Падаем поўны тэкст звароту:
Спецыяльнай дакладчыцы ААН па пытанні аб становішчы праваабаронцаў
спн. Маргарэт Секагія
Мы, ніжэйпадпісаныя праваабарончыя арганізацыі Рэспублікі Беларусь і беларускія праваабаронцы ў асабістай якасці, хочам звярнуць Вашу ўвагу на папярэджанне, вынесенае Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь сёння, 16 лютага 2011 г., кіраўніку праваабарончага цэнтра "Вясна", віцэ-прэзідэнту Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесю Бяляцкаму (г. Мінск, Беларусь).
Пасля падзей 19 снежня 2010 г. ў Мінску беларускія праваабаронцы зазналі хвалю пераследу. У прыватнасці, у службовых памяшканнях і асабістых кватэрах прайшлі ператрусы і канфіскацыі аргтэхнікі ды іншых асабістых рэчаў, а самі праваабаронцы зазналі адміністрацыйныя спагнанні ў выглядзе адміністрацыйнага арышту або былі дапытаныя ў КДБ РБ. З папярэднімі дзеяннямі, накіраванымі супраць праваабаронцаў і праваабарончых арганізацый Беларусі, Вы можаце азнаёміцца ў аналітычнай запісцы, прыкладзенай да гэтага паведамлення і падрыхтаванай Міжнароднай назіральнай місіяй у Беларусі.
14 лютага 2011 г. ў другой палове дня Бяляцкі атрымаў тэлефанаванне ад намесніка начальніка аддзелу па наглядзе за захаваннем правоў і свабод грамадзян Генеральнай пракуратуры РБ Паўла Елісеева. Супрацоўнік Генеральнай пракуратуры вусна запрасіў Бяляцкага на размову адносна "дзейнасці праваабарончага цэнтра "Вясна".
Зранку 16 лютага 2011 г. Алесь Бяляцкі атрымаў позву з Генеральнай пракуратуры РБ, у адпаведнасці з якой Бяляцкаму неабходна было з’явіцца 16/02/2011 а 15.00 для "дачы тлумачэнняў у рамах праверкі, што ладзіцца, у Генеральную пракуратуру РБ на адрас: г. Мінск, вул. Інтэрнацыянальная, 24-513 да намесніка начальніка аддзелу па наглядзе за захаваннем правоў і свабод грамадзян Елісеева П.П."
16 лютага 2011 г. а 15.00 Алесь Бяляцкі прыбыў у Генпракуратуру РБ і прабыў на сустрэчы да 15.20. Бяляцкі адмовіўся ад дачы паказанняў, спаслаўшыся на канстытуцыйнае права не сведчыць супраць сябе. Па сканчэнні дачы паказанняў Алесю было ўручанае "Афіцыйнае папярэджанне аб недапушчэнні парушэння закона" (№0702-17Д-2010 ад 16.02.2011) за подпісам намесніка Генеральнага пракурора РБ Н.І.Кукліса, у якім Бяляцкі быў папярэджаны аб тым, што праваабарончая арганізацыя "Вясна" ажыццяўляе дзейнасць, не прайшоўшы ў вызначаным парадку дзяржрэгістрацыю, што супярэчыць заканадаўству РБ.
Неабходна адзначыць, што ў РБ дзейнічае артыкул 193-1 КК РБ (Незаконная арганізацыя дзейнасці грамадскага аб’яднання, рэлігійнай арганізацыі або фонда або ўдзел у іх дзейнасці), які прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да двух гадоў. Наяўнасць гэтага артыкула ў КК РБ з’яўляецца неапраўданым абмежаваннем свабоды аб’яднанняў і супярэчыць міжнародным абавязанням РБ, прынятым ёй у рамах ААН і АБСЕ, у тым ліку Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
У далейшым за вынясеннем згаданага папярэджання патэнцыйна можа надысці ўзбуджэнне ў дачыненні да Алеся Бяляцкага крымінальнай справы па арт. 193-1 КК РБ.
Просім Вас па магчымасці аператыўна адрэагаваць на гэтае паведамленне і прадпрыняць неабходныя дзеянні ў рамах Вашага мандату.
Фонд развіцця прававых тэхналогій, Алена Танкачова
Цэнтр прававой трансфармацыі, Вольга Смалянка
Цэнтр па правах чалавека, Раіса Міхайлоўская
Беларускі Дом правоў чалавека, Таццяна Равяка
Камітэт абароны рэпрэсаваных "Салідарнасць", Іна Кулей
Беларускі Хельсінскі камітэт, Алег Гулак
Праваабаронца, выпускнік першага міжнароднага вышэйшага курса па правах чалавека Польскага Хельсінскага камітэту Барыс Звозскаў
Documents:
- Положение правозащитников в Беларуси (февраль 2011)
Аналитическая записка, разработанная Международной наблюдательной миссией