Былыя прадпрымальнікі з Ваўкавыску абвінавачваліся ў падрыхтоўцы забойства старшыні Гродзенскай вобласці Уладзіміра Саўчанкі ў 2005 годзе, а таксама – у дачыненні да серыі падпалаў маёмасці чыноўнікаў з Ваўкавыску. Аўтуховіча ж следства лічыла арганізатарам крымінальнай групоўкі. Міжнародная арганізацыя Amnesty International прызнала яго вязнем сумлення яшчэ падчас першага прысуду: тады прадпрымальніка абвінавачвалі ва ўхіленні ад аплаты падаткаў. Новая справа была яшчэ больш гучнай і палітызаванай. Беларускія праваабаронцы назвалі гэтую справу “пераследам за грамадзянскую актыўнасць”.  

Новыя палітычныя вязні

Па так званай “справе Аўтуховіча” праходзіла чатыры чалавекі. Сам Мікалай Аўтуховіч – удзельнік савецкай вайны ў Афганістане, да першага прысуду займаўся прадпрымальніцкай дзейнасцю, быў уладальньнікам фірмы “Радыётаксі” ў Ваўкавыску. Уладзімір Асіпенка – афіцэр, таксама былы ўдзельнік Афганскай вайны, партнёр Аўтуховіча па бізнэсу. Трэці фігурант справы, Міхаіл Казлоў – следчы аддзялення па барацьбе з карупцыяй Гродзенскага УУС. У 2003 годзе ён расследваў заяву Аўтуховіча і Асіпенкі аб карупцыі ў Ваўкавыску. Цяпер быў абвінавачаны за скрыццё інфармацыі аб падрыхтоўцы тэрактаў. Асуджаны па гэтай справе таксама і Аляксандр Ларын – былы працаўнік фірмы Аўтуховіча.

Шлях ад прадпрымальніцтва да кратаў

Свой першы прысуд Аўтуховіч атрымаў у кастрычніку 2005 году – за ўхіленне ад уплаты падаткаў. Яшчэ той першы прысуд як ў самой Беларусі, так і за мяжой называлі “палітычным”: было відавочна, што сапраўдная прычына пераследу – грамадская актыўнасць прадпрымальніка. Займаючыся прыватным бізнэсам у невялікім мястэчку, Аўтуховіч сутыкаўся з выпадкамі карумпаванасці дзяржаўных чыноўнікаў і структур, маўчаць пры гэтым ён не мог. Вынікам гэтага сталася 2,5-гадовае зняволенне.

Пасля датэрміновага вызвалення ў студзені 2008 года, Аўтуховіч працягваў займацца актыўнай грамадскай дзейнасцю. Ён стаў намеснікам старшыні рэспубліканскага Руху ветэранаў вайны ў Афганістане. Лідэр гэтага руху Аляксандр Камароўскі заявіў аб намерах стварэння палітычнвай партыі “афганцаў”на базе аб’яднання. Планавалася, што колькасць удзельнікаў можа ўзрасці за кошт супрацоўнікаў іншых сілавых структур Беларусі – Узброеных сілаў, МУС, КДБ, пракуратуры. У хуткім часе пасля заявы аб стварэнні новай грамадскай арганізацыі міліцыя знайшла ў Камароўскага вялікую суму фальшывых даляраў. Арышт жа Аўтуховіча паследваў пасля яго адмовы ад юбілейнага медаля, прысвечанага 20-годдзю сканчэння вайны ў Афганістане.

“Падрыхтоўка тэрактаў”

Следства аб падрыхтоўцы Аўтуховічам і яго аднадумцамі тэракту супраць гродзенскага чыноўніка вялося 10 месяцаў. Гранатамёт, які па афіцыйнай версіі павінен быў стаць сродкам забойства, праваахоўнікі знайшлі яшчэ у 2005 годзе на школьнай пляцоўцы. Аўтуховіч у гэты час адбываў свой першы тэрмін зняволення. У той жа час была заведзена крымінальная справа па пагрозах у дачыненні ды афіцыйнай асобы – старшыні Гродзенскай вобласці Саўчанкі. На яго імя прыйшоў ананімны ліст з пагрозамі. Пасля арышту Аўтуховіча ў лютым 2009 года ўладам заставалася толькі звязаць у адзін ланцужок справу аб пагрозах, знойдзенай зброі і “ліквідаваць” занадта актыўнага грамадзяніна.

5 год за 5 патронаў

Канчатковы прысуд “тэрарыстам” быў абвечшаны 6 траўня ў Вярхоўным судзе. Мікалай Аўтуховіч асуджаны на пяць гадоў і два месяцы калоніі ўзмоцненага рэжыму за незаконнае захоўванне і перавозку пяці патронаў і паляўнічай вінтоўкі. Абвінавачванні ў падрыхтоўцы тэрарыстычных актаў супраць намесніка міністра па падатках і зборах Васіля Камянко і старшыні Гродзенскага аблвыканкаму Уладзіміра Саўчанкі знятыя. Што датычыцца вінтоўкі, то яна раней належала Аўтуховічу. Але пасля першага турэмнага зняволення ён страціў права на яе валоданне, і гэтая вінтоўка была аформленая на іншага чалавека. Уладзімір Асіпенка асуджаны на тры гады калоніі агульнага рэжыму за захоўванне і перавозцы зброі і выбухоўкі. За тое ж асуджаны на тры гады і Аляксандр Ларын. Міліцыянер Міхаіл Казлоў асуджаны на два гады калоніі без паражэння ў правах. Казлову паставілі ў віну тое, што ён меў пэўную інфармацыю па зброі, але з асабістых інтарэсаў не выдаў яе следству. 

Справа мела шырокі грамадскі рэзананс, пастаянна агучвалася прэсай. На прысуд адрэагавалі і беларускія праваабаронцы, прыняўшы адпаведную заяву. “Аналіз доказаў, атрыманых і даследаванных у судовым працэсе, не дае падставы лічыць іх дастатковымі для вынясення абвінаваўчага прысуду. Згодна з інфармацыяй следчага, справа знаходзіцца на контролі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”, – сказана ў дакуменце.

Міжнародная супольнасць таксама адгукнулася на чарговы факт сфабрыкаванай палітычнай справы. “Мы спадзяваліся, што беларускія ўлады выкарыстаюць гэтую магчымасць, каб прадэманстраваць выкананне належнай прававой працэдуры і незалежнасць судовай сістэмы. На жаль, існуюць прычыны сумнявацца ў належным правядзенні гэтага працэсу ў тым, што тычыцца грамадзянскіх правоў Мікалая Аўтуховіча і астатніх удзельнікаў працэсу, – гаворыцца ў заяве пасольства ЗША.