Сваё бачанне 2009 года, галоўных яго вынікаў , а таксама прагнозы на наступны, 2010 год, нам прадстаўляюць прэзідэнт беларускага Дома правоў чалавека Барыс Звозскаў, намеснік прэдседацеля Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Аляксандраў і прэдседацель Беларускага Хельсінскага камітэта Алег Гулак.
Барыс Звозскаў: “Падставаў для аптымізму пакуль мала”
-Як прэзідэнт Дома правоў чалавека, што б Вы маглі адзначыць у якасці вынікаў 2009 года? Ці адбыліся якія-небудзь сур’ёзныя змены, як у працы Дома правоў чалавека, так і на беларускім палітычным ландшафце агулам?
-Калі агулам, я б сказаў, што год не быў простым. Не быў ён простым як для Беларусі, і, як вынік, для нас. Адбылося шмат зменаў – я зараз кажу пра заканадаўства ў першую чаргу – і, канешне ж, гэта адбіваецца і на нашай працы.
-Якія канкрэтныя змены Вы маеце на ўвазе?
-Як паказвае практыка, афіцыйная беларуская ўлада пакуль не робіць ніякіх рухаў у бок дэмакратызацыі. Па-першае, артыкул Крымінальнага Кодэксу 193.1. Гэты артыкул, які не ў лепшы бок вылучае нашую краіну з усяго рэгіёна, бо больш нідзе нямя такога глупства, працягвае існаваць. Тут парушаецца права асобы, і робіцца гэта дзяржавай. Вось уявіце сабе: у рэгіёне, якім-небудзь невялічкім горадзе людзі хочуць стварыць аб’яднанне аматараў персідскіх катоў, каб дзяліцца досведам, вазіць іх на выставы. Ну падабаюцца ім каты! Але пакуль не могуць зарэгістравацца. І дзяржава гэтую іх любоў да жывёлаў ставіць у адну катэгорыю з забойствамі, рабаваннямі, робячы гэтых людзей злачынцамі. І пакуль што гэты абсалютна ганебны артыкул існуе.
Далей. Вось не так даўно гэтыя гучныя навіны пра выкраданні моладзевых актывістаў. Па-першае, ва ўсіх экспертаў і праваабаронцаў ёсць вялікія сумневы наконт недачыняльнасці да гэтых фактаў дзяржаўных структур. Тым не менш, сцвярджаць нічога тут немагчыма. І гэта не галоўнае ў канкрэтнай дадзенай сітуацыі. А галоўнае то, што дзяржава не займаецца расследваннем гэтых фактаў! Хаця тут відавочна парушэнне правоў асобы на недатыкальнасць! Атрымліваецца, што дзяржава не можа гарантаваць бяспеку сваім грамадзянам.
Што яшчэ можна адзначыць? Дакцеласкапія. Калі раней такую працэдуру павінны былі праходзіць прадстаўнікі спецыфічных прафесій – як, напрыклад, пажарныя, і тут гэта цалкам абгрунтавана, то зараз дакцеласкапія стала абавязковай для ўсіх ваеннаабавязаных грамадзян Беларусі. А гэта не малая лічба. І такі факт не можа не насцярожваць праваабаронцаў.
Так што падставаў для аптымізму пакуль мала. Справа праваабаронцы не становіцца прасцей на Беларусі. Наадварот, працы становіцца ўсё больш.
-Ці азначае гэта, што беларускі Дом правоў чалавека стаў больш патрэбным і папулярным месцам?
– Я думаю, што можна так сказаць Гэта, дарэчы, пазітыўны вынік года для нас. У гэтым годзе мы ладзілі вельмі шмат канферэнцый, сустрэч. Я б сказаў, што сама нашая ўстанова – Дом правоў чалавека – становіцца больш вядомай і папулярнай. І гэта добрая тэндэнцыя. Так, за гэты год, Дом правоў чалавека наведала больш за 2000 чалавек – удзельнікі канферэнцый, семінараў. Пра нас ведаюць, з намі супрацоўнічаюць. Тут, канешне, мы ў спецыфічнай сітуацыі, таму што знаходзімся не ў Беларусі, а ў іншай дзяржаве. Таму беларускі грамадзянін не можа звяртацца наўпрост да нас. А тыя, хто прыяжджаюць, сутыкаюцца з візавымі праблемамі. Гэта таксама балючае пытанне, бо шмат для каго кошт у 60 еўра – не малы. І гэтае пытанне пакуль застаецца ў такім “падвешаным” стане.
Андрэй Аляксандраў: “Працаваць незалежным СМІ будзе яшчэ цяжэй”
– Скажыце, якія галоўныя вынікі года Вы маглі б адначыць у дачыненні да сітуацыі з беларускімі СМІ?
