З А Я В А
Мінск, 11 лістапада 2010 г.
14 лістапада 2010 года будзе праходзіць Нацыянальная канферэнцыя па выніках даследванняў Індэкса грамадзянскай супольнасці ў РБ. Арганізатарам даследваньня з беларускага боку з’яўляецца старшыня праўлення ГА “Цэнтр “СКАФ”, член Грамадска-кансультатыўнага савета (АКС) пры Адміністрацыі прэзідэнта Юры Загуменнаў. Адначасова арганізатарам гэтай канферэнцыі пастаўленая мэта стварыць Агульнанацыянальную платформу грамадзянскай супольнасці, а таксама праваабарончую платформу.
Нягледзячы на тое, што прадстаўнікамі праваабарончых арганізацый неаднаразова выказваліся апасенні пра:
- неапраўданую хуткасць і паспешлівасць стварэньня праваабарончай платформы;
- заяўленае імкненне арганізатараў супрацоўнічаць з уладамі пры адсутнасці з боку дзяржавы сігналаў згоды да дыялогу з праваабаронцамі і пры тым, што значная частка праваабарончых арганізацыяў у краіне была пазбаўленая і дагэтуль не мае афіцыйнай рэгістрацыі;
- тое, што ў Крымінальным кодэксе Беларусі дагэтуль прысутнічае арт. 193.1, які прадугледжвае крымінальную адказнасць за дзейнасць незарэгістраваных арганізацый;
- тое, што некалькі праваабарончых арганізацый актыўна займаюцца маніторынгам правядзення выбараў у гэты перыяд і іх удзел у стварэнні платформы для паляпшэння стасункаў паміж праваабарончымі арганізацыямі і ўладамі можа быць расцэнены як фактар, які паўплывае на незалежнасць і нейтральнасць правядзення маніторынга выбараў;
- тое, што Анульнанацыянальная платформа грамадзянскай супольнасці для распрацоўкі механізма яе ўзаемадзеяння з дзяржаўнымі арганізацыямі і міжнароднымі партнёрамі ствараецца неапраўдана хуткімі тэмпамі без уліку думкі шматлікіх няўрадавых арганізацыяў.
Тым не меньш, як паведаміла інфармацыйнае агенцтва БелаПАН ад 16.10.2010 г., са слоў Ю.Загуменнава, “да канца кастрычніка ў межах праекта АБСЕ будзе ініцыявана стварэнне платформ грамадзянскай супольнасці па правах чалавека”, а 14 лістапада будзе спроба абвясціць пра стварэнне Агульнанацыянальнай платформы грамадзянскай супольнасці.
У сувязі з гэтым мы пратэстуем супраць валюнтарысцкага падыходу па стварэнню праваабарончай платформы і Агульнанацыянальнай платформы грамадзняскай супольнасці без уліку інтарэсаў і меркавання дзеючых праваабарончых арганізацый краіны.
Не зразумела, як ішла падрыхтоўка да гэтага мерапрыемства. У лік арганізатараў не ўваходзяць найбуйнейшыя аб’яднанні няўрадавых арганізацый, напрыклад такіх, як Асамблея НДА, Платформа няўрадавых арганізацый Усходняга партнёрства і г.д.
Праваабарончыя арганізацыі, праваабарончыя групы і асобныя праваабаронцы актыўна працуюць супольна на працягу ўжо больш чым дзесяці гадоў. Вынікам супольнай працы з’яўляюцца грамадзянскія кампаніі, такія як “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”, “Кампанія за альтэрнатыўную службу”, “Кампанія за адмену 193.1”, існаванне сумесных адукацыйных і праваабарончых праектаў (Школа правоў чалавека), праца Дома правоў чалавека ў выгнанні (Вільня, Літва), сумесная праца беларускіх няўрадавых арганізацый па падрыхтоўцы альтэрнатыўнага даклада ў межах падрыхтоўкі Універсальнага перыядычнага агляду.
25 верасня гэтага года быў праведзены 2-гі Форум праваабарончых арганізацый, у якім бралі ўдзел 18 праваабарончых арганізацый з Беларусі. Перамовы і кансультацыі паміж праваабарончымі арганізацыямі вядуцца пастаянна падчас беларускіх і міжнародных праваабарончых сустрэч і мерапрыемстваў.
Такім чынам, рэальная платформа беларускіх праваабарончых ініцыятываў існуе ўжо не адзін год. Тым не менш, мы адзначаем амаль поўную адсутнасць жадання беларускіх уладаў улічваць думку праваабаронцаў па найважнейшых пытаннях, якія датычаць сацыяльных, грамадзянскіх і палітычных правоў беларускіх грамадзян, выканання прынятых на сябе міжнародных абавязкаў у галіне правоў чалавека.
Мы заяўляем, што ў выпадку згоды і жадання беларускіх уладаў да супрацоўніцтва з праваабарончымі арганізацыямі, мы гатовыя да такога супрацоўніцтва на прынцыпах, прапанаваных у распрацаванай пад эгідай Асамблеі НДА Канцэпцыі ўзаемадзеяння органаў дзяржаўнай улады і грамадзянскай супольнасці. Праваабаронцы і надалей будуць працягваць сваю працу, дзеля ўмацавання правоў чалавека і развіцця дэмакратыі.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”
Алесь Бяляцкі
Камітэт абароны рэпрэсаваных “Салідарнасьць”
Іна Кулей
Грамадскае аб’яднанне “Беларуская асацыяцыя журналістаў”
Жана Літвіна
Грамадскае аб’яднанне “Незалежнае таварыства прававых даследванняў”
Алена Танкачова
Грамадскае аб’яднанне “Цэнтр па правах чалавека”
Раіса Міхайлоўская
Выпускнік Вышэйшага міжнароднага курса па абароне правоў чалавека
Барыс Звозскаў
Беларускі Дом правоў чалавека ў выгнанні ў Вільні
Тацяна Рэвяка
Асветніцкая праваабарончая установа “Цэнтр прававой трансфармацыі”
Вольга Смалянка
Асветніцкая праваабарончая установа “Офiс па правах людзей з iнвалiднасцю”
Сяргей Драздоўскі
Грамадскае аб’яднанне “Магілёўскі праваабрончы цэнтр”
Уладзімір Краўчанка
Праваабарончы цэнтр “Прававая дапамога насельніцтву”
Алег Волчак
Documents: