“На дадзены момант у Вільні знаходзіцца вялікая колькасьць міжнародных аб’яднаньняў, таму мы і вырашылі напярэдадні кангрэсу праінфармаваць пра праблему існаваньня ў Беларусі крымінальнай адказнасьці за дзейнасьць NGO, бо артыкул 193.1 зьяўляецца асноўнай перашкодай для разьвіцьця грамадзкага сэктару”, – распавяла каардынатарка кампаніі “Стоп 193.1!” Асамблеі НДА Алёна Валынец.

Паслухаць пра праблему існаваньня артыкула 193.1 прыйшлі прадстаўнікі міжнародных арганізацыяў і супрацоўнікі амбасадаў – усяго 24 асобы.

Сярод выступоўцаў з беларускага боку – старшыня Рабочай групы Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч, кіраўніца Выканаўчага бюро Асамблеі НДА Алёна Валынец, юрыст Юры Чавусаў, дырэктарка Цэнтру прававой трансфармацыі Вольга Смалянка і праваабаронца Валянцін Стэфановіч.