Выпадак – выключны
Мікалай Дзядок (на фота), студэнт- завочнік адной з праграм Еўрапейскага гуманітарнага універсітэту (ЕГУ), быў затрыманы яшчэ 3 верасня 2010 года. Але абвінавачанне тады яму ніхто так і не прад’явіў. Праз трое сутак Дзядка мусілі адпусціць, але замест гэтага праваахоўныя ворганы затрымалі яго ўжо па іншай справе: аб нападзе на Дом прафсаюзаў. Пасля яго “перазатрымлівалі” па справах аб хуліганстве, нават крадзяжы, але абвінавачанне ніводны раз не прад’яўлялі. Так малады чалавек правёў амаль месяц: затрыманні змяняліся нядоўгай воляй, а потым – новымі затрыманнямі. Але настойлівасць ворганаў ясна давала зразумець, што проста так Дзядка не адпусцяць, а гэта значыць, хутка будзе сфабрыкавана новая, больш гучная і сур’ёзная справа.
Так і адбылося. Трохсуткавыя затрыманні студэнта цягнуліся амаль месяц, пакуль 1 кастрычніка 2010 года яго нарэшце не абвінавацілі ў хуліганстве. Па словах праваабаронцаў, па справе падпалу расейскай амбасады (што мела месца напрыканцы жніўня 2010 г.) былі затрыманыя каля 30 чалавек, пераважна актывісты анархічных і экалагічных рухаў. Але выпадак Мікалая Дзядка — выключны.
У той час, калі за справу Мікалая ўзяліся праваабаронцы, а сам хлопец спадзяваўся на хуткае вызваленне, следства па яго крымінальнай справе (частка 2 арт.339 КК РБ) было працягнута да 6 месяцаў. Акрамя таго, тэрмін утрымання пад вартай Дзядка працягнуты з 3 да 5 месяцаў.
“Фактычна, людзі затрымліваюцца без жорстка ўстаноўленага тэрміну. Мікалай Дзядок затрымліваўся сем разоў — кожны раз па новым абвінавачанні на 72 гадзіны, —кажа праваабаронца Валянцін Стэфановіч (на фота). — Фактычна, такім чынам чалавека можна трымаць у следчым ізалятары бясконца. Гэта недапушчальна. Такія выпадкі мы расцэньваем проста як адвольнае затрыманне», — заявіў Стэфановіч.
Не губляць аптымізму
Сам малады чалавек, што пакуль жыве без надзеі на хуткае вызваленне, піша родным, што “не губляе аптымізму”. Паколькі “следству не ўдалося мяне ўзяць “нахрапам” свежанькага і разгубленага ў ізалятары часовага ўтрымання, то трэба браць мяне ізморам, трымаючы месяцамі ў следчым ізалятары, у разліку, што я зламаюся духам і пачну рабіць і казаць тое, што мне загадаюць”, – мяркуе Мікалай.
Паказальнасць сітуацыі як раз у тым, што ні сам малады чалавек, ні яго родныя і сябры не ведаюць, па якой прычыне на яго адкрыта сапраўднае “паляванне”. Сябра Мікалая Аляксей таксама быў затрыманы па “справе анархістаў”, але потым адпушчаны. Па словах Аляксея, выпусцілі яго за маленькую “паслугу” – ён павінен быў даваць фальшывыя паказанні ў дачыненні да Дзядка, ужо – па справе аб арганізацыі вулічнай акцыі ў 2009 годзе.
Аляксей, які так і не зрабіў гэтага, працягвае атрымліваць пагрозы выключэннем з універсітэту, а “справа Дзядка” – заставацца ў падвешаным стане.
Салідарнасць
Падтрымаць Мікалая за кратамі вырашылі і студэнты ЕГУ, напісаўшы адкрыты ліст-зварот у СМІ, заявы ў Генеральную пракуратуру Беларусі і беларускаму амбасадару ў Літве.
У звароце, распаўсюджаным студэнтамі Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта, таксама адзначаецца неабходнасць празрыстага і справядлівага рашэння. “Мы патрабуем ад сілавых структур Беларусі альбо вызваліць Дзядка з-пад варты з-за адсутнасці доказаў яго датычнасці да якіх бы там ні было правапарушэнняў і злачынстваў, альбо правесці адкрыты і справядлівы суд па матэрыялах справы,” – гаворыцца ў звароце.
Студэнцкае прадстаўніцтва Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта абвясціла пра пачатак бестэрміновай акцыі ў яго падтрымку, і на першым этапе збіраецца даслаць зняволенаму некалькі соцень лістоў у знак салідарнасці і падтрымкі.
Але такія меры наўрад ці могуць штосьці сур’ёзна змяніць, хіба толькі ў дачыненні да маральнага настрою зняволенага. Дзядок, можа і сам таго не ведаючы, прадстаўляе нейкую пагрозу ўладам, і гэтым тлумачыцца іх жаданне “засадзіць” маладога чалавека любымі сродкамі. Але пакуль з-за непразрыстасці беларускай сістэмы правасуддзя даведацца праўду, на жаль, не прадстаўляецца магчымым.
Паводле інфармацыі “Вясна”, “Наша Ніва”, Generation.by