Алег Гулак (“Беларускі Хельсінскі камітэт”), Валянцін Стэфановіч і Алесь Бяляцкі (“Вясна”), пачынаючы прэзентацыю, яшчэ раз адзначылі важнасць працэдуры УПА як новага механізма аховы правоў чалавека ў межах ААН (дзейнічае з 2006 года). Падкрэсліўшы, што галоўным тэкстам, па якім краіна і будзе праходзіць працэдуру, з’яўляецца непасрэдна дзяржаўны даклад, Алег Гулак адзначыў, што самаго дакумента пакуль няма, і таму вельмі цяжка прагназаваць, у якой манеры ён будзе напісаны.
Даклад жа беларускіх праваабаронцаў, які таксама будзе ўлічвацца ў працэдуры агляда ў якасці альтэрнатыўнай крыніцы, ужо паспеў пабачыць свет. Праваабаронцы не сумняюцца, што беларускія ўлады ведаюць пра дакумент, бо яго ўжо паспелі прэзентаваць некаторым амбасадарам у Беларусі, праходзілі таксама сустрэчы з дзяржаўнымі прадстаўнікамі, у тым ліку – намеснікам старшыні адміністрацыі прэзідэнта – Наталляй Пяткевіч. Алег Гулак, узгадваючы сустрэчу з Н. Пяткевіч, якая лічыцца аднім з галоўных сучасных ідэолагаў Беларусі, ахарактарызаваў яе як “нярвозную, без канструктыўнага дыялога”. Прычынай такіх паводзінаў уладаў праваабаронцы лічаць комплекс савецкага разумення такой з’явы, як абарона правоў у грамадстве, якая асацыюецца з нечым незаконным.
Падчас свайго выступу, Валянцін Стэфановіч адзначыў, што галоўная цяжкасць, з якой сутыкнуліся правыаабаронцы падчас падрыхтоўкі даклада – абмежаванасць у аб’ёме. Сапраўды, праваабаронцам прыйшлося размясціць сваё бачанне сітуацыі з правамі чалавека ў краіне ўсяго на 10 старонках. “Таму, – зазначыў В. Стэфановіч, – нам прыходзілася выбіраць самыя галоўныя праблемы, хаця ў сітуацыі з правамі чалавека не існуе галоўных і другасных праблем”. Тым не менш, неабходнымі для прадстаўлення у ААН яны палічылі права на жыццё – а ў Беларусі да гэтай пары існуе смяротнае пакаранне, і палітычныя правы. Разважаючы пра сітуацыю са смяротным пакараннем, праваабаронцы яшчэ раз падкрэслілі неабходнасць увядзення мараторыя, таму што на сённяшні дзень сама працэдура застаецца скрытай.
Падводзячы вынікі, Алесь Бяляцкі падкрэсліў неабходнасць прыцягнення ўвагі міжнароднай супольнасці да праблем ў галіне правоў чалавека ў Беларусі. На яго думку, сёння краіна вымушаная больш рэагаваць і прыслухоўвацца да меркавання міжнародных арганізацый і структур. Таму праваабаронцы спадзяюцца, што рэкамендацыі, якія будуць вынесены ААН для Беларусі пасля працэдуры УПА, таксама не застануцца толькі на паперы.