтараў ліста – а гэта прадстаўнікі шэрагу аўтарытэтных беларускіх праваабарончых арганізацый – скасаванне ліцэнзій адвакатам Уладзіміру Тоўсціку, Тамары Гараевай, Алегу Агееву і Таццяне Агеевай ставіць пад пагрозу доступ іх кліентаў да эфектыўнай прававой дапамогі і ствараюць перашкоды ў ажыццяўленні правасуддзя.

Двое з іх ліцэнзію страцілі ў выніку таго, што паддаліся на ціск Камітэта дзяржбяспекі Беларусі і адмовіліся абараняць палітвязняў.

Як ні круці, ліцэнзію адымуць 
Паводле звароту, "паміж адвакатам Уладзімірам Тоўсцікам і жонкай экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, журналісткай Ірынай Халіп была складзеная дамова на аказанне адвакацкіх паслуг. […] Праз маральны ціск, які аказваўся на Ірыну супрацоўнікамі КГБ і пагрозамі аб пазбаўленні яе адваката ліцэнзіі, яна была вымушаная адмовіцца ад паслуг У.Тоўсціка. Пастановай Міністэрства юстыцыі ад 14 лютага 2011 г. скасаваная ліцэнзія на ажыццяўленне адвакацкай дзейнасці У.Тоўсціка за грубыя парушэнні заканадаўства аб ліцэнзіяванні, якія выразіліся ў адмове ад аказання юрыдычнай дапамогі І.Халіп".

Падобная доля напаткала і другую адвакатку, якая вымушаная была адмовіцца ад аказання паслуг палітзняволенай, што знаходзіцца цяпер пад хатнім арыштам – Тамару Гараеву.

Іншы адвакат палітвязня – Алег Агееў – ад абароны свайго кліента не адмаўляўся, хоць яго падабаронным быў экс-кандыдат Алесь Міхалевіч. Аднак ліцэнзію скасавалі і яму – па іншых фармальных прычынах.

Слова не далі
Праваабаронцы адзначаюць, што ў дачыненні да названых адвакатаў не ўзбуджаліся ніякія меры ўздзеяння, іх не запрашалі на паседжанні кваліфікацыйнай камісіі Мін’юста, дзе вырашалася пытанне аб пазбаўлення іх ліцэнзіі. "Такім чынам, адвакаты не маглі выступіць у сваю абарону", – пішуць беларускія абаронцы правоў у звароце да спецдакладчыцы ААН.

Яны мяркуюць, што захады Міністэрства супраць адвакатаў з’яўляюцца палітычным пераследам, што з’яўляецца парушэннем шэрагу міжнародных абавязанняў Беларусі.

Праваабаронцы адзначаюць, што пераслед за свае дзеянні беларускія адвакаты зазнаюць не ўпершыню. У пацверджанне сваіх словаў яны падаюць звесткі Аналітычнай запіскі, распрацаванай Міжнароднай назіральнай місіяй у Рэспубліцы Беларусь.

Заступіўся? Атрымай і ты!
Міністр Галаванаў працягнуў бясчынства. Хутка пасля пазбаўлення ліцэнзіі чатырох згаданых адвакатаў стала вядома аб дзеяннях Мін’юста і супраць кіраўніка сталічнай адвакатуры Аляксандра Пыльчанкі (на фота).

Загадам міністра Галаванава старшыня Мінскай гарадской калегіі адвакатаў выключаны са складу Кваліфікацыйнай камісіі па пытаннях адвакацкай дзейнасці. Адпаведнае паведамленне на афіцыйнай старонцы Міністэрства з’явілася (без ніякага тлумачэння) неўзабаве пасля таго, як А.Пыльчанка выказаўся ў падтрымку рэпрэсаваных адвакатаў і заявіў аб пагрозе страты незалежнасці адвакатуры.

Аб пераследзе Пыльчанкі пастаўленая ў вядомасць спецдакладчыца ААН – адпаведнае паведамленне (гл. справа) падпісалі вядучыя прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, у тым ліку Прэзідэнтка Дома правоў чалавека Таццяна Равяка.

Documents: