“Гэта і страшна, і бязглуздна адначасова”
Ператрусы прайшлі ў офісе сайта “Хартыя-97”, у прыватнай кватэры журналісткі Ірыны Халіп, на працоўным месцы шэф-рэдактаркі “Народнай волі” Святланы Калінкінай, у прыватнай кватэры намесніцы рэдактара “Народнай Волі” Марыны Коктыш, а таксама ў кватэры, дзе жыве рэдактарка сайта “Хартыя-97” Наталля Радзіна. Была таксама спроба трапіць у кватэру да каардынатара грамадзянскай ініцыятывы “Еўрапейская Беларусь” Дзмітрыя Бандарэнкі, але ён проста не адчыніў міліцыянтам дзверы.
Удзень, 16 сакавіка, супрацоўнікі міліцыі ў цывільным уварваліся на офіс сайта “Хартыя-97” – аднаго з галоўных незалежных медыя-рэсурсаў краіны. Пры гэтым яны праніклі ў памяшканне гвалтоўна, адзін з васьмі міліцыянтаў ударыў Наталлю Радзіну, журналістку рэсурса, ў вока. Наталля зазначае, што адзін з уварвантаў быў у чорнай масцы, пастаянна выкрыкваў нацысцкія лозунгі. Пасля пачаўся ператрус. Офісныя камп’ютары былі запакаваныя ў чорныя пластыкавыя пакеты і вынесеныя з памяшкання “для экспертызы”.
“Усе міліцыянты былі ў цывільным, пры спробе патрапіць у офіс яны паводзілі сябе як злачынцы, – распавяла Наталля Радзіна (на фота). – Па твару мяне яшчэ не білі – паказальна, што першы ўдар мне, жанчыне, у маёй краіне міліцыянт нанёс за тое, што я і мае калегі выконваем свае прафесійныя абавязкі. Зразумла, што нас спрабуюць “заткнуць” пазбвіць апошняй магчымасці казаць праўду. Але таксама відавочна, што нападзенне на офіс сайта не выпадковае. Учора на нашым сайце афіцыйна аб’явіў пра свой намер ісці ў кандытаты ў прэзідэнты лідэр арганізацыі “Еўрапейская Беларусь” Андрэй Саннікаў. Сёння офіс разгромлены, журналісты збітыя. Гэта і страшна, і бязглуздна адначасова”.
Прыкладна ў той жа час міліцыянты ў цывільным увайшлі ў кватэру і самаго будучага кандыдата ў прэзідэнты і лідэра грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Андрэя Саннікава і яго жонкі, журналісткі Ірыны Халіп Міліцыянты пазванілі ў дзверы і прыгразілі, што ўзламаюць дзверы, калі іх не адчыняць гаспадары. У часе ператрусу ў кватэры знаходзіўся двухгадовы сын І. Халіп і А. Саннікава. У выніку супрацоўнікі міліцыі забралі камп’ютэр і флэш-карту.
Не абмінуў ператрус і рэдакцыю незалежнай газеты “Народная воля”. Канфіскаваныя тут былі працоўны камп’ютар шэф-рэдактара газеты Святланы Калінкінай. Але на гэтым “прыгоды” для выдання не скончыліся. Праз некалькі гадзін журналістка выдання Марына Коктыш таксама падверглася вобшуку – але ўжо ва ўласнай кватэры. Як і ў астатніх выпадках, у журналісткі забралі сістэмны блок камп’ютэра і іншыя носьбіты інфармацыі. Для Марыны Коктыш гэта ўжо не першы ператрус: 17 лютага міліцыянты наведваліся на яе працоўнае месца.
“Гэта грубае ўмяшальніцтва ў свабоду журналісцкай дзейнасці”
Усе выпадкі ператрусаў незалежных СМІ і на кватэрах журналістаў былі затверджаныя начальнікам УУС Гомельскага аблвыканкама. З дакументаў таксама вынікае, што крымінальная справа, у межах расследавання якой праводзяцца ўсе ператрусы, узбужаная 31. 12. 2009 паводле ч. 2 арт. 188 КК РБ (паклёп, які ўтрымліваецца ў публічным выступленні альбо ў СМІ). У прыватнасці, гаворка ідзе пра расследаванне крымінальнай справы аб паклёпе ў дачыненні да былога высокапастаўленага чыноўніка з Гомельскай вобласці Івана Каржа. Раней па гэтай справе ўжо былі дапытаныя ў якасці сведак Ірына Халіп, Андрэй Саннікаў і Марына Коктыш. Некаторыя з ахвяраў сённяшніх ператрусаў, тым часам, выказваюць меркаванне, што новая хваля ціску на незалежныя медыя і грамадскіх актывістаў непасрэдна звязаныя з хуткім пачаткам прэзідэнцкай кампаніі ў Беларусі, а таксама і з намерам Андрэя Саннікава балатавацца на вышэйшы пост, пра што і пісалі ўсе незалежныя выданні.
А вось як сітуацыю каментуе намеснік старшыні ГА “БАЖ” (Беларуская асацыяцыя журналістаў) юрыст Андрэй Бастунец (на фота):
“Па-першае, ператрусы ў рэдакцыях і кватэрах шэргу нашых калег — грубае ўмяшальніцтва ў свабоду журналісцкай дзейнасці.
Па-другое, гэтыя дзеянні выклікаюць вялікі сумнеў з пункту гледжання іх адпаведнасці Канстытуцыі — у прыватнасці, арт. 22, паводле якога ўсе грамадзяне роўныя перад законам і маюць права на роўную абарону сваіх правоў і інтарэсаў. Цяжка ўявіць, каб па заяве аб паклёпе на якога-небудзь звычайнага грамадзяніна Беларусі праводзіліся гэткія ж маштабныя дзеянні з прыцягеннем такой колькасці сілавых структур па ўсей краіне, як гэта зараз робіцца ў звязку з паклёпам на высокапастаўленага функцыянера КДБ.
Прыгадваецца хваля сакавіцкіх ператрусаў 2008 года па "справе аб мультфільмах“, якая таксама адбываліся з нагоды паклёпу — праўда, у дачыненні да кіраўніка дзяржавы. Той рэйд спецслужбаў нанес вялізныя страты іміджу нашай краіны ў свеце”.