Праект дадзенага закона з’явіўся у Інтэрнэце яшчэ ў снежні 2009 года. Тэкст законапраекта адразу ж выклікаў хвалі крытыкі як з боку беларускіх карыстальнікаў і зацікаўленых асобаў, так і з боку міжнародных праваабаронцаў. Крытыкуючы праект, эксперты настойвалі на адным: ён распрацаваны з мэтай блакавання незалежных ды апазіцыйных сайтаў у Інтэрнэт-прасторы напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у 2011 годзе.

Падпісаны прэзідэнтам 1 лютага,  указ № 60 “Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт” застаўся амаль нязменным. Ён па-ранейшаму змяшчае жорсткія нормы кантролю, што супярэчаць свабодзе слова.

Якіх зменаў чакаць?
Згодна з дакументам, кантроль над рэсурсамі Інтэрнэту ў Беларусі павінен ажыццяўляцца ў парадку, вызначаным Саветам Міністраў па ўзгадненні са спецыяльнай службай – Аператыўна-аналітычным цэнтрам пры адміністрацыі Лукашэнкі (ААЦ). Пад кантроль ААЦ пападаюць інтэрнэт-правайдэры краіны. “Пералік аператараў электрасувязі, якія маюць правы непасрэднага доступу (далучэння) да міжнародных сетак электрасувязі, а таксама ўпаўнаважаных пастаўшчыкоў паслугаў сеткі Інтэрнэт” будзе вызначаць ААЦ “па ўзгадненні з прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь”.

Дзейнасць правайдэра можа быць спыненая згодна з пастановай Савета Міністраў. У сферу ўплыву аператыўна-аналітычнага цэнтра таксама патрапіць забарона на доступ да інфармацыі, незаконнай паводле беларускага заканадаўства. І рэгістрацыя даменных імёнаў .by таксама будзе падкантрольная ААЦ.

Карыстальнікі сеткі таксама пападаюць пад кантроль. “Уласнікі пунктаў калектыўнага карыстання інтэрнэт-паслугамі альбо ўпаўнаважаныя імі асобы ажыццяўляюць ідэнтыфікацыю карыстальнікаў інтэрнэт-паслугаў у пунктах калектыўнага карыстання інтэрнэт-паслугамі… Звесткі аб абаненцкіх прыладах, персанальныя дадзеныя карыстальнікаў інтэрнэт-паслугаў, а таксама звесткі аб аказаных інтэрнэт-паслугах даюцца на запатрабаванне органаў, якія ажыццяўляюць аператыўна-вышуковую дзейнасць, органаў пракуратуры і папярэдняга даследвання”.

Таксама ўводзіцца і адказнасць за змест інфармацыі, што размяшчаецца у беларускай Інтэрнэт-прасторы. “Адказнасць за змест інфармацыі, што размяшчаецца (перадаецца) у нацыянальным сегменце сеткі Інтэрнэт, нясуць асобы, якія размясцілі (перадалі) гэтую інфармацыю, а за парушэнне патрабаванняў гэтага Указа, у тым ліку за невыкананне загада (патрабавання) адпаведнага органа, які выносіцца ў адпаведнасці з пунктам 11 гэтага Указа, – пастаўшчыкі інтэрнэт-паслугаў, уласнікі (упаўнаважаныя імі асобы) пунктаў калектыўнага карыстання інтэрнэт-паслугамі”.

“Беларусь – вораг Інтэрнэту”
Міжнародная арганізацыя “Рэпарцёры без межаў” ацэньвае прыняцце новага ўказу вельмі катэгарычна: як спробу ўвесці жорсткі кантроль над сецівам ды як пагаршэнне ў краіне сітуацыі са свабодай слова. “Такія метады выкарыстоўваюць і іншыя краіны. Калі паглядзець на спіс “ворагаў інтэрнэту”, складзены арганізатарамі “Рэпарцёры без межаў”, там можна знайсці такія краіны як Кітай, Бірма, В’етнам, Саудаўская Аравія, якія выкарыстоўваюць жорсткае фільтраванне інтэрнэту і сочаць за тым, што іх грамадзяне робяць он-лайн. Гэта крок, які ўзмацняе жорсткасць цэнзуры ў інтэрнэце ў Беларусі, адназначна залічвае краіну да ўзгаданага клубу “ворагаў інтэрнэту”. Гэта нельга назваць нечаканым. Лукашэнка раней заяўляў, што палітыка адносна інтэрнэту будзе абапірацца на кітайскую мадэль. І менавіта так ён і паступае”, – заявіла прадстаўніца арганізацыі Люсі Марыён.

Занепакоенасць указам выказваюць таксама і прадстаўнікі афіцыйных структураў ЕЗ. У Брусэлі адзначаюць, што галоўная мэта новага дакумента – павелічэнне кантролю і ціску на беларускую інтэрнэт-прастору. “Мы разглядаем гэтае пытанне як значны крок у няправільным напрамку. Мы спадзяемся, што беларускія ўлады яго перагледзяць”, – патлумачыў афіцыйную пазіцыю Лутц Гюльнэр, прэс-сакратар вярхоўнай прадстаўнічкі ЕЗ па знешніх сувязях і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан.

Шырокі рэзананс дадзеная падзея выклікала і ў самой краіне. У той час, як афіцыйныя дзяржаўныя СМІ спрабуюць апраўдаць указ, прадстаўнікі беларускага трэцяга сектара б’юць трывогу. 4 лютага у падтрымку свабоды Інтэрнэта ў Мінску была  праведзеная акцыя.

А вось як сітуацыю пракаментавала Жанна Літвіна, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў (на фота): “Сённяшняй падзеі папярэднічала <…> яўная апрацоўка грамадскай свядомасці з боку высокіх дзяржаўных чыноўнікаў. Мы неаднаразова чулі, што ўсё грамадства заклапочана абаронай маральнасці ад пагроз Інтэрнету. У той жа час, нас запэўнівалі, што дзяржава не будзе ўводзіць жорсткага кантролю і цэнзуры. І вось дакумент падпісаны. Пакуль што складана ацаніць магчымыя наступствы яго прыняцця, бо ўказ мусяць вывучыць спецыялісты. Але, магчыма, дапамагчы тут магла б паўнавартасная экспертыза міжнародных структур, напрыклад АБСЕ альбо Рады Еўропы”.

Нягледзячы на актыўную палеміку і заклапочанасць ЕЗ, указ падпісаны і пачне дзейнічаць з 1 ліпеня бягучага года. Пакуль што ён аддадзены на дапрацоўку ў Савет міністраў, у якіх з’явілася шырокае поле для творчасці.