Чарговы штраф
“Витебский курьер”– беларуская газета, якая вымушаная пад ціскам беларускай улады працаваць у “эміграцыі”. Пасля адмовы ў рэгістрацыі на радзіме, прышлося рэгістраваць выданне у суседняй Расіі. Сёння “Витебский курьер” зарэгістраваны і выдаецца ў Смаленску. Газета выдаецца штотыдзень накладам 11 000 асобнікаў.
8 кастрычніка ў Лёзна (райцэнтр у Віцебскай вобласці) супрацоўнікі ДАІ затрымалі аўтамабіль, у якім прадпрымальнік Віктар Рамнёў перавозіў з друкарні чарговы (35-ы) нумар незалежнай газеты «Витебский курьер».
Без тлумачэння прычын міліцыянты загадалі дырэктару прыватнага прадпрыемства “Витебский корунд”, які выдае газету, ехаць з імі ў раённы аддзел унутраных спраў. Там у В. Рамнёва забралі 11 тысяч асобнікаў “ВК” і склалі пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні — “незаконны распаўсюд перыядычнага друкаванага выдання”.
Як вынік, Віктара Рамнёва аштрафавалі на 35 базавых велічынь (каля 400 даляраў ЗША) за “незаконны распаўсюд” газеты “Витебский курьер” (арт. 22.9 ч. 2 КаАП).
Такое рашэнне прыняў суд Лёзненскага раёна, разгледзеўшы адміністратыўную справу дырэктара прыватнага прадпрыемства “Витебский корунд”, што выдае газету. Увесь наклад выдання (11 тысяч асобнікаў) суд пастанавіў канфіскаваць. Падаецца, што канфіскацыя газеты і была сапраўдным матывам арышту нумара. А арышт і суд былі проста сродкамі дасягнення гэтай мэты.
Адна з сузаснавальніц выдання Вольга Карач (на фота) звязвае арышт “Витебского курьера” з хуткімі прэзідэнцкімі выбарамі, і намаганнямі ўладаў перасекчы вольнадумства. “Можна ўявіць, што дзеянні ўладаў звязаныя з бягучай прэзыдэнскай кампаніяй. З пачатку гэтай кампаніі газета “Витебский курьер” друкавала інтерв’ю ўсіх кандыдатаў. Газета паспела надрукаваць 7 інтэрв’ю, два інтэрв’ю знаходзяцца ў затрыманым нумары. Апроч таго, нумар шырока аглядаў віцебскія суды па позвах жыхароў горада да мясцовых уладаў з нагоды парушэння выбарчага заканадаўства пры фармаванні тэрытарыяльных камісій па выбарах прэзыдэнта,” – падкрэслівае В. Карач.
Дзяржаўная альтэрнатыва недзяржаўнай прэсе
Калі перакрываецца доступ да незалежных медыя, інфармацыйны вакуум павінен быць запоўнены. І тут на дапамогу зноў прыходзяць афіцыйныя ўлады, што, зніжаючы паток незалежнай прэсы, павялічваюць колькасць дзяржаўных выданняў.
Так, мясцовым праваабаронцам стала вядома, што ў Мазыры кіяскёраў “Белсаюздруку” прымушаюць павялічыць продаж дзяржаўных газет. Дзяржаўныя газеты “Советская Белоруссия” і “Гомельская праўда” па часе набліжэння да выбараў павышаюць свае наклады, а прадавачак у кіёсках “Белсаюздруку” начальства абавязвае выконваць павялічаныя планы па продажы гэтых газет.
“У кіёскі горада сталі паступаць у продаж павялічаныя наклады “СБ” і “Гомельскай праўды”, – паведаміла “Праваабаронцам за свабодныя выбары” адна з работніц “Белсаюздруку”.
Па яе словах, каіяскёраў настойліва абавязваюць рэалізоўваць значна болей гэтых газет, чым раней. Таму цяпер кожнаму пакупніку яны прапануюць набыць указаныя выданні.
“Год неверагоднага ўмяшання ў байнэт”
Што ж датычна нацыянальнай інтэрнэт-прасторы, то спробы яе кантраляваць у гэтым годзе былі непараўнальнымі. Па меркаванню эксперта, апошні год стаў “годам росту і годам неверагодных маштабаў дзяржаўнага ўмяшання ў байнэт. Прынята маса заканадаўчых актаў, якія некалькі змянілі і прасунулі беларускі інтэрнэт” – кажа Юры Зісэр.
Ён, аднак, не пагаджаецца, што такія змены звязаныя выключна з хуткімі выбарамі. Па меркаванню Зісэра, гэта больш падобна на паслядоўныя крокі паступовага павелічэння кантролю Інтэрнэту на Беларусі.
Фільтрацыя рэсурсаў, што чакалася беларускімі карыстальнікамі ад 1 верасня, так і не была ўведзеная і па сённяшні дзень. Але думаць, што ўлады проста забыліся пра гэта, не выпадае, бо перадвыбарная рызыка – занадта вялікая. А таму фільтрацыя, што таксама дакладна не акрэсленая, можа з’явіцца тады, калі яе меньш за ўсё будуць чакаць. Напрыклад, за тыдзень да выбараў, калі палітызаванасць грамадства дасягне сваёй вяршыні.
Паводле інфармацыі рэсурсаў spring96.org, baj.by, charter97.org