Рэпетыцыя прэзідэнцкіх выбараў
Многія эксперты і назіральнікі ўжо назвалі кампанію мясцовых выбараў рэпетыцыяй маючай адбыцца прэзідэнцкай кампаніі – па жорсткасці дзеянняў уладаў у спробах дыскрэдытацыі незалежных кандыдатаў, па прадказальнасці вынікаў. Апазіцыйны кандыдат ад руху "За свабоду!", напрыклад, быў абвінавачаны ў педафіліі, прычым абсалютна беспадстаўна, іншы – у прыналежнасці да гей-супольнасці ў невялікім, збольшага гамафобным беларускім мястэчку. Пры гэтым улады прадказальна праігнаравалі скаргі гэтых кандыдатаў.
Асаблівасцю гэтай кампаніі можна назваць высокую актыўнасць незалежных кандыдатаў, у тым ліку і апазіцыйных. На некаторых выбарчых акругах было зарэгістравана па 7-9 кандыдатаў, якія, на жаль, выконвалі ролю выключна масоўкі, не замінаючы праўладнаму кандыдату заняць наканаванае гэтай жа ўладай месца.
Гэтая кампанія была першая, якая адбылася паводле змененага ў студзені 2010 года Выбарчага кодэксу. Самыя значныя са зменаў – адмена парога яўкі выбаршчыкаў, каб выбары можна было прызнаць адбытымі, а таксама – спрашчэнне арганізацыі перадвыбарных пікетаў, агітацый за кандыдатаў.
Змены ў Выбарчы кодэкс заўсёды былі краевугольным камянём ў адносінах ЕЗ і Беларусі. Але ж і пасля праведзеных "касметычных" зменаў фальсіфікацыі і парушэнні застаюцца не толькі “нармальнай”, але і павальнай практыкай, забяспечваючы патрэбных уладзе людзей на кіроўных пасадах.
“Выбары праходзяць у святочнай абстаноўцы”
Афіцыйна абвешчана, што ў выбарах узяло ўдзел больш за 79% выбаршчыкаў. "Еўрапейскаму электарату яшчэ расці і расці да нашага ўзроўню", – заявіла кіраўнічка беларускага Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына (на фота).
Яна запэўніла, што выбары праходзяць "спакойна, у мірнай і святочнай абстаноўцы", а скаргі, якія паступілі ў ЦВК за час кампаніі, — адзінкавыя.
Па звестках ЦВК, амаль трэцяя частка выбарцаў прагаласавала датэрмінова.
Датэрміновае галасаванне – характэрная для Беларусі з’ява, метадычна навязваная зверху. "Прагаласаваў сабе датэрмінова – і на выходныя дні можаш на лецішчы адпачыць, заняцца хатнімі справамі". Такое беларускае новаўвядзенне тлумачыцца клопатам пра людзей.
Але ёсць і іншы бок медаля: датэрміновыя галасы прасцей за ўсё апрацаваць так, як трэба. Таму ўлады ўвесь час заклікаюць да галасавання загадзя, ў дзяржаўных установах яно практыкуецца нават прымусова.
Праваабаронцы не пабачылі прагрэсу
Між тым, незалежныя маніторынгавыя службы зафіксавалі шэраг канфліктных сітуацый у звязку з выбарамі. Аналіз маніторынгавых паведамленняў часу выбарчай кампаніі ў мясцовыя саветы-2010, які праводзіўся праваабаронцамі ў рамках кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары", паказвае, што асноўныя тэндэнцыі засталіся нязменныя. У прыватнасці, было зафіксавана:
– некалькі адмоваў незалежным журналістам у прадастаўленні афіцыйнай інфармацыі пра выбары: напрыклад, у Мінску (непасрэдна ў дзень выбараў быў выдалены з участку карэспандэнт «Еўрарадыё» і затрыманы журналіст газеты «Белорусы і рынок»);
– няроўныя ўмовы агітацыі кандыдатаў: больш выгадныя — для праўладных кандыдатаў і, наадварот, неспрыяльныя — для апазіцыйных;
– высокі працэнт выбаршчыкаў, якія прагаласавалі датэрмінова;
– непразрыстасць працэдуры падліку галасоў, недапушчэнне назіральнікаў непасрэдна да гэтай працэдуры;
– шматлікія скаргі і заявы незалежных кандыдатаў і назіральнікаў аб сур’ёзных парушэннях і фальсіфікацыях.
"У цэлым выбарчая кампанія прайшла у тым жа духу, што і мінулыя кампаніі, істотных якасных зменаў на карысць дэмакратызацыі практыкі правядзення выбараў не адбылося. Былі зафіксаваныя сур’ёзныя сістэмныя адступленні ад дэмакратычных стандартаў, за якія беларускія ўлады раней неаднаразова падвяргаліся крытыцы", – сказана ў выніках маніторынгу кампаніі мясцовых выбараў беларускімі праваабаронцамі.
Такім чынам, улічваючы масавыя і сур’ёзныя парушэнні падчас выбараў, яны не могуць быць прызнаныя праведзенымі. Але ж, ёсць іншая, афіцыйная пазіцыя, якая яшчэ раз адкрыта паказала, што права абіраць і быць абраным немагчымае ў сучаснай Беларусі.