У аргкамітэт, які ініцыюе перамовы, увайшлі вядомыя праваабаронцы і прадстаўнікі беларускага трэцяга сектара. Сярод іх Алесь Бяляцкі (Праваабарончы цэнтр «Вясна»), Іна Кулей (Камітэт «Салідарнасць»), Алег Гулак (Беларускі Хельсінкскі камітэт), Таццяна Равяка (Беларускі Дом правоў чалавека) і некаторыя іншыя.
Звароты, у свю чаргу, былі накіраваныя прадстаўнікам ўлады і сілавых структураў Беларусі. Асабіста пра перамовы былі інфармаваныя міністр ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь, старшыня Камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, старшыня КДБ Рэспублікі Беларусь і шэраг іншых высокапастаўленых чыноўнікаў Беларусі. Таксама праваабаронцы запрасілі прадстаўнікоў мінскага офіса АБСЕ, амбасадараў і прадстаўнікоў Еўракамісіі ў Беларусі – паназіраць за ходам перамоваў.
“Мэтай перамоваў з’яўляецца пошук шляхоў для нармалізацыі дзейнасці праваахоўчых ворганаў пры забеспячэнні правапарадку падчас мірных сходаў і сабраній”, – сказана ў звароце. Таксама пазначана там і неабходнасць абмену пазіцыямі па “гвалтоўным дзеянням ў дачыненні да ўдзельнікаў масавых мерапрыемстваў 8, 14 і 16 лютага, а таксама сітуацыі вакол непрызнанага ўладамі саюза палякаў Беларусі”.
Праваабаронцы запрасілі прадстаўнікоў згаданых структур на сустрэчу 19 лютага ў гатэлі “Еўропа”, але ў апошні момант ім адмовілі ў памяшканні. Тым не менш, у прызначаны час — 11 гадзін раніцы — арганізацыйны камітэт у поўным складзе чакаў пачатку перамоваў у запланаваным месцы ля ўваходу ў будынак, але ніхто з прадстаўнікоў сілвых ведамстваў не прыйшоў. Негледзячы на гэта, праваабаронцы лічаць неабходным паўтарыць спробу сустрэцца.