Як гаворыцца ў заяве Нарвежскага Хельсінкскага камітэта, пасля трагічнай смерці Алега Бябеніна 3 верасня, узрос ціск на журналістаў і сяброў Бябеніна, якія сумняюцца ў хуткіх высновах уладаў, што ён скончыў жыццё самагубствам.
"Мы глыбока заклапочаныя фактам рэзкіх пагроз у адрас Наталлі Радзінай, Святланы Калінкінай і Мікалая Халезіна. Урад павінен прыняць усе неабходныя меры і гарантаваць, што аўтары пагроз адкажуць перад законным судом за свае дзеянні".
Пагрозы паступаюць з розных крыніц: у лістах, адрасаваных журналістам, так, як у выпадку з шэф-рэдактарам “Народнай волi” Святланай Калінкінай, а таксама ў форме каментароў да публікацый, размешчаных у Інтэрнэце, як у выпадку з журналісткай сайта charter97.org Наталляй Радзінай і драматургам і журналістам Мікалаем Халезіным. У пагрозах журналістаў папярэджваюць аб тым, што яны “могуць быць забітыя наступнымі”.
“Аднаго журналюгу ўжо ўмяртвілі…”
“Аднаго журналюгу ўжо ўмяртвілі, дойдзе і да вас чарга, пачвары …” – вось толькі адна з пагроз, што атрымала Наталля Радзіна (на фота). “Раней пагрозы паступалі ўвесь час, але з нейкай перыядычнасцю, некалькі разоў у год. Пасля гібелі Алега пагражаць сталі кожны дзень. Усё гэта толькі ўзмацняе нашыя падазрэнні, што Бябенін быў забіты. Эфект ад гэтых пагрозаў адваротны. Запалохаць нас не атрымаецца. Працаваць мы ўсё роўна будзем, а падонкам, якія гэта пішуць, рана ці позна давядзецца за ўсё адказаць”, – заявіла журналістка.
“Сёння Палата прадстаўнікоў назвала дату прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі – 19 снежня 2010 г. У Беларусі пачалася выбарчая кампанія, перыяд, калі свабодныя сродкі інфармацыі і незалежныя журналісты асабліва важныя.
Мы асцерагаемся, што смерць Алега Бябеніна і наступныя пагрозы ў адрас яго сяброў і калегаў, нацэленыя на запалохванне сродкаў масавай інфармацыі, асабліва ў перыяд выбараў, – падкрэсліваюць праваабаронцы. – Калінкіна, Радзіна, і Халезін – журналісты, якія змагаюцца за дэмакратыю і свабоду слова ў Беларусі, як змагаўся і Алег Бябенін.
Мы не ведаем, хто стаіць за пагрозамі, адрасаваныя гэтым журналістам, але беларускія ўлады нясуць адказнасць за бяспеку сваіх грамадзян, за расследаванне крымінальных абразлівых пагроз і абарону сваіх журналістаў “, – гаворыцца ў заяве Нарвежскага Хельсінкскага камітэта.
Праваабаронцы настойваюць, каб беларускія ўлады:
1. правялі неадкладнае, стараннае, незаангажаванае і празрыстае расследаванне пагроз, адрасаваных Наталлі Радзінай, Святлане Калінкінай і Мікалаю Халезіну, і прыцягнулі да судовай адказнасці людзей, адказных за пагрозы, у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі;
2. прынялі неабходныя меры для гарантавання бяспекі і фізічнай і псіхалагічнай цэласнасці журналістаў;
3. гарантавалі свабоду выказвання і асацыяцый ўсім абаронцам правоў чалавека і журналістам у Беларусі.
Кацярына Клімко, паводле інфармацыі Хартыя 97