Падсумоўваючы вынікі 2009 года, беларускія праваабаронцы і прадстаўнікі трэцяга сектара падкрэслівалі, што адзін з галоўных антыдэмакратычных артыкулаў беларускага заканадаўства – 193.1 працягвае існаваць. Нягледзячы на заявы вышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў аб яго скасаванні.

Нагадаем: у верасні падчас канферэнцыі АБСЕ Мін’юст зрабіў гучную заяву аб скасаванні рэпрэсіўнага артыкула. Напрыканцы студзеня ж стала вядома, што Палата прадстаўнікоў Беларусі пакуль не збіраецца разглядаць пытанне аб яго адмене. Такі адказ трэцяму сектару даў старшыня пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы ПП Віктар Гумінскі. Ён зазначыў таксама, што “Палата прадстаўнікоў у бліжэйшай будучыні не мае намеру разглядаць пытанне аб адмене артыкула 193.1 КК”.

У той жа час кампанія па адмене рэпрэсіўнага артыкула “Стоп 193.1” працягвае актыўна разварочвацца сярод правообарончых і незалежных арганізацый. Так, Асамблея НДА (Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў) распаўсюдзіла заклік да дзеяння ад імя кампаніі “Стоп 193.1”. У заяве прамаўляецца неабходнасць скасавання артыкула, і як следства – неабходнасць шырокага рэзанансу, актыўнай падтрымкі кампаніі шэраговымі арганізацыямі і грамадзянамі.

“Відавочна, што беларускія ўлады па сутнасці выкарыстоўваюць артыкул для ціску на актывістаў незарэгістраваных арганізацыяў напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, што адбудуцца ў наступным годзе (а ў Беларусі налічваецца некалькі соцень незарэгістраваных арганізацыяў!). Добра вядома і тое, што артыкул 193.1 быў распрацаваны адмыслова напярэдадні папярэдніх выбараў і некаторыя людзі былі асуджаныя па ім і правялі за кратамі 6 месяцаў”,- кажацца ў заяве Асамблеі НДА.

Рэгістрацыя – не паратунак
Тым не менш, рэгістрацыя арганізацыяў таксама не з’яўляецца гарантыяй, што іх сябры не зазнаюць пераследу.

3 лютага Саюз беларускіх пісьменнікаў (аб’яднанне, зарэгістраванае ў Міністэрстве юстыцыі) выступіў з заявай аб пераследзе сваіх сяброў. У апошнія дні ўсе сябры СБП, якія працуюць у дзяржаўных установах, былі выкліканыя да кіраўніцтва, дзе на іх аказваўся ціск. Ім ва ўльтыматыўнай форме было прапанавана выйсці з Саюза беларускіх пісьменнікаў, інакш яны згубяць працу.

У выніку прынамсі двое літаратараў напісалі заявы аб выхадзе з СБП. Як стала вядома, кіраўнікі дзяржаўных арганізацыяў атрымалі ліст з Адміністрацыі прэзідэнта, дзе СБП быў названы “дэструктыўнай арганізацыяй”, а сяброўства ў ёй – “несумяшчальным з працай у дзяржустановах”.  

Сябра арганізацыі, навуковец і публіцыст Анатоль Астапенка (на фота) таксама аказаўся пад ціскам з боку аднаго з дзяржаўных універсітэтаў – месца, дзе ён працуе. Так, яму было прапанавана звольніцца з працы па ўласным жаданні, і прычыны ўльтыматуму не тлумачыліся. 

У гутарцы з загадчыкам кафедры ўсплыло, што звольніць мяне хочуць праз сяброўства ў СБП. Нібыта ён «альтэрнатыўны». Пытаюся, а што ў гэтым дрэннага? Адказвае — ён дэструктыўны. Я адмовіўся пісаць заяву”, – кажа Астапенка.

Выкладчык не збіраецца здавацца, а наадварот, хоча адстойваць свае правы з дапамогай юрыстаў.

“Ужо напісаў заяву на імя рэктара аб незаконных дзеяннях у дачыненні да мяне. Зарэгістраваў яе ў канцылярыі. Пералічыў імёны кіраўнікоў, якія ціснуць. Паглядзім, што будзе далей. Не збіраюся здавацца. Паспрабую пачаць семестр, калі яны міліцыянтаў не паставяць на ўваходзе. Рыхтую лекцыі. На калег ціснуць. Загадчык кафедры ўжо прасіў напісаць заяву дзеля яго. На яго ціснуць, пагражаюць звальненнем.”