"Пан Гі Мун адзначыў сур’ёзную заклапочанасць, выказаную групай назіральнікаў у дачыненні да выбарчага працэсу і развіцця сітуацыі пасля выбараў, і заклікаў улады Беларусі ў поўнай меры выконваць правы чалавека і належныя прававыя працэдуры", заявіў на прэс-канферэнцыі ў Нью-Ёрку прэс-сакратар Пан Гі Муна Марцін Несіркі.
"Генеральны сакратар прызнае важнасць працы місіі АБСЕ ў Беларусі і шкадуе аб рашэнні ўладаў Беларусі аб закрыцці офіса АБСЕ ў Менску", дадаў ён.
У мінулым месяцы Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Наві Пілэй выказала глыбокую занепакоенасць з нагоды гвалту, які ўспыхнуў пасля выбараў, у тым ліку выкраданне кандыдатаў ад апазіцыі, і заклікала да неадкладнага вызвалення затрыманых.
На аднаго з асноўных апазіцыйных кандыдатаў быў здзейснены напад па шляху да масавай акцыі ў Менску, пасля чаго ён быў шпіталізаваны, а пасля выкрадзены невядомымі асобамі з ужываннем гвалту, яшчэ падчас правядзення галасавання.
За санкцыі, але супраць ізаляцыі народа
На фоне па-ранейшаму жорсткіх і рэпрэсіўных паводзінаў уладаў грамадзянская супольнасць Беларусі апелюе да міжнароднай грамадскасці.
Дзесяткі грамадскіх арганізацый, у тым ліку тых, што ўваходзяць у Сетку Дамоў правоў чалавека, аб’яднаныя Нацыянальнай платформай Форума грамадзянскай супольнасці "Усходняга партнёрства", прынялі заяву да міжнародных арганізацый.
У заяве яны выказалі сваю ацэнку падзеям, што адбыліся: "Мітынг на плошчы Незалежнасці быў падушаны самым жорсткім чынам. Прыняцце рашэння пра ўжыванне сілы ў дачыненні да тых, хто сабраўся, было не апраўданае ані з маральнага, ані з прававога пунктаў гледжання — забеспячэння законнасці, правапарадку, павагі правоў і свабод асобы. Правакацыйныя дзеянні некалькіх грамадзян, якія разбілі шыбы ў дзяржустанове, былі перарваныя самімі ўдзельнікамі мірнай акцыі, аднак былі скарыстаныя як фармальная падстава для яе масаванага падушэння.
Наступныя дзеянні ўладаў на працягу апошніх трох тыдняў (арышты кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, членаў іх штабоў, ператрусы ў іх кватэрах і запалохванне членаў іх сем’яў, напады на офісы праваабарончых арганізацый і сродкаў масавай інфармацыі, беспадстаўныя выклікі на допыт у КДБ вялікай колькасці грамадзян) мы разглядаем як палітычна матываваны пераслед палітычных апанентаў."
Грамадскія дзеячы і актывісты заклікалі:
– прыкласці ўсе магчымыя дыпламатычныя намаганні для спынення неправавых і амаральных дзеянняў беларускіх уладаў у дачыненні да ўдзельнікаў мірных пратэстаў 19–20 снежня;
– прыпыніць працэс удзелу ўладаў Беларусі ў праграме “Усходняе партнёрства”, дзейныя міжурадавыя праграмы тэхнічнай дапамогі ў галіне эканомікі, энергетыкі і трансмежнага супрацоўніцтва, а таксама перамовы аб прадстаўленні эканамічных і гандлёвых
прэферэнцый да спынення крымінальнага пераследу і іншых неправавых дзеянняў у дачыненні да кандыдатаў у прэзідэнты і грамадзянскіх актывістаў <…>;
– стварыць міжнародную камісію для празрыстага і аб’ектыўнага даследавання падзей 19-20 снежня і прыцягнення да адказнасці рэальных віноўнікаў;
– звярнуцца да Міністра замежных спраў, Міністра адукацыі і Міністра працы ды сацыяльнай аховы Рэспублікі Беларусь з заявай аб недапушчальнасці практыкі адлічэнняў студэнтаў і навучэнцаў з навучальных устаноў Беларусі, а таксама звальненняў з працоўных месцаў у сувязі з удзелам у мірных акцыях пратэсту і немагчымасці працягваць супрацоўніцтва з Беларуссю ва ўсіх галінах у выпадку такіх адлічэнняў.
Пры гэтым грамадзянская супольнасць Беларусі падкрэсліла: рэакцыя ЕС і абмежаванні ў кантактах ды ўзаемадзеянні павінны быць накіраваныя "на рэальных віноўнікаў падзей, што адбыліся, уключаючы вышэйшых службовых асоб, але не на стаўленне да краіны ў цэлым, яе народа і грамадзянскай супольнасці."
Аўтары звароту разлічваюць "на абдуманую і ўзважаную рэакцыю ўсіх структур Еўрапейскага Саюза і міжнародных арганізацый, якія, даючы выразную і адназначную ацэнку падзеям 19 снежня і наступных дзён, не дазволяць дапусціць паўторную ізаляцыю Беларусі. Працэсы збліжэння Беларусі і Еўрапейскага Саюза крытычна важныя для будучай дэмакратызацыі краіны і
адпавядаюць інтарэсам беларускага грамадства."
Поўны тэкст звароту грамадзянскай супольнасці:
ОБРАЩЕНИЕ НАЦИОНАЛЬНОЙ ПЛАТФОРМЫ ФОРУМА ГРАЖДАНСКОГО ОБЩЕСТВА ПРОГРАММЫ «ВОСТОЧНОЕ ПАРТНЕРСТВО»
JOINT ADDRESS OF THE NATIONAL PLATFORM OF THE EASTERN PARTNERSHIP CIVIL SOCIETY FORUM