33-гадовая Яна трагічна завяршыла сваё жыцце год таму, 6 сакавіка 2009 года. Юрыст паводле адукацыі, Яна Палякова была актывісткай незарэгістраванай арганізацыі "Прававая дапамога насельніцтву". Супрацоўнічала з іншымі праваабарончымі арганізацыямі, уваходзіла ў ініцыятыўную групу апазіцыйнага кандыдата Вольгі Казулінай на парламенцкіх выбарах 2008 года.
3 сакавіка мінулага года суд Салігорскага раёна прызнаў Палякову (на фота) вінаватай на падставе артыкула 400. частка 2 Крымінальнага кодэкса (заведама непраўдзівы данос). Яе абвінавацілі ў непраўдзівым даносе на супрацоўніка міліцыі і прыгаварылі да двух з паловай гадоў абмежавання волі. Акрамя таго, паводле рашэння суда яна павінна была выплаціць штраф супрацоўніку міліцыі у якасці маральнай кампенсацыі.
Яна ж лічыла сябе невінаватай, сцвярджаючы, што міліцыянер нанёс ёй пабоі.
Напярэдадні трагедыі, самая масавая афіцыйная газета “Советская Белоруссия” апублікавала фельетон пра беларускіх праваабаронцаў, у якім фігуравала і Яна Палякова. Паводле меркавання сяброў Яны, гэтая публікацыя стала “апошняй кропляй”, якая перапоўніла чашу яе цярпення.
Рэжысёр фільму Вольга Мікалайчык данесла гэту няпростую гісторыю праз эмоцыі і расповяды сяброў і сваякоў Яны. Разважаючы пра гэты жудасны выпадак суіцыду маладой жанчыны, героі стужкі “Смерць напярэдадні вясны” акцэнтуюць увагу на “крымінальнасці” беларускага рэжыму,і пацверджанне тут вельмі відавочнае – смерць праваабаронцы.
Аўдыторыя гледачоў, якая складалася з журналістаў, працаўнікоў амбасад і прадстаўнікоў беларускай меншасці, рэжысёрка прызналася, што гэты выпадак вельмі крануў яе, і яна проста не магла маўчаць. Вынікам з’явілася гэтая 25-хвілінная стужка, вельмі эмацыйная і кранальная. Прэм’ера стужкі ўжо адбылася на Беларусі, у родным горадзе Яны Салігорску. Па словах Вольгі Мікалайчык, яна мела вялікі рэзананс, бо шмат сваякоў і проста знаёмых Яны яшчэ вельмі доўга будуць помніць трагедыю гадавой даўніны.
Наступнымі фільм пабачаць эксперты на Кіеўскім фестывалі дакументальных стужак, а ў перспектыве аўтарка збіраецца адпраўляць яго і на іншыя мерапрыемствы такога кшталту. Па яе шчыраму перакананню, кіно з’яўляецца непалітычным метадам грамадскай дзейнасці, якой Вольга Мікалайчык збіраецца займацца і надалей.