Юлія Дарашкевіч: “Міліцыянт сказаў, што я яго збіла”
Увечары 16 лютага на Кастрычніцкай плошчы Мінска затрымалі фотакарэспандэнтку “Нашай Нівы” Юлію Дарашкевіч (на фота), якая асвятляла акцыю салідарнасці, араганізаваную актывістамі апазіцыі.
Журналістка была затрыманая падчас выканання сваіх прафесійных абавязкаў. Юля была вымушана тры гадзіны правесці ў Цэнтральным РУУС, дзе яе спрабавалі абвінаваціць у нанясенні цялесных пашкоджанняў міліцыянту. У міліцэйскім пункце ў яе ўзялі тлумачэнні, забралі асабістыя рэчы, а потым склалі іх вопіс.
Журналістка распавяла, што на плошчы нейкі малады чалавек у цывільным увесь час перашкаджаў ёй здымаць акцыю, а потым заявіў, што Юлія яго ўдарыла. "На вуснах у яго была кроў, і ён сказаў, што гэта я вінаватая. Мяне схапілі двое і пацягнулі ў аўтобус. У пастарунку яны сведчылі супраць мяне — праўда, спачатку казалі, што я ўдарыла кулаком, потым — што локцем", – сказала Юля ўжо пасля вызвалення. Яна сцвярджае, што не чапала міліцыянта: "Я задала ім лагічнае пытанне — няўжо прадстаўніка праваахоўных органаў можа ўдарыць дзяўчына, якая абедзьвюма рукамі трымаецца за свой фотаапарат?"
Пакуль Юлія знаходзілася ў аддзяленні міліцыі, каля яго ўвесь час дзяжурылі яе калегі і праваабаронцы, прадстаўнікі БАЖ, а таксама адвакат Мінскай гарадской калегіі адвакатаў. Нікому з іх не дазвалялі прайсці на тэрыторыю РУУС і не давалі інфармацыі пра тое, ці знаходзіцца там Юлія Дарашкевіч.
Пасля таго, як Юлія правяла ў аддзяленні міліцыі тры гадзіны і дала тлумачэнні, яна была адпушчаная.
Юлія Дарашкевіч – адна з самых аядомых беларускіх фотакарэспандэнтаў, працуе у газеце “Наша Ніва”. Яе працы не раз атрымлівалі узнагароды, таксама Юлія Дарашкевіч — лаўрэат прэміі расійскага 1-га канала «За журналісцкую мужнасць і прафесіяналізм».
Марына Коктыш: “Не хачу чуць ні пра МУС, ні пра КДБ”
Ператрус на працоўным месцы журналісткі газеты “Народная Воля” адбыўся на наступны дзень, 17 лютага. Увыніку яго, у рэдакцыі незалежнай газеты канфіскавалі кампутар і матэрыялы журналісткі Марыны Коктыш (на фота).
Пазней высветлілася, што прычына ператрусу – матэрыялы журналісткі па так званай “паляўнічай справе”, па якой зараз праходзяць гомельскія супрацоўнікі міліцыі і некаторыя іншыя “высокія” чыноўнікі. Іх абвінавацілі ў пабудове незаконных паляўнічых угоддзяў, а таксама ў перавышэнні ўлады. Марына Коктыш жа праходзіць па гэтай справе ў якасці сведкі.
Ператрус у рэдакцыі працягваўся каля гадзіны. Супрацоўнікаў рэдакцыі міліцыянты прымусілі адключыць тэлефоны. Адразу ж пасля паведамлення пра ператрус, у рэдакцыю “Народнай волі” прыехалі больш за дзесятак журналістаў, прадстаўнікі арганізацыі “БАЖ”, замежныя дыпламаты. У выніку быў канфіскаваны сістэмны блок кампутара Марыны Коктыш. “На сёння я настолькі стамілася, што нават не хачу чуць ні пра МУС, ні пра КДБ. Шчыра кажучы, у мяне проста няма жадання глядзець у бок міліцыянтаў і кэдэбэшнікаў,” – кажа журналістка.
Тым часам, праваабарончая арганізацыя “Рэпарцёры без межаў” выказвае занепакоенасць у сувязі з пераследам з боку ўладаў журналісткі Марыны Коктыш. Аб гэтым кажацца ў заяве арганізацыі ад 19 лютага. У прыватнасці, у дакуменце пазначаецца, што прадстаўнікі незалежнай прэсы толькі выконвалі сваю працу, праводзячы расследаванне скандалу з удзелам міліцэйскіх чыноўнікаў, і не павінны расцэньвацца як саўдзельнікі злачынства, пра якое пішуць.
Марына Коктыш – намеснік галоўнага рэдактара незалежнай газеты "Народная воля", лаўрэатка прэміі "За мужнасць і прафесіяналізм".