Мне давялося назіраць за выбарамі ў мясцовыя саветы, якія праходзілі ў Беларусі 25 красавіка 2010 году. Разам зь незалежным назіральнікам Алесем Ч. мы цэлы дзень правялі на ўчастку №18 Сухараўскай акругі Менску, дзе балятавалася, напэўна, рэкордная для гэтых выбараў колькасьць кандыдатаў – цэлых 7 чалавек. Участак знаходзіўся ў будынку гімназіі. У гэтым жа будынку былі разьмешчаныя яшчэ два ўчасткі для галасаваньня гэтага аднаго з самых дынамічных спальных раёнаў Менску.

Гэтыя запіскі – невялікая замалёўка ў колерах і гуках таго, што прынята ў Беларусі называць “выбарамі”.

І выбары таксама выйшлі ў Твітэр
Я адчуў, што выбары сапраўды адбываюцца толькі тады, калі ў сярэдзіне дня я адлучыўся з участку, каб крыху адпачыць. Я залез у Twitter і ўбачыў сапраўдныя выбарчыя баталіі: там пад тэгам #electby назіральнікі, кандыдаты і проста юзэры посьцілі свае стасаракасымбальныя замалёўкі, прысьвечаныя выбарам. Яны пісалі аб тым, як дзесьці з участку пагналі журналістаў, як кандыдату ня далі рабіць экзыт-пол альбо які “казёл” гэты старшыня камісіі. Кантраст з тым, што адбывалася на выбарчым участку быў неверагодны. А на e-mail тым часам прыйшло паведамленьні ад кандыдата ў менскі гарадзкі савет Аляксандра Лагвінца. Яго давераную асобу ўчора з участка наўпрост у пастарунак забралі і там да панядзелка пакінулі. Давераная асоба спрабавала давесьці старшыні камісіі, што сямейнае галасаваньне – гэта парушэньні заканадаўства.

Чырвона-зялёнасьць
Галоўныя колеры участкаў – чырвоны і зялёны. Гэта зразумела – тое беларускія асноўныя ідэалягічныя колеры. Але больш усё ж чырвонага, як у часы саветаў: чырвоныя абрусы на сталах, чырвоны пінджак дэпутаткі ПП НС, якая зьявілася зранку, з малінавага колеру тоўстым нататнікам, прысела на месца назіральніка і паглядзела на нас: “ёсьць пытаньні?” “А якое ваша імя?” – спыталі мы.  Жанчына выпраміла сьпіну і з пагардай да нас, сьмяротных, адказала: “Я – дэпутат нацыянальнага сходу”.

Гэта была Валянціна Жураўская, колішняя дырэктарка школы, дзе знаходзіўся наш участак. Пасьля яна перайшла ў кіраўніцтва нейкага тэхнікуму, адкуль, уласна, і трапіла ў дэпутаты. Праўда, ня гэтай акругі. На нашай выбарчай акрузе праўладным кандыдатам, у перамозе якой ніхто не сумняваўся, была цяперашняя дырэктарка гэтай жа школы.

Мы сказалі Жураўскай, што назіраць нязручна, што перад намі нейкія бязглуздыя вазоны з кветкамі і нічога ня бачна, бо далёка ад сталоў камісіі. Дэпутатка падышла да старшыні камісіі і сказала яму, што варта б кветкі адставіць. Кветкі былі пасунутыя. А нашы крэслы перастаўленыя бліжэй. Больш ніхто з “назіральнікаў” (відавочна, мясцовых настаўніц) перамясьціцца бліжэй да сталоў камісіі не пажадаў. Але нам хаця б стала чуваць размовы сяброў камісіі з выбаршчыкамі.

Камісія складалася выключна з жанчын – школьных настаўніц пад старшынствам вусатага кіраўніка мясцовага ЖЭСу і яго намесьніка, яшчэ маладога, але ўжо, бачна, бязьмерна функцыйнага функцыянэра. Адсутнасьць хаця б аднаго прадстаўніка партыі альбо грамадзкай арганізацыі ў камісіі пазьней моцна зьдзівіла брытанскіх назіральнікаў, якія даехалі да нашага папулярнага ўчастку ў гадзіны дзьве. Прысутнасьць дыпляматаў у час падліку бюлетэняў, аднак, нічога не зьмяніла.

Ад аблокаў да званоў
Увесь участак ахутаны гукамі музыкі: ад песенькі аб аблоках на ганку са школьных калёнак, да Веркі Сярдзючкі з мафону ў холе, дзе ўжо ў 9 тусаваліся мужыкі, папіваючыя танную “Александрыю”. Падымаючыся з забітага мяснымі і алькагольнымі вырабамі першага паверху школы, выбарцы трапляюць у рай шансону на паверсе другім. Там з жорсткага віду касэтніку даносіліся песьні Шафуцінскага пра “колокола” і “водочку”.