-Першае, аб чым трэба сказаць – гэта новы закон аб СМІ, які распачаў дзейнічаць у 2009 годзе. Гэты акт змяняе некаторыя істотныя аспекты працы журналістаў на Беларусі. З пункту гледжання незалежных экспертаў, закон значна абмяжоўвае як правы журналістаў, так і прынцыпы свабоды слова наогул. Зараз беларускія СМІ ўжо працуюць па ім. Наколькі я інфармаваны, плануецца ўвесці яшчэ адзін закон – рэгуляванне дзейнасці Інтэрнэт-сферы на Беларусі. Указа прэзідэнта яшчэ няма, але ён можа з’явіцца літаральна сёння-заўтра – у нашай краіне вельмі часта адмыслова робіцца так, каб якія-небудзь значныя змены прымаліся, напрыклад, перад святамі ці іншымі, больш буйнымі падзеямі. Гэта адцягвае ўвагу грамадства ад значнасці прымаемых законаў, актаў.
-Ці магчыма кантраляваць Інтэрнэт-сферу?
– Сам Інтэрнэт кантраляваць даволі складана, гэта ж стыхійная з’ява. Але можна кантраляваць людзей, якія з ім працуюць. І новы закон, калі ён будзе прыняты, будзе займацца менавіта гэтым. Таму, магчыма, будзе новая хваля рэпрэсій. Але пакуль сказаць цяжка.
-Што Вы можаце сказаць пра пазітыўныя моманты сыходзячага года? Ці ёсць яны?
-Так, яны ёсць. І звязаныя яны, у першую чаргу, не з унутранай палітыкай нашай дзяржавы, а са знешняй. Я б адзначыў тут, што многія выданні, якія раней былі загнаныя ў падполле, вярнуліся ў шапікі, больш-менш свабодна распаўсюджваюцца. Але, гэта, зноў жа, проста часовы ход. Што будзе далей – сказаць не возьмецца ніхто.
-Тым не менш, якім Вы бачыце наступны год? Якія прагнозы можаце зрабіць?
-Ну, па-першае, гэта закон пра Інтэрнэт, пра які я ўжо казаў. Калі ён будзе прыняты, а гэта хутчэй за ўсё так і адбудзецца, то паляпшэння сітуацыі са свабода слова на Беларусі чакаць не прыходзіцца. Сітуацыя, думаю, будзе яшчэ боль жорсткай. Па-другое, не так даўно новым міністрам інфармацыі стаў Алег Праляскоўскі. Асоба гэтая ўжо не раз дэманстравала свой аўтарытарызм і ідэалагічны закал. Тым больш, на наступны год выпадае адразу дзве выбарчыя кампаніі ў Беларусі. Думаю, у звязку з гэтым, працаваць незалежным СМІ будзе яшчэ цяжэй. Але галоўнае – што пакуль у нашай краіне ёсць і застаюцца людзі, якія, не гледзячы ні на што, працуюць за праўду, выконвыючы свой прафесійны абавязак.
Алег Гулак: “Людзі сталі менш баяцца”
-Якім 2009 год быў для беларускіх праваабаронцаў?
-Агулам, я б сказаў, што ніякіх пазітыўных тэндэнцый у 2009 годзе не адзначылася. Шматлікія арганізацыі, тая ж БХД, так і не былі зарэгістраваныя. Пазітыўных зрухаў пакуль асабліва не бачу. Таксама і артыкул 193.1, за адмену якога выступаем не толькі мы, але і міжнародныя суполкі, працягвае, на жаль, існаваць. Далей. Мяне, напрыклад, вельмі, занепакоіла сітуацыя з выкраданнем моладзевых актывістаў. Улады пакуль ігнаруюць гэтыя праблемы. Але тут, на мой погляд, вельмі цікавая асаблівасць: так, мы не прайшлі вялікі шлях да дэмакратычных прынцыпаў, па сутнасці год 2009 – таптанне на месцы, і зроблена не так шмат. Але калі глядзець па фактах, то год быў вельмі насычаны і дынамічны. Колькі падзеяў адбывалася на сацыяльна-палітычным ландшафце краіны, ўсё нават не узгадаеш!
-Ці значыць гэта, што беларуская грамадскасць паступова абуджаецца?
-Думаю, што так. Тут шмат што сыграла сваю ролю. Тое, што беларускія ўлады у 2009 годзе ўзялі курс на лібералізацыю, няхай і не зусім сапраўдную, дало некаторыя пазітыўныя вынікі. Палітвязні, напрыклад, былі вызваленыя. І сама гэтая лібералізацыя азначае тое, што ўлады прызнаюць еўрапейскія каштоўнасці, у тым ліку і правы чалавека. Тое, што надае мне аптымізму – людзі сталі менш баяцца. Магчыма, усе проста ўжо стаміліся ад страху. Гэта самы лепшы вынік года для нас, на маю думку!
-Якім Вы чакаеце наступны, 2010 год?
-Ведаю, што будзе шмат працы. 2010 год будзе багаты на палітычныя падзеі, у першую чаргу гэта звязана з выбарчымі кампаніямі. Так што будзе адбывацца актывізацыя грамадства на ўсіх узроўнях, і, зразумела ж, гэта кранецца нас як праваабаронцаў. Таму чакаем багаты на падзеі, насычаны, хаця, магчыма, і не просты год.