Непатрэбная царква
Першыя праблемы з уладамі пачаліся ў 2003 годзе, калі царква “Новае жыццё” тэрытарыяльна была далучаная да горада Мінска, што, адначасова, павысіла кошт зямлі, на якой знаходзіцца сам будынак. Куплены вернікамі і адрамантаваны будынак былога хлева улады, аднак не дазвалялі не перабудаваць, ні перапрафіліраваць.
У 2005 годзе Мінгарвыканкамам было забаронена праводзіць службы ў будынку царквы ў сувязі з “выкарыстаннем не па мэце”. Рашэнне было вынесена насуперак артыкулу 25 закона Беларусі “Аб свабодзе сумлення ў рэлігійных арганізацыях”, дзе пазначана права на правядзенне рэлігійных мерапрыемстваў у памяшканнях такога кшталту. Пасля гэтага царква была вымушаная праводзіць службы у сваім жа будынку ўжо нелегальна. З гэтага моманту былы хлеў на ўскрайку горада стаў так званым “яблыкам раздору” – вернікі, колькасць якіх, дарэчы, больш за тысячу, увесь час вымушаныя несці ў ім вахту, а рэлігійныя святы і службы праводзіць са страхам.
Пасля некалькіх спробаў дыялогу з Мінгарвыканкамам, а таксама іншымі прадстаўнікамі афіцыйных уладаў, калі ўсе цывілізаваныя шляхі вырашэння праблемы былі вычарпаныя, вернікі вырашылі дзейнічаць радыкальна – аб’явіць галадоўку. Патрабаванні іх былі простымі: вярнуць памяшканне царквы. Галадоўка працягвалася 23 дні, у ёй прынялі ўдзел больш за 200 чалавек. У яе выніку 10 чалавек трапіла ў шпіталі, а 4 – у аддзяленне рэанімацыі. Падзея мела шырокі грамадскі рэзананс, радыкальныя метады ўздзеяння апраўдалі сябе, і пастар царквы быў вызваны ў Адміністрацыю прэзідэнта, дзе яму паабяцалі вырашыць праблему прававым шляхам у выпадку сканчэння галадоўкі.
Аднак, як высветлілася пазней, верыць уладам было не варта: слуханні па справе будынка царквы хоць і ў зацягнутым выглядзе, але працягваліся. Кожны дзень вернікі царквы неслі вахту, каб не дапусціць унутр будынка міліцыю і дзяржаўных чыноўнікаў. Кропкай у гэтай справе, якая адназначна акрэсліла афіцыйную пазіцыю уладаў, стала вынясенне прысуду ў студзені 2009 года не на карысць царквы.
“Экалагічная справа”
Тым не менш, знаходзячыся пад пастаянным ціскам, пад пагрозай быць ліквідаванай ці захопленай кожны дзень, царква працягвала існаваць. Новым нападкам на яе стала так званая “экалагічная справа”.
Так, паводле вынесенага рашэння, царква павінна кампенсаваць нібыта ёю нанесеную шкоду навакольнаму асяроддзю памерам 263 мільёны рублёў, а таксама заплаціць за гэта штраф 8 мільёнаў 750 тысяч рублёў. Пра гэта паведаміў юрыст царквы "Новае жыццё" Сяргей Луканін.
Сяргей Луканін адзначае, што камітэт аховы прыроды Мінгарвыканкама без ведама царквы і без сведак зрабіў пробы грунту на прылеглай да яе будынку тэрыторыі. Аналіз паказаў падвышанае ўтрыманне нафтапрадуктаў. Довады Луканіна, што да набыцця царквой будынка былога кароўніка побач знаходзілася несанкцыянаваная гарадская звалка, у тым ліку старых аўтамабіляў, суддзя таксама не прыняла да ведама.
Царква "Новае жыццё" збіраецца абскардзіць рашэнне суда ў адпаведных інстанцыях. Аднак відавочна, што і ворганы ўлады маюць намер рабіць усё для мэтанакіраванага знішчэння як самой пратэстанцкай царквы, так і ўсёй абшчыны, і пратэстанты вымушаныя пакуль існаваць паўлегальна. Так, паводле словаў дзяржаўнага чыноўніка, намесніка старшыні Фрунзенскага РУУСа Дзінаса Лінкуса, “ёсць праваслаўныя, каталікі і мусульмане – гэта рэлігіі. Астатняе – секты”.