Чырвона-зялёны сьцяг, прылеплены да салатавых школьных сьцен празрыстым скотчам, ствараў канчатковую гармонію месца для волевыяўленьня. 

Пасьля абеду па радыё перадалі, што парушэньняў на выбарах канешне ж няма і палова выбаршчыкаў да ўрнаў ужо дайшла. Калі параўнаць дынаміку прыходу людзей на ўчасткі з Украінай, дзе я назіраў першы тур прэзыдэнцкіх выбараў у пачатку 2010 году, людзей на наш ўчастак прыходзіла экстрэмальна мала. Па аднаму ў хвіліну-дзьве. 

Сярэдні выбарца не цікавіўся інфармацыяй аб кандыдатах, вывешанай у недалёка ад скрыняў для галасаваньня. Можа, адзін з дваццаці і падыходзіў да плякатаў, на якіх нічога акрамя прозьвішчаў зь імёнамі, адукацыі і прыбытку не пазначалася. Хаця для многіх памер прыбытку меў рашаючае значэньне. Меркаваньні людзей, у залежнасьці ад сацыяльнай групы, розьніліся ад абуральнага “у-у-у, шмат зарабіў – значыць, шмат нарабаваў” да па-добраму-зайздроснага: “сябе забясьпечыў – значыць, ведае як працаваць”. Выбаршчык набліжаўся да гэтага бляклага чорна-белага плякату, з хвіліну ўважліва ўглядаўся ў бюлетэнь, дзе была разьмешчаная прыкладна такая ж інфармацыя, пасьля падымаў вочы да плякату, амаль заўважна ківаў самому сабе – выбар зроблены – і накіроўваўся да кабінак. Людзі, якія прыходзілі зь дзецьмі, апошнюю сваю волю звычайна дазвалялі кінуць у скрыню нашчадкам.

Цікава, ці хаця б дзесятая частка тых, хто дайшоў сёньня да “выбараў”, ведала хоць нешта аб кандыдатах акрамя інфы, вывешанай у чорна-белым плякаце?

Выбары?!
Прыкладна так усё адбывалася да моманту Х – пачатку падліку галасоў.

Роўна ў восем дзьверы ў памяшканьне, дзе праходзілі выбары, былі зачыненыя неадкуль паўсталым міліцыянэрам з дубінкай. Сталы камісіі былі пасунутыя ў цэнтар пакою на адлегласьці мэтраў сямі ад нас і накрытыя зялёным абрусам. Стала здавацца, што камісія, якая расьселася паўколам вакол гэтым сталоў, прабачце, задніцамі, да нас, зараз распачне гульню ў покер. Да гэтага часу да нас – адзіных незалежных назіральнікаў сярод пахмурых саракагадовых настаўніц – далучыліся два “цяжкавіка” выбарчага працэсу – давераныя асобы аднаго з кандыдатаў юрыст Даша Каткоўская і адстаўны афіцэр войскаў сувязі Аляксей Кавалец.

Калі на сталы была высыпаная першая жменя бюлетэняў, Аляксей пачаў наступ. Падлік галасоў убачыць было немагчыма: сябры камісіі перабіралі паперкі, упісваючы туды, кіруючыся толькі іх лёгікай, лічбы і значкі, якія ніхто акрамя іх бачыць ня мог. Аляксей паспрабаваў падысьці бліжэй, хаця б на паўмэтра, але быў спынены спачатку старшынёй камісіі, а пасьля і міліцыянэрам – маладым хлапцоў гадоў дваццаці. Вачыма яны акрэсьлілі мяжу, за якую заступаць было нельга. Калі Даша паспрабавала зрабіць фотаздымак “падліку”, міліцыянэр загадаў прыбраць фотаапарат. Даша адмовілася. “Я не дазваляю вам здымаць”, – пракрычаў старшыня камісіі. “Дзе напісана, што мне не дазволена здымаць?” – пракрычала ў адказ Даша. “Пакажыце, дзе напісана, што вам дазволена здымаць?” Даша падышла да свайго крэсла і ўзяла выбарчы кодэкс – новенькае выданьне з наклеенай на ім чырвона-белай пагоняй.

Распачалася грандыёзная спрэчка паміж Аляксеем, Дашай, старшынёй камісіі і паддакваючым міліцыянэрам. “Дзе напісана, што нам недазволена здымаць?” – паказваючы пальцам у бок сталоў з ужо амаль сабранымі ў камічны пасьянс бюлетэнямі, дзяўчына трымала кодэкс з пагоняй у іншай руцэ і фотаапарат пад мышкай. Яе позірк, поўны ярасьці і адчаю, упіваўся ў, здавалася, на вачах сівеючага старшыню. Упэўнены позірк загарэлага, апранутага ў стылёвы пінджак Аляксея дапаўняй гэту карціну. Карціну, якая, упэўнены, запоўніцца мне надоўга. “Я маю права назіраць!”, – не здаваўся Аляксей. “Вы перашкаджаеце камісіі працаваць!” – нэрвова выкрыкваў загатаваныя адчэпкі старшыня. “Нават у Зімбабве здолелі правесьці нармальныя выбары!” – пераходзіў да апэляцый да сусьветных практык Аляксей.

Прыкладна ў гэткім фармаце спрэчка доўжылася яшчэ хвілін дзесяць. Мне здавалася, што я прысутнічаў пры акце сапраўднай барацьбы дабра і зла, нянавісьці і любові, праўды і падману. І я адчуваў, да якой ступені праўдзівы быў мой бок – людзей, якія хацелі бачыць падлік бюлетэняў і яго бессаромную імітацыю. Якія трапныя былі словы давераных асобаў і якімі фальшывымі – адказы старшыні. І як прыемна было адчуваць сябе на баку, а не разам з гэтымі, здавалася, неймаверна агіднымі, безгустоўна нафарбаванымі саракагадовымі супрацоўніцамі школы, купленымі мізэрнымі прэміямі і мяхамі зь недаедкамі сёньняшняга “сьвяточнага сталу”.

У выніку ў Дашы ўсё ж атрымалася пакінуць фотаздымач на крэсьле і запісаць цалкам падпольнае відэа, а таксама набраць сябра, які знаходзіўся ў гэты час на вуліцы і цягам 30 хв. праз улучаны тэлефон даваць яму магчымасьць запісваць на дыктафон тое, што адбывалася ў памяшканьні.

“Прыйшоў час сыходзіць з гэтага цырку”, – кінуў Аляксей, калі бюлетэні былі падлічаныя, і выйшаў з памяшканьня. Для таго, каб зьдзейсьніць працэдуру “падліку” амаль 1000 бюлетэняў камісіі спатрэбілася толькі 18 хвілін.

Апагей дзейства наступіў пасьля абвяшчэньня канчатковых вынікаў – бясспрэчны лідэр галасаваньня заняў перадапошняе месца з 3% галасоў. Да Алеся падышоў малады міліцыянт, які спрабаваў адабраць у Дашы фотаздымач, і спытаў: “колькі вам заплацілі за гэты цырк?” – шчыра, з усьмешкай – яго малады твар быў яшчэ здольны на шчырыя ўсьмешкі.

Мы перадалі старшыні камісіі копію пратаколу з пазначанымі парушэньнямі: адсутнасьцю магчымасьці назіраць падлік і рабіць фотаздымкі. Старшыня хутка схаваў пратакол у сінюю тэчку, паклаў яе пад мышку і паднёс слухаўку да вуха: “выклікайце ахову, я безь яе не паеду”.

Праз паўгадзіны кіраўнік ЖЭСу выбег у суправаджэньні двух шафавідных амапаўцаў з будынку школы і заскочыў у белую “Волгу”. Амапавец зачыніў за ім дзьверкі і машына адразу ж кранулася. За паўгадзіны да гэтага на падобным аўтамабілі адправіўся ў пастарунак журналіст газэты “Беларусы і рынак” Вадзім Александровіч, які на суседнім участку таксама спрабаваў зрабіць здымак моманту падліку галасоў.

Празь некаторы час зь дзьвярэй школы выйшлі іншыя сябры камісіі: яны несьлі вялізныя поліэтыленавыя мяхі з прадуктамі з працаваўшых увесь выбарны дзень ля ўчасткаў лавак зь танным алькаголем, мясам і іншымі прадуктамі. Гледзячы па ўсім, ім прадукты дасталіся бясплатна.

“Ну, як выбары?” – спыталі мяне бацькі, калі ў гадзіну ночы я вярнуўся дадому.

“У Беларусі выбараў няма”, – сказаў я. І казаць больш не было чаго.  

26 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Удзел у выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў 26-га склікання прынялі больш як 79 працэнтаў выбаршчыкаў. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў.

25 красавіка, Мінск /Кацярына Нячаева – БЕЛТА/. У Цэнтрвыбаркам паступіла вельмі няшмат абгрунтаваных і сур’ёзных скаргаў у сувязі з правядзеннем выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў 26-га склікання. Аб гэтым заявіла журналістам старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына, перадае карэспандэнт БЕЛТА.