27 ліпеня Вярхоўны Савет БССР абвясціў незалежнасць краіны. Шмат хто спадзяваўся, што стаўшы самастойнай дзяржавай, Беларусь развітаецца з таталітарнай мінуўшчынай і пойдзе дэмакратычным шляхам.

Аднак і праз 20 гадоў улады незалежнай Беларусі самі не святкуюць і іншым не даюць адзначаць дзень абвяшчэння суверэнітэту.

Органы дзяржаўнай улады, амаль як і ў савецкія часы, бязлітасна распраўляюцца з іншадумцамі і бессаромна парушаюць правы грамадзян.

Паламаў ключыцу сам “па неасцярожнасці”
Акурат 27 ліпеня сайт праваабарончага цэнтру “Вясна” паведаміў, што актывіст “Моладзі БНФ” Зміцер Пармон атрымаў з Пракуратуры Цэнтральнага раёна Менска адказ на сваю заяву з просьбай узбудзіць крымінальную справу ў дачыненні да міліцыянтаў, якія збівалі яго падчас затрымання  27 траўня.

Моладзевы актывіст разам з сваім паплечнікам Франкам Вячоркам былі затрыманыя перад пачаткам велапрабегу ў гонар Максіма Багдановіча.

Падчас затрымання іх абодвух збівалі, у выніку чаго Зміцер апынуўся ў 6-ым гарадскім клінічным шпіталі з дыягназам “пералом ключыцы” і яму была зроблена складаная хірургічная аперацыя.

Праверку па выкладзеных Змітром у заяве фактах Пракуратура Цэнтральнага раёна праводзіла даволі працяглы час. У выніку прыйшоў адказ за подпісам следчага А.А.Бачылы, які паведамляе пацярпеламу актывісту, “што пракуратурай Цэнтральнага раёна горада Мінска праведзена праверка па Вашай заяве, па выніках якой 09.07.2010 прынята рашэнне пра адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы … за адсутнасцю ў дзеі складу злачынства”.

Далей у адказе вельмі падрабязна распісваюцца паказанні сведкаў, паводле якіх цялесныя пашкоджанні ў Зм.Пармона расцэньваюцца “як атрыманыя ім у выніку яго ж уласнай неасцярожнасці”. 

Затрыманні з нагоды гадавіны
У 20-тую гадавіну абвяшчэння незалежнасці адбыўся шэраг затрыманняў дэмакратычных актывістаў, паведамляе “Вясна”.

“Хапун” адбываўся і напярэдадні – у Гомелі, дзе былі затрыманыя каля дзесяці ўдзельнікаў акцыі, прымеркаванай да гадавіны прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. Сярод затрыманых знаходзіўся і прадстаўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Анатоль Паплаўны.

Па словах праваабаронцы, падчас распаўсюду віншавальных паштовак на плошчы абласнога цэнтра “Паўстанне” за акцыяй назіралі незнаёмыя людзі ў цывільным, якія  затрымалі яго і сябра БНФ Валеры Рэпніна. Актывістаў даставілі ў пастарунак, дзе ў тэксце паштовак знайшлі “інфармацыю антыпалітычнай накіраванасці”.

У віншавальных паштоўках было напісана, што “27 ліпеня 1990 года ў Менску была прынятая Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце Рэспублікі Беларусь. Гэты дакумэнт стаў першым афіцыйным крокам да самастойнасьці Беларусі. Менавіта ад гэтага дня пачаўся адлік новай гісторыі нашай краіны. Праблема незалежнасьці Беларусі самым непасрэдным чынам зьвязаная з дэмакратыяй, з дабрабытам і свабодай кожнага асобнага чалавека. Незалежнасьць нашай дзяржавы – гэта адзін з галоўных чыньнікаў і гарантыя пабудовы свабоднага, дэмакратычнага грамадзтва. Лёгіка падзеяў і здаровы сэнс гавораць пра тое, што свабода абавязкова вернецца ў Беларусь, а незалежнасьць краіны стане велізарнай каштоўнасьцю ўсяго беларускага народа”.

– Канфіскацыя віншавальных паштовак адбывалася з шматлікімі парушэннямі адміністратыўнага кодэксу, – распавядае А.Паплаўны. – Не было панятых, таксама ў пратаколе не быў выкладзены тэкст канфіскаваных паштовак. Адміністратыўных пратаколаў на нас пакуль не склалі, але ж, як мы мяркуем, міліцыянты будуць раіцца з вышэйстаячым кіраўніцтвам, пасля чаго і будзе прынята канчатковае рашэнне